Столінскі і Лунінецкі раёны суседнічаюць. Але многія элементы традыцыйнай народнай культуры, якая каранямі ідзе ў глыб вякоў, адрозніваюцца, што сведчыць аб духоўным багацці продкаў. Па касцюме, галаўным уборы, посцілках і ручніках можна пазнаць куток, у якім жыла і працавала майстрыха-гаспадыня.
У апошнім яшчэ раз упэўніліся наведвальнікі філіяла Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея — мастацкага музея, які прэзентаваў чарговую выставу праекта «Брэстчына этнаграфічная».
На Століншчыне і Лунінеччыне захаваліся не толькі арыгінальныя касцюмы, але і абрады, якія занесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны нашай краіны. Гэта «Конікі» і «Ваджэнне Куста». Кожны з раёнаў мае свае адметныя рамёствы, касцюмы, посцілкі, ручнікі. Прыклады вырабаў прадэманстравалі і расказалі пра іх навуковыя супрацоўнікі музея. Не раз падчас прэзентацыі аўтары выставы звярталіся да здымкаў Ісака Сербава, вядомага беларускага этнографа. Дзякуючы яго рабоце мы можам дакладна ведаць многія асаблівасці і касцюма, і рамёстваў, і звычак людзей, якія жылі стагоддзе таму ў тым ліку і на ўсходнім Палессі. Здымкі этнографа дапамаглі зладзіць і гэтую выставу.
Навуковы супрацоўнік Ганна Дабравольская звярнула ўвагу на строй замужняй жанчыны з Лунінеччыны. У ім абавязкова выкарыстоўваліся два віды вышыўкі — крыжыкам і процягам. Таксама і фартухі з гэтага краю адрозніваюцца вытанчанасцю дэкору: яны шыліся з трох кавалачкаў тканіны і ўпрыгожваліся росшыўкай. І калі ў гэтай мясцовасці касцюм шылі абавязкова са сваёй ільняной тканіны, то на Століншчыне ў ХХ стагоддзі ў справе стварэння касцюма папулярнасць набывае сімбіёз сваёй тканіны з крамнай. Столінскія модніцы шыюць сукенкі і фартухі з атласных адрэзаў яркіх колераў. Звычайна гаспадыня мела цэлую калекцыю фартушкоў, на кожнае свята надзявалі розныя: ружовы — на Вялікдзень, зялёны — на Тройцу. Вось такую калекцыю-знаходку прывезлі музейныя работнікі з этнаграфічнай экспедыцыі ў Давыд-Гарадок у 2008 годзе.
Асобным раздзелам ідуць галаўныя ўборы палескіх жанчын. Іх называлі наміткамі. Паводле сведчання Ісака Сербава, жанчыне патрабавалася тры-чатыры хвіліны, каб закруціць гэты мудрагелісты ўбор на галаве. Потым яго можна было зняць і надзяваць на наступны дзень ужо як шапку. У 1991 годзе жыхарка вёскі Язвінкі Лунінецкага раёна апісала спосаб адзявання наміткі. А на Століншчыне музейшчыкам пашанцавала знайсці ўзор галаўнога ўбору мяшчанкі. Гэтая намітка даўжэйшая і шырэйшая за лунінецкую, яна празрыстая, амаль як марля. Цікава, што столінская мяшчанка падкрэслівала намітку хусткай, якая падвязвалася пад падбародкам. Мяшчанка яшчэ насіла ўпрыгажэнні — маністы. Гэтыя пацеркі адзявалі разам з крыжам. Чаму? Лічылася, што такога роду ўпрыгажэнні прывабліваюць нячысціка, а каб нейтралізаваць яго — трэба насіць крыж. Таму жанчыны насілі наверх адзін, а то і два крыжы, якія былі неад’емнай часткай касцюма. А яшчэ кабета часта надзявала пояс — элемент, які ў некаторых мясцовасцях быў толькі мужчынскім атрыбутам.
На выставе багата прадстаўлена жаночых безрукавак, якія ў адной мясцовасці называлі кабат, а ў іншых — гарсэт. І нават па такой невялікай дэталі гардэроба можна было меркаваць пра дастатак жанчыны, яе сямейнае становішча.
Кожнаму турысту на Століншчыне найперш раскажуць пра спрадвечнае рамяство тутэйшых людзей — ганчарства. Сталіцай ганчароў рэгіёна з’яўляецца вёска Гарадная. На выставе ёсць гаршчкі, эксклюзіўныя гараднянскія «мамзелькі» і міскі розных памераў. Расказалі цікавы факт. Калі да адной дзяўчыны з гэтай мясцовасці праяўлялі інтарэс некалькі патэнцыяльных жаніхоў, то яна ладзіла свайго роду агледзіны: высвятляла, хто з іх за меншы час зробіць больш прыгожую, роўную міску. Апошняе азначала, што хлопец — майстар, сям’я яго будзе з дастаткам. Такому і аддавалася перавага.
А яшчэ арыгінальным экспанатам праекта сталі давыд-гарадоцкія «цікеткі». Такога вырабу дакладна не было больш нідзе ў Беларусі. Гараджане многія гады славіліся гандлем насення. Каб прадстаўляць сваю прадукцыю на рынках вялікіх гарадоў, выраблялі этыкеткі — таблічкі з фанеры, на якіх малявалася расліна, пісалася назва. «Цікеткі» рабілі невялічкія для зручнасці. Цяпер іх можна сустрэць толькі ў музеях.
Праект «Брэстчына этнаграфічная» стартаваў у мастацкім музеі два гады таму. Як сказала намеснік дырэктара Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея па навуковай рабоце Вольга Новікава, яго арганізатары паставілі мэтай паказаць асаблівасці ўсіх раёнаў вобласці: «Праект накіраваны на знаёмства з нашай традыцыйнай культурай, яе папулярызацыю і захаванне. Раней наведвальнікі ўжо паглядзелі этнаграфічныя „разыначкі“ сямі раёнаў. А Лунінецкі і Столінскі раёны вельмі адрозніваюцца ад іншых рэгіёнаў. І сённяшнюю выставу можна назваць выставай экзотыкі Палесся».
Фота аўтара