З 2026 года ў Беларусі і краінах ЕАЭС уступаюць у сілу важныя змены, якія стымулююць развіццё рынку электрамабіляў. Асноўныя навіны ўключаюць бяспошлінны ўвоз сёлета «чыстых» электрамабіляў у нашу краіну, адмену льгот для гібрыдаў. Нагадаем: у снежні Беларусь атрымала квоту на бяспошлінны ўвоз 20 тысяч электрамабіляў у 2026-м. Гэта на 5 тысяч больш, чым летась. Аднак калі раней у ліміт уваходзілі і паслядоўныя гібрыды, то цяпер ільгота распаўсюджваецца выключна на машыны з цалкам электрычным прывадам. Любыя гібрыдныя мадэлі (незалежна ад тыпу ўстаноўкі) з праграмы выключаны. Што яшчэ змяняецца ў заканадаўстве аб увозе транспартных сродкаў і як гэта паўплывае на аўтамабільны рынак Беларусі, расказалі спецыялісты.
Гібрыды губляюць прэферэнцыі
Як паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення тарыфнага і нетарыфнага рэгулявання Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый ПАДРЭЗ, летась па ініцыятыўнай прапанове ведамства рашэннем Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі былі ўнесены змяненні ў адзіную таварную інфраструктуру знешнеэканамічнай дзейнасці ЕАЭС. У выніку была выдзелена новая пазіцыя для легкавых аўтамабіляў, абсталяваных выключна электрарухавікамі. Гэтыя змены знайшлі адлюстраванне як у нацыянальным, так і наднацыянальным заканадаўстве. Цяпер прымяняецца выразны падзел на «чыстыя» электрамабілі і так званыя гібрыды, і ў дачыненні да іх выкарыстоўваюцца розныя падыходы пры падаткаабкладанні. Так, рашэннем Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі ад 5 снежня мінулага года ўнесены змяненні, якія вызначаюць стаўкі мытных пошлін адносна тавараў асабістага карыстання і тых, што ўвозяцца для гандлёвага абароту.
— Змяненні прадугледжваюць, што з 22 студзеня і да канца гэтага года юрыдычным і фізічным асобам Рэспублікі Беларусь будзе давацца льгота па аплаце мытнай пошліны пры ўвозе менавіта ў катэгорыі «чыстых» электрамабіляў, абсталяваных выключна электрычным рухавіком. Адносна так званых паслядоўных гібрыдаў, якія летась яшчэ класіфікаваліся ў адной таварнай пазіцыі з «электрычкамі», з гэтага года прымяняецца стаўка ўвазной мытнай пошліны ў 15 %, у той час як у мінулым годзе была магчымасць прымянення льготы па гэтым плацяжы, — адзначыў Юрый Падрэз.
Ён звярнуў увагу, што ўнесены змяненні ва Указ ад 12 сакавіка 2020 года «Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў».
- З 1 студзеня бягучага года адносна электрамабіляў, аснашчаных толькі электрарухавікамі, з даты выпуску якіх прайшло не больш за 5 гадоў, пры ўвозе юрыдычнымі асобамі прымяняецца льгота па аплаце ўвазной мытнай пошліны, а пры ўвозе фізічнымі асобамі прымяняецца нулявая стаўка ПДВ. Пры гэтым калі норма па вызваленні ад мытнай пошліны для фізічных асоб і ад падатку, згодна з рашэннямі Савета ЕАЭС, дзейнічае да канца бягучага года, то льгота па падатку на дабаўленую вартасць, вызначаная ўказам Прэзідэнта, дзейнічае да канца 2028 года.
Акрамя таго, Юрый Падрэз звярнуў увагу, што электрамабілі, якія афармляюцца з прадстаўленнем ільгот у адпаведнасці з рашэннямі Савета ЕАЭС, могуць выкарыстоўвацца толькі грамадзянамі Беларусі, Кыргызстана і Арменіі. Такім чынам, забаронена іх перадача асобам Расіі і Казахстана.
Пры гэтым абмежаванні ў дачыненні да юрыдычных асоб дзейнічаюць на працягу 5 гадоў з моманту афармлення, а ў адносінах да фізічных асоб — на працягу 3 гадоў з моманту падачы пасажырскай мытнай дэкларацыі.
— Магчымасць прымянення вызвалення па падатку на дабаўленую вартасць як юрыдычнымі, так і фізічнымі асобамі, згодна з указамі Прэзідэнта, не абцяжарана якімі-небудзь абмежаваннямі, і суб’ект або грамадзянін можа выкарыстоўваць такія транспартныя сродкі без абмежаванняў, — падкрэсліў Юрый Падрэз.
Такім чынам, увозіць паслядоўныя гібрыды ў Беларусь з бягучага года стала эканамічна немэтазгодна як для прыватных пакупнікоў, так і для юрыдычных асоб, калі толькі яны не гатовы ўзяць на сябе дадатковыя расходы.
Новае ва ўтыльзборы
Ёсць змяненні ў заканадаўстве і адносна ўтылізацыйнага збору, які спаганяецца мытнымі органамі пры ўвозе транспартных сродкаў у нашу краіну. У адносінах да гэтага плацяжу асобнае вызваленне ад выплаты прадугледжана як Падатковым кодэксам, так і Указам Прэзідэнта № 155, згодна з якім вызваляліся ад гэтых збораў пэўныя катэгорыі транспартных сродкаў, якія ўвозяцца, для выкарыстання ў далейшай міжнароднай перавозцы. Для магчымасці будучага выкарыстання без выплаты ўтылізацыйнага збору наступнымі пакупнікамі такіх сродкаў (а яны могуць быць праведзены ў рамках унутранага гандлю ў іншыя краіны ЕС і назад завозіцца ў Беларусь) былі ўнесены змяненні ў Падатковы кодэкс. З 1 ліпеня бягучага года прадугледжана неабходнасць прадстаўлення разліку на выплату ўтылізацыйнага збору ў мытныя органы пры ўвозе транспартных сродкаў, якія вызваляюцца ад выплат утылізацыйнага збору. Раней такога абавязку не было і, адпаведна, такія дакументы ў мытню не падаваліся, што цяпер (пасля 1 ліпеня) можа стварыць пэўныя складанасці ў пацвярджэнні наступнымі ўладальнікамі магчымасцяў не выплачваць утылізацыйны збор. Акрамя гэтага, Падатковым кодэксам вызначана новая катэгорыя тавараў, якія абкладаюцца ўтылізацыйным зборам пры ўвозе, — гэта шасі. У цяперашні час стаўкі адносна гэтай катэгорыі тавараў вызначаюцца і пакуль не ўведзены.
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення метадалогіі падаткаабкладання Міністэрства па падатках і зборах Святлана НОВІКАВА пракаменціравала новаўвядзенні, якія знайшлі адлюстраванне ва Указе Прэзідэнта № 428. Ім былі ўнесены карэкціроўкі ва Указ № 92 «Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў», якім устанаўлівалася вызваленне ад падатку на дабаўленую вартасць пры ўвозе электрамабіляў і пры іх рэалізацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Па Указе № 92 ільгота па падатку на дабаўленую вартасць мела абмежаваны перыяд: тэрмін яе дзеяння заканчваўся 3 снежня 2025 года. Указ № 428 прадоўжыў тэрмін дзеяння льготы яшчэ на 3 гады — да снежня 2028-га. Яго нормы распаўсюджваюцца пры ўвозе электрамабіляў на тэрыторыю Беларусі як з краін — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза, так і з дзяржаў, да якіх прымяняецца мытны кантроль і мытнае афармленне. Таксама прадоўжана дзеянне льготы пры рэалізацыі і тых электрамабіляў, што імпартаваны на нашу тэрыторыю, і тых, што выраблены ў Беларусі, пры іх рэалізацыі на тэрыторыі нашай краіны.
Алена КРАВЕЦ