Top.Mail.Ru
300

Электронная бібліятэка і софт для галіны: Гігін аб планах Нацыянальнай бібліятэкі

У якіх напрамках плануе развівацца Нацыянальная бібліятэка Беларусі, расказаў генеральны дырэктар установы Вадзім Гігін у эфіры тэлеканала «РТР Беларусь», паведаміла БелТА.


Вадзім Гігін нагадаў, што ў Нацыянальнай бібліятэцы актыўна займаюцца пераводам у лічбавы фармат наяўных кніг. «У нас ёсць электронная бібліятэка Нацыянальнай бібліятэкі. Цяпер мы завяршаем праект па стварэнні нацыянальнай электроннай бібліятэкі, але гэта не зусім тое ж самае. Гэта стварэнне зручнага праграмнага софту для работы бібліятэчнай галіны, нешта накшталт электроннага ўрада, каб усе працэсы ў нас былі алічбаваныя. Цяпер алічбавана амаль 800 тыс. дакументаў. І амаль 30 тыс. даступны «дыстанцыйна». Таму Нацыянальная бібліятэка — гэта не проста прыгожы будынак, але яшчэ і вельмі прыгожае напаўненне», — расказаў ён.

Гаворачы пра планы, гендырэктар растлумачыў, што адной з мэт з’яўляецца развіццё Кніжнай палаты, якая далучана да бібліятэкі. «Кніжная палата — гэта рэгуляванне ўсёй нацыянальнай бібліяграфіі, узаемадзеянне з выдавецтвамі. Мы адкрылі, развілі ў сябе ўласнае выдавецтва. Цяпер будзе кніжная выстава, бібліятэка будзе там прадстаўлена вельмі ярка. Мы таксама правядзём рэспубліканскую бібліятэчную нараду. Але і кнігі, якія мы выдаём, ужо на мінулай выставе атрымалі прызы, дыпломы першай ступені. Наша выданне — гэта «Газетныя радкі, чытаючы сэрцам», 1944 і 1945 год. Дзе адлюстроўвалася рэчаіснасць гісторыі? Яна адлюстроўвалася ў газетах. Мы сабралі газеты за год вызвалення Беларусі, за год Вялікай Перамогі 1945-га. Людзі адкрываюць кнігу і не могуць адарвацца, таму што там і навіны з фронту — у толькі што вызваленым Полацку адкрыўся кінатэатр, там з эвакуацыі вяртаюцца заводы, першыя рабочыя прыязджаюць на пляцоўкі, навіны з калгасаў. Немагчыма адарвацца — усё жыццё 80-гадовай даўнасці праходзіць перад табой», — расказаў ён.

Акрамя таго, сёлета 20 гадоў спаўняецца будынку Нацыянальнай бібліятэкі. «У чэрвені 2006 года Прэзідэнт адкрыў, яму быў уручаны ўрачысты ключ ад бібліятэкі. У 2006 годзе алмаз ведаў уступіў у строй. Гэта адзін з сімвалаў суверэннай Беларусі. Мы таксама рыхтуем выставы. З чаго толькі людзі не рабілі макеты бібліятэкі — з калійнай солі, з шакаладу, з пап’е-машэ, з саломкі. Мы хочам гэта ўсё сабраць, выставіць і паказаць, як наш ромбакубаактаэдр паказаны ў народнай творчасці», — дадаў Вадзім Гігін.

Гендырэктар таксама адзначыў, што самыя частыя госці бібліятэкі — студэнты. Але сярод наведвальнікаў шмат работнікаў навуковай галіны і замежных грамадзян, асабліва кітайцаў.

Акрамя ведаў, Нацыянальная бібліятэка прапануе экскурсійна-турыстычныя паслугі. «Гэта не толькі аглядная пляцоўка, але і нашы музеі. Усё больш экскурсантаў прыходзіць у бібліятэку», — падкрэсліў Вадзім Гігін.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю