Top.Mail.Ru

Экзамены па прадметах у наступным годзе будуць праходзіць з 26 мая да 5 чэрвеня

Міністэрства адукацыі адпаведнай пастановай зацвердзіла графік правядзення ЦТ. У адукацыйным ведамстве праінфармавалі аб асноўных датах правядзення экзаменаў. Такім чынам, 29 мая абітурыенты будуць здаваць беларускую і рускую мовы. 26 мая і 5 чэрвеня — чарга па грамадазнаўства, хімію, фізіку, гісторыю Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі. Матэматыку, біялогію, геаграфію, замежную мову (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) абітурыенты будуць здаваць 26 мая і 2 чэрвеня.


Як і ў папярэднія гады, для тых, хто па ўважлівых прычынах не змог здаць экзамен у асноўныя дні, прадугледжаны рэзервовыя: 18 чэрвеня пройдзе тэсціраванне па ўсіх прадметах, 20 чэрвеня — тэсціраванне па ўсіх прадметах, акрамя беларускай і рускай моў, а 22 чэрвеня будзе праведзена паўторнае тэсціраванне па беларускай і рускай мовах. 

У Мінадукацыі падкрэслілі, што час пачатку экзаменаў застаецца нязменным, у тым ліку і ў рэзервовыя дні — 11:00.

У пастанове таксама зацверджаны пералік пунктаў правядзення тэсціравання і рэгістрацыі — у ім 40 пазіцый. Установы адукацыі, у якіх будзе праходзіць рэгістрацыя і ЦТ, размешчаны ў буйных раённых і абласных цэнтрах, а таксама ў сталіцы. Вызначаны і 6 ВНУ — па адной у кожнай вобласці, дзе запланавана цэнтралізаванае тэсціраванне ў рэзервовыя дні.

Рэгістрацыя на асноўныя дні ЦТ — з 9 да 22 красавіка, на рэзервовыя — з 8 да 11 чэрвеня. Пункты рэгістрацыі будуць працаваць з 9:00 да 19:00 у будні, а па суботах (11 і 18 красавіка) — з 9:00 да 18:00.

У дакуменце рэгламентуюцца і патрабаванні да арганізацыі пунктаў рэгістрацыі і аўдыторый (памяшканняў) для правядзення ЦТ. Размеркаванне абітурыентаў па аўдыторыях — на аснове выпадковага выбару. Сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання можна будзе атрымаць з 1 ліпеня 2026 года.

Стала вядома, у якія месяцы будзе праводзіцца рэпетыцыйнае тэсціраванне па 14 вучэбных прадметах за курс агульнай сярэдняй адукацыі для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання 2026 года.

У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў паведамілі, што рэпетыцыя праверкі ведаў пройдзе ў тры этапы:

І этап — кастрычнік—снежань 2025 года;

ІІ этап — студзень—люты 2026 года;

ІІІ этап — сакавік—красавік 2026 года.

Там жа інфармавалі, што пералік устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь, на базе якіх можна прайсці рэпетыцыйнае тэсціраванне, будзе вядомы пасля заключэння з імі дагавораў. Кожны пункт вызначае свой графік правядзення і колькасць удзельнікаў рэпетыцыйнага тэсціравання па вучэбных прадметах. Інфармацыя аб гэтым будзе надрукавана.

Алена ВІНАГРАДАВА 

Чытайце таксама: Кожны навучэнец мае роўны доступ да якаснай адукацыі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю