Top.Mail.Ru

Ёлка ў родных традыцыях. Святочная творчая акцыя стартуе ў Гродзенскай вобласці 25 лістапада

Святочны арт-праект «Новы год з традыцыямі» стартуе з 25 лістапада ў Гродзенскай вобласці, паведамляе БелТА.


Творчы праект, які арганізуе Гродзенскі АМЦНТ, аб’яднае народных майстроў з усёй вобласці. Умельцы ўпрыгожаць навагоднія ёлкі самымі разнастайнымі цацкамі і дэкорам ручной работы. 

«Сёння такія рэчы на піку папулярнасці. Усё, што нясе ў сабе цеплыню рук майстра, стварае ўнікальную атмасферу і шануецца асабліва. Менавіта так і будуць выглядаць ёлкі, упрыгожаныя мясцовымі майстрамі, унікальныя і разам з тым усе ў нашых родных традыцыях», — растлумачыла намеснік дырэктара цэнтра Наталля Рамановіч. 

Арт-праект будзе працягвацца з 25 лістапада па 13 студзеня. Выставы пройдуць у кожным раёне, а папярэднічаць ім будзе акцыя «Упрыгожым ёлку разам» у Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. 

Як запэўніваюць арганізатары, такога святочнага дэкору вы не ўбачыце больш нідзе. Цацкі з дрэва, тэкстылю, гліны, саломкі. Упрыгожванні вязаныя і вышытыя, распісаныя ўручную і выразаныя з паперы. Зоркі, анёлкі, лялькі, ліхтарыкі, калядныя персанажы — і ўсё гэта ў традыцыйным беларускім стылі.

Калекцыю тэматычных выцінанак-выбіванак прадставіць народны майстар з Навагрудка. Знаёмымі з дзяцінства ўзорамі папяровых сняжынак зачаруе наваградская традыцыя, якая мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Для ахвотных правядуць майстар-класы. Таксама гасцям пакажуць спектакль «Цар Ірад» тэатра «Батлейка» гродзенскага цэнтра рамёстваў «Спадчына».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю