Паводле аператыўных даных на 11 жніўня, з палёў краіны намалочана 5 мільёнаў 321 тысяча тон збожжа разам з рапсам, паведамляе Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Тры вобласці — Брэсцкая Мінская і Гродзенская — перасягнулі рубеж у мільён тон напярэдадні. Унёсак кожнага рэгіёна ў агульны каравай выглядае наступным чынам: Брэстчына — 1360 тысяч тон, Міншчына — 1171 тысяча тон, Гродзеншчына — 1111 тысяч тон, Гомельшчына — 631 тысяча тон, Магілёўшчына — 619 тысяч тон, Віцебшчына — 429 тысяч тон. Збожжавыя і зернебабовыя культуры без кукурузы, грэчкі і проса ўбраны з 54 % плошчаў, што складае 1 мільён 72 тысячы гектараў.
Пастаўлена ў лік дзяржзаказу: харчовага збожжа — 176 тысяч тон (25 працэнтаў ад плана), алейнага насення рапсу — 210 тысяч тон (больш за 87 працэнтаў ад плана). Выцераблена лёну на 29 тысячах гектараў, што складае 60 працэнтаў запланаваных плошчаў. Скошана траў другога ўкосу на плошчы 895 тысяч гектараў — 85 працэнтаў плана. Нарыхтавана сена 326 тысяч тон (45 працэнтаў плана); сенажу — 11 мільёнаў 516 тысяч тон (83 працэнты плана), у тым ліку ў палімернай упакоўцы — 364 тысячы тон. Травяных кармоў нарыхтавана 3 мільёны 497 тысяч тон — 35 працэнтаў плана.
Брэстчына задае тон
Першымі знакавай адзнакі на жніве дасягнулі аграрыі Брэстчыны. Гаспадаркі паўднёва-заходняга рэгіёна намалацілі мільён тон збожжа яшчэ 7 жніўня. Усяго ў вобласці збожжавымі і зернебабовымі культурамі (без кукурузы, грэчкі і проса) для ўборкі было занята 330,6 тысячы гектараў.
Ужо на наступны дзень каравай ад хлебаробаў Брэсцкай вобласці прыехаў у Палац Незалежнасці. Тэматычны «экспанат» — з упрыгажэннямі ў выглядзе млына і каласоў, выявамі легендарных насельнікаў Белавежскай пушчы і надпісам «1 000 000 тон» — спяклі майстрыхі ААТ «Берасцейскі пекар»
Ёсць у рэгіёне і ўласныя рэкорды. У Іванаўскім раёне 10 жніўня зафіксаваны першыя ў мясцовай гісторыі 100 тысяч тон збожжа — на раніцу 11 жніўня было ўжо амаль 102 тысячы тон. Аграрыі ўбралі 91,1 працэнта плошчаў збожжавых і зернебабовых культур, ім засталося абмалаціць менш як 2 тысячы гектараў.
«Думаю, канчаткова ў нас будзе ў раёне 108 тысяч тон збожжа пры ўраджайнасці 50 ц/га, — цытуе БелТА старшыню Іванаўскага райвыканкама Анатоля ТКАЧУКА. — Гэта значна больш за мінулы год. Практычна ўсе гаспадаркі павялічылі як валавыя паказчыкі, так і ўраджайнасць. Вядома, вельмі моцна перажывалі вясной. Працавалі дастаткова сур’ёзна з мінеральнымі ўгнаеннямі, са сродкамі абароны. Уборка праходзіць у сціслыя тэрміны, з добрай якасцю. Усе гэтыя складнікі далі выдатны вынік для Іванаўшчыны. У нас невялікі раён, і мець такія лічбы прыемна і ганарова», — падкрэсліў старшыня. У мінулым годзе было сабрана 84,5 тысячы тон пры ўраджайнасці 37,5 ц/га.
У Брэсцкай вобласці чатыры раёны намалацілі больш за 100 тысяч тон збожжа: Пружанскі, Камянецкі, Баранавіцкі і Іванаўскі. У рэгіёне ўбралі амаль 80 працэнтаў плошчаў збожжавых і зернебабовых культур. Сярэдняя ўраджайнасць — 45,8 ц/га. Жніво завяршылі 33 гаспадаркі вобласці.
Тым часам на Брэстчыне пачалі сяўбу азімага рапсу. Плошча культуры складзе 72,4 тысячы гектараў. Гэта на дзве тысячы больш за 2024 год. Уборка сёлетняга азімага рапсу, на ўраджай якога адмоўна паўплывалі вясновыя замаразкі, практычна завершана. Намалацілі каля 165 тысяч тон. Ураджайнасць па вобласці — 26,1 ц/га.
Гонар за працу
Праз два дні, 9 жніўня, рубеж у мільён тон збожжа пераадолелі аграрыі Гродзенскай вобласці. Урачыстая цырымонія, якая абазначыла гэту падзею, адбылася ў Бераставіцкім раёне. Словы падзякі хлебаробам выказалі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Канстанцін Бурак, першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрый Валяваты.
Цырымонія перадачы сімвалічнага снапа адбылася ў полі паблізу вёскі Князевічы. Важнай часткай свята стала ўшанаванне працаўнікоў РУСП «Масаляны», чый унёсак стаў вырашальным у дасягненні адзнакі аднаго мільёна тон.
Галоўнымі ўдзельнікамі ўрачыстасці сталі трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, камбайнер Іван Кардаш, вадзіцель Рамзіль Зайнулін і трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, прасаўшчык Юрый Калюта.
— З 2005 года я працую ў сельскай гаспадарцы. Пачынаў у родным Свіслацкім раёне, але потым мы з жонкай пераехалі ў Бераставіцкі. Уборачная кампанія праходзіць нармальна, хаця надвор’е ўносіць свае карэктывы і не дазваляе працаваць на поўную сілу. Мяне вабіць гэта работа, таму я працягваю працаваць. Мой бацька таксама быў механізатарам, і гэта справа стала для мяне звыклай. Вядома, праца ў сельскай гаспадарцы няпростая, але гэта ўжо справа прывычкі, — падзяліўся Юрый Калюта
Кожны з хлебаробаў адзначыў, што ганарыцца сваёй працай і рады быць датычным да такой важнай справы, як уборка.
— Дзесяць гадоў работы ў сельскай гаспадарцы. Да таго, як прыйсці ў «Масаляны», я працаваў у «Пагранічным». Мае бацькі былі звязаныя з сельскай гаспадаркай: мама працавала даяркай, а тата — трактарыстам. Я вырашыў пайсці па шляху бацькі. Мне гэта падабалася. Цяпер я працую на камбайне, гэта ўжо мая трэцяя ўборачная кампанія. Я ўжо вопытны работнік, у мяне набіта рука. Але ўмовы надвор’я не заўсёды дазваляюць шчыраваць на поўную сілу. Хацелася б працаваць хутчэй і болей. Я ганаруся тым, што таксама ўдзельнічаю ў зборы ўраджаю, які забяспечвае нашых людзей хлебам, — адзначыў Іван Кардаш.
На палях Беларусі працуюць людзі з розных куточкаў свету. І ўсім тут рады!
— Я родам з Татарстана, і ў маёй сям’і ніхто не займаўся сельскай гаспадаркай. Я быў першы. У 1985 годзе я прыехаў у Беларусь, адслужыў у войску, ажаніўся і застаўся тут. Мой сын вырас, у яго ўжо трое дзяцей, але яны жывуць у горадзе. Мая жонка з Масалян, яна працавала цялятніцай, цяпер на пенсіі, як і я. Атрымліваецца, што я працую з 1988 года. Усё жыццё быў кіроўцам і вазіў хлеб. Мы ганарымся сваёй працай, бо так прыемна мець дачыненне да дастаўкі ўраджаю. У рабоце былі розныя перыяды, нават быў перадавіком. Калі мяне віншуюць, як сёння, гэта вельмі прыемна, бо кожнаму важна, каб яго праца была ацэнена, — расказаў Рамзіль Зайнулін.
Механізатары таксама ў сваю чаргу падзякавалі ўсім за цёплыя словы ў іх адрас. Пасля завяршэння ўрачыстай цырымоніі яны адразу адправіліся ў поле, каб працягнуць працу.
- На той момант у Гродзенскай вобласці было ўбрана больш за палову збожжавых і зернебабовых (без кукурузы, грэчкі і проса), сярэдняя ўраджайнасць — каля 55 ц/га. Убрана таксама 70 % азімага рапсу. У Гродзенскім аблвыканкаме адзначылі, што мэты ставяць амбіцыйныя і ў планах намалаціць больш за два мільёны тон.
Гэты год для аграрыяў аказаўся асабліва складаным: майскія халады прывялі да зніжэння ўраджаю рапсу прыкладна на 20 %, уборачная суправаджаецца моцнымі дажджамі. Працаваць у такіх умовах цяжка, але Гродзенская вобласць радуе сваімі вынікамі. У гэтым годзе Карэліцкі раён лідзіруе па абсалютнай ураджайнасці, другое месца займае Гродзенскі.
Надышоў асабліва гарачы час, бо адначасова ідуць і ўборка, і пасевы, і нарыхтоўка кармоў. У прыватнасці, гаворка ідзе аб неабходнасці засеяць 73 000 гектараў азімага рапсу да 25–27 жніўня. Работы ідуць без значных спазненняў: у мінулым годзе было апярэджанне графіка, сёлета яны рухаюцца ў сярэднім тэмпе. Ураджай збожжавых і зернебабовых культур чакаецца вышэйшы, чым у мінулым годзе, нягледзячы на ўмовы надвор’я.
Здаровая канкурэнцыя і салідарнасць
У нядзелю, 10 жніўня, мільён тон збожжа намалацілі хлебаробы Мінскай вобласці. Аграрыі цэнтральнага рэгіёна выйшлі на другое месца ў краіне. Лідарам жніва ў вобласці застаецца Нясвіжскі раён (132 тысячы тон), за ім ідуць Капыльскі, Слуцкі і Клецкі раёны. Сярэдняя ўраджайнасць вышэйшая, чым у мінулым годзе, і складае 48,5 ц/га. Нарыхтавана амаль 70 тысяч тон сена.
Сярэдняя ўраджайнасць азімага рапсу тут складае 30 ц/га. «Гэта менавіта тыя паказчыкі, якія нам даручыў атрымаць кіраўнік дзяржавы, — звярнуў увагу першы намеснік старшыні аблвыканкама Васіль СЫСОЕЎ. — З улікам завяршэння жніва рапсу ўся тэхніка будзе актыўна перакідвацца на ўборку збожжавых культур».
На гэтым тыдні, калі будзе спрыяць надвор’е, Міншчына плануе перайсці экватар і наблізіцца да фінішу. Камбайны гаспадарак, якія справіліся раней за іншых са жнівом, могуць адправіцца на дапамогу ў тыя сельгаспрадпрыемствы, што адстаюць па тэмпах.
«Будзем нарошчваць тэмпы, выходзіць на пяць працэнтаў у дзень па ўборцы плошчаў, — паведаміў першы намеснік губернатара. — Тэхніка ўся ў палях, забяспечваецца ў выпадку неабходнасці яе рамонт, працоўны дзень прадоўжаны — усе ўмовы для гэтага створаны».
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ, Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Фота Веранікі КАЗЛОЎСКАЙ
Даслоўна
«Усе разумеем, што кожны з нас працаваў недарма». Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў — пра ўборачную і разлікі на ўраджай агародніны
Тэмпы ўборкі дэманструюць рост дзякуючы паляпшэнню ўмоў надвор’я, паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў у праграме «Актуальнае інтэрв’ю» на тэлеканале «Першы інфармацыйны».
Завяршаецца ўборка рапсу. Большасць камбайнаў будзе перакінута на ўборку збожжавых і зернебабовых. Механізатары і кіраўнікі гаспадарак неаднаразова казалі, што дождж на ўраджайнасць асабліва не паўплываў. Раслінам патрэбна вільгаць, таму ўраджайнасць атрымалася вышэйшая за леташнюю.
«Дзякуючы дажджам, якія праходзілі ў чэрвені і ліпені, адбыўся наліў збожжа. За кошт той вільгаці, якая ў нас была, мы атрымліваем вялікую ўраджайнасць збожжа. Колас добры. Збожжа мае большую масу, чым у 2024 годзе», — падкрэсліў Юрый Горлаў.
Ён адзначыў, што ў краіне выйшлі на аптымальную структуру сяўбы азімых збожжавых, якія даюць большую ўраджайнасць. На іх робяць стаўку ў збожжавым кліне (займаюць, як правіла, каля 65 %).
«Асцярожна падыходзілі да апрацоўкі азімага ячменю, і сёння выйшлі ўжо на тую аптымальную структуру сяўбы, якая патрабуецца нам для таго, каб раней убраць гэту культуру і падрыхтаваць палі для сяўбы рапсу», — сказаў міністр.
Галоўнае ў жніве — убраць ураджай без страт. Асобная ўвага палеглым палеткам. «У нас іх сёлета няшмат, але, тым не менш, яны ёсць. І ў першую чаргу там, дзе забалочаныя месцы. Гэту палегліцу трэба хутка ўбраць, таму што пад уздзеяннем вільгаці прарастае трава. Адпаведна, будуць цяжкасці ва ўборцы, могуць быць вялікія страты», — адзначыў Юрый Горлаў.
На перыяд уборачнай у дапамогу прыцягваюцца людзі з прамысловых прадпрыемстваў, якія маюць досвед працы ў сельскай гаспадарцы.
- Адказваючы на пытанне аб ураджаі іншых культур, Юрый Горлаў пракаментаваў: «Адназначна краіна будзе з агароднінай. Так, у пачатку года замаразкі нас не парадавалі, загінула частка пасеваў, але, тым не менш, расце добрая бульба на палях — недзе каля аднаго мільёна тон павінны атрымаць у сельскагаспадарчым сектары. Адпаведна, і морква, і буракі, і цыбуля — тыя культуры, росту якіх сёння надвор’е спрыяе».
Міністр дадаў, што ў аграрыяў дастаткова сродкаў, каб сабраць ураджай у тэрмін. Будуць падрыхтаваны сховішчы да закладкі агародніны на міжсезонны перыяд. Бульбы плануецца атрымаць больш за леташні ўзровень.
Ход уборкі збожжавых, зернебабовых, рапсу знаходзіцца на пастаянным кантролі. «Настрой у людзей добры. Ёсць што ўбіраць. Добры стаіць ураджай. Усе разумеем, што кожны з нас працаваў недарма», — дадаў Юрый Горлаў.
Усе пытанні вырашаны. Сельгаспрадпрыемствы забяспечаны палівам, сёлета закупілі 567 новых збожжаўборачных камбайнаў. «І работа па закупцы энерганасычаных трактароў, усяго таго, што неабходна для нашых аграрыяў, прадаўжаецца», — дадаў Юрый Горлаў.