Top.Mail.Ru
189

Электразарадных станцый у краіне праз пяць гадоў стане на 16 тысяч больш

Энергія нашага часу

Беларусь і Расія да канца года падпішуць рамачнае пагадненне аб будаўніцтве 3-га энергаблока Беларускай АЭС. Станцыя ўжо выпрацавала каля 17 мільярдаў кілават-гадзін электраэнергіі, а доля атамнай энергіі ў структуры спажывання электрычнасці ў краіне дасягнула 40 %, паведамляе news.by.

Акрамя таго, атамная станцыя дае сінергетычны эфект не толькі для энергетыкаў, але і для сумежных галін, пры гэтым расце і нагрузка на сеткі. Планава заняцца іх мадэрнізацыяй ураду даручыў Прэзідэнт Беларусі. Аб’ёмы ўжо падлічаныя.

Істотны рост спажывання электраэнергіі забяспечылі тыя, хто перавёў ацяпленне і падагрэў вады ў сваіх дамах на электрычнасць. Зарадка электратранспарту вырасла амаль у 2,5 раза. Такі сегмент АПК, як цяпліцы з дасветкай, павялічылі спажыванне на 17 %.

Попыт на кілаваты будзе расці. Электрычнасць паступова адваёўвае пазіцыі ў газу. Аб’ём яго спажывання скараціўся на 4,5 % за мінулы год. Пра гэта гаварылі на выніковай калегіі ведамства, якая прайшла днямі ў Мінску.

Не адмаўляемся і ад мясцовых відаў паліва. Мадэрнізуем тарфяную прамысловасць. Ёсць попыт і на ўнутраным, і на знешнім рынках. Торф — не толькі паліва. З яго атрымліваем і харчовую дабаўку для жывёлагадоўлі, і арганамінеральныя ўгнаенні для ўрадлівасці зямель. Цікавасць ужо ёсць і на экспартных рынках. Але, вяртаючыся да нашага попыту на электраэнергію, пастанова аб будаўніцтве 3-га энергаблока БелАЭС прынятая. Да канца 2026 года Беларусь і Расія падпішуць і пагадненне.

— У цяперашні момант паміж Міністэрствам энергетыкі і дзяржкарпарацыяй «Расатам» створана міжведамасная рабочая група па фарміраванні рамачнага пагаднення аб будаўніцтве трэцяга блока на пляцоўцы Беларускай атамнай электрастанцыі. Вядзецца работа па падрыхтоўцы гэтага рамачнага пагаднення. Мы прадугледжваем такія тэхнічныя параметры гэтага блока, як поўная копія тых блокаў, якія ўстаноўлены на беларускай атамнай электрастанцыі. Гэта значыць, што магутнасць гэтага блока будзе складаць 1,2 тысячы мегават. Параметры блока будуць у значнай ступені вызначацца тым, як будуць развівацца энергетычны сектар у Рэспубліцы Беларусь, прамысловасць, якія тэмпы спажывання электрычнай энергіі будуць суправаджацца. Абсалютна перакананы, што ў найбліжэйшы час мы выйдзем на пэўныя дамоўленасці па рамачным гэтым пагадненні, якое будзе падпісана на высокім узроўні, — паведаміў міністр энергетыкі Дзяніс Мароз.

Абмяркоўваем і другую станцыю. Перспектыўная пляцоўка для яе — Магілёўская вобласць. А дзеючая АЭС ужо выпрацавала 17 мільярдаў кілават-гадзін электраэнергіі. На нарадзе, дзе Саўмін даваў справаздачу аб рабоце за мінулы год, Прэзідэнт даручыў ураду планава заняцца мадэрнізацыяй, каб сітуацыя з прарывам цеплатрасы, як цяперашняй зімой у Мінску, не паўтарылася. Электрасеткавая інфраструктура вытрымлівала б запыт ад прыватных дамоў на электраацяпленне. Мадэрнізацыя ідзе паступова. За 5 гадоў абнавілі больш за 12,5 тысячы км электрасетак. У выніку больш за 1,6 тысячы чалавек атрымліваюць цяпло і гарачую ваду праз кілаваты.

— У канцы мінулага года была прынята дзяржаўная праграма «Устойлівая энергетыка і энергаэфектыўнасць», якой прадугледжаны паўтараразовы рост аб’ёмаў рэканструкцыі электрасеткавай інфраструктуры. На наступную пяцігодку мы разлічваем рэканструяваць парадку 18,5 тысячы км электрычных сетак. Усё гэта накіравана на тое, каб задаволіць патрэбы насельніцтва і рэальнага сектара ў запатрабаванай электрычнай энергіі. Вядома, не забываем і пра цеплавыя сеткі. Падчас рэканструкцыі вырабляецца замена старых труб на сучасныя, папярэдне ізаляваныя трубы, якія валодаюць лепшымі паказчыкамі па энергаэфектыўнасці. Гэта дазваляе паступова павышаць эфектыўнасць транспарціроўкі цеплавой энергіі. У выніку рэканструкцый, якія былі праведзены летась, страты цеплавой энергіі ў цеплавой сетцы знізіліся да 6,76 %, — адзначыў Дзяніс Мароз.

Дзе яшчэ высокія нагрузкі, дык гэта на зарадных станцыях, пры тым што электрамабілі зараджаюць яшчэ і ад бытавой сеткі. Энергетыкі ацэньваюць іх спажыванне ў цэлым не менш чым 200 мільёнаў кілават-гадзін.

Электразарадных станцый праз пяць гадоў стане на 16 тысяч больш. Цяпер іх 2,1 тысячы. Нядзіўна, што кіроўцам даводзіцца часам стаяць у чарзе. У краіне бурны рост электракараў (за два гады колькасць вырасла ў чатыры разы). Цяпер на дарогах ездзіць больш за 50 тысяч машын на зялёных нумарах, іх колькасць будзе расці.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю