Эксперыментальная вытворчасць
Аб’яднаны інстытут машынабудавання — гэта значны навуковы цэнтр краіны ў галіне машыназнаўства. Яго работа накіравана на навуковае забеспячэнне дзейнасці айчынных прадпрыемстваў машынабудавання. Даследаванні і распрацоўкі інстытута ўключаюць работы па стварэнні новых і ўдасканаленні серыйных базавых кампанентаў і канструкцый тэхнікі МАЗ, БЕЛАЗ, Белкамунмаш, МЗКЦ, МТЗ, стварэнні электронных кіруючых і дыягнастычных сістэм, айчынных электратэхналогій для транспарту, праблем надзейнасці і якасці машын, новых матэрыялаў і тэхналогій.

Сярод яркіх прыкладаў значных распрацовак інстытута за 2021—2025 гады — комплексная методыка лічбавага праектавання канструкцый транспартных сродкаў на аснове метадаў і сродкаў камп’ютарнага мадэлявання, віртуальных выпрабаванняў і тэхналогій пашыранай рэальнасці; метадалогія ацэнкі рэшткавага рэсурсу зубчастых перадач трансмісійных сістэм, якая базіруецца на аналізе вібрацыйных працэсаў у механізме; бартавая сістэма аўтаматызаванай ацэнкі тэхнічнага стану рэдуктараў матор-колаў самазвалаў БЕЛАЗ з бесправадной перадачай дыягнастычных даных на сервер ААТ «БЕЛАЗ» і інш.
Рэспубліканскі камп’ютарны цэнтр машынабудаўнічага профілю на базе інстытута накіраваны на вырашэнне ключавой задачы: развіццё і павышэнне эфектыўнасці выканання работ па выкарыстанні сучасных камп’ютарных тэхналогій у галіне машынабудавання.
Асноўнымі задачамі навукова-інжынірынгавага цэнтра «Электрамеханічныя і гібрыдныя сілавыя ўстаноўкі мабільных машын» з’яўляюцца рэалізацыя буйных навукова-даследчых работ, доследна-прамысловая апрабацыя і ўкараненне ў вытворчасць вынікаў распрацовак у галіне сістэм цягавага электрапрывада і сістэм кіравання верхняга ўзроўню.
Не проста машынабудаванне, а інтэлектуальная механіка
Як адзначыў у размове з журналістамі першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Віталь Залескі, Аб’яднаны інстытут машынабудавання — гэта сістэмаўтваральны інстытут: «Адзін з кірункаў, якім займаецца Аб’яднаны інстытут машынабудавання, — гэта дызайн. Але гэта не проста карцінка, а рашэнне задач эрганомікі, задачы трываласці, надзейнасці і бяспекі».
Намеснік старшыні Прэзідыума НАН Сяргей Шчарбакоў расказаў: «Інстытут цяпер займаецца не проста машынабудаваннем, а так званай інтэлектуальнай механікай. На аснове распрацовак мінулых перыядаў, у тым ліку, напрыклад, у галіне кампанентнай базы электратранспарту, ідзе цэлы шэраг работ па рабатызацыі наяўных сістэм і стварэнні новых. Напрыклад, створаны рабатызаваны БЕЛАЗ. І гэта не беспілотны БЕЛАЗ, які кіруецца дыстанцыйна, — ён перамяшчаецца па кар’еры цалкам самастойна, без удзелу аператараў. Яшчэ адзін прыклад — рабатызаваны трактар МТЗ. Таксама цяпер актуальная рабатызацыя лагістычных калясак у тэрміналах. Аказваецца, гэта вельмі запатрабаваная прылада».

Паводле яго слоў, усе работы інстытута знаходзяцца на скрыжаванні механікі, матэрыялазнаўства, інтэлектуальных сістэм і выконваюцца ў інтарэсах машынабудаўнічых прадпрыемстваў. «Па сутнасці, усе буйныя навукаёмістыя холдынгі нашай краіны працуюць з Аб’яднаным інстытутам машынабудавання», — адзначыў намеснік старшыні Прэзідыума НАН.
Намеснік начальніка навукова-тэхнічнага цэнтра «Кар’ерная тэхніка», загадчык лабараторыі Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі Антон Ананчыкаў расказаў журналістам аб асноўных распрацоўках цэнтра. «Распрацоўваем даволі шырокую лінейку электратранспарту. Пры гэтым асноўную ўвагу ўдзяляем распрацоўцы камерцыйнага і грузавога транспарту, — паведаміў навуковец. — Адна з такіх ключавых тэндэнцый — развіццё рабатызаванай платформы, якую мы плануем стварыць. Зараз напрацоўваем адпаведныя кампетэнцыі ў розных галінах. Трэба напрацоўваць свае кампетэнцыі, каб можна было ў далейшым выкарыстоўваць гэтыя напрацоўкі і ў іншых галінах».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА