Пайшоў у поле здаровым — вярнуўся без рукі...
Забеспячэнне бяспечных умоў працы ў перыяд правядзення ўборачнай кампаніі з’яўляецца адным з ключавых фактараў яе паспяховага і своечасовага правядзення. У перыяд сезонных палявых работ узрастае нагрузка на работнікаў і тэхніку, што патрабуе строгага выканання патрабаванняў аховы працы, вытворчай бяспекі і пастаяннага кантролю за арганізацыяй работ. Як пазбегнуць няшчасных выпадкаў падчас уборкі і якія наступствы могуць надысці пры парушэнні правілаў бяспекі — абмеркавалі ў прэс-цэнтры Дома прэсы.
Кошт безадказнасці
Як адзначыў начальнік упраўлення нагляду за выкананнем заканадаўства аб ахове працы Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вадзім Вансовіч, для прадухілення няшчасных выпадкаў дэпартамент з пачатку ўборачных работ у складзе міжведамасных мабільных груп правёў больш за 170 маніторынгаў сельгасарганізацый. Па іх выніках кіраўнікам рэкамендавана ліквідаваць звыш 2,3 тысячы парушэнняў, прыпыненая работа 36 адзінак абсталявання, якое стварае прамую пагрозу жыццю, а ад працы адхіленыя 47 чалавек, якія не прайшлі медагляды або не забяспечаны сродкамі абароны. Акрамя таго, праведзены семінары для больш чым 1,3 тысячы чалавек.
«Мэта гэтых рэйдаў — аказаць садзейнічанне работадаўцу, растлумачыць рэальныя наступствы парушэнняў і прадухіліць трагедыі. У рэшце рэшт бяспека на працоўным месцы залежыць ад асабістай адказнасці кожнага», — падкрэсліў ён.
Дэпартамент робіць асноўны ўпор на прафілактыку няшчасных выпадкаў, паколькі на ўборцы існуе шмат небяспечных фактараў: рухаюцца машыны, механізмы, якія верцяцца, а таксама неспрыяльныя метэаралагічныя ўмовы, такія як спякота, вецер або ападкі.
Вадзім Вансовіч прывёў некалькі прыкладаў. Так, 25 ліпеня 2025 года ў Круглянскім раёне работнік атрымаў цяжкую траўму, чысцячы рабочыя часткі камбайна пры незаглушаным рухавіку. Многія работнікі па звычцы спрабуюць праціснуць рукой збожжа, якое завісла, не ўсведамляючы, што гэта прамы шлях да страты канечнасці. Ужо 4 кастрычніка 2025 года ў Жлобінскім раёне слесар-рамонтнік пацярпеў ад падзення шківа пры рамонце зернесушылкі. Прычынамі сталі адсутнасць тэхналагічнай дакументацыі па бяспечнай устаноўцы шківа, эксплуатацыя абсталявання без эксплуатацыйных дакументаў і допуск да работы супрацоўніка без належнага навучання і кваліфікацыі.
Ужо сёлета, 18 чэрвеня, у Гомельскай вобласці трактарыст атрымаў траўму рукі, зняўшы ахоўнае вечка заточнай прылады кормаўборачнага камбайна і прасунуўшы туды руку да поўнага спынення нажоў. А 26 чэрвеня ў Брэсцкай вобласці яшчэ адзін механізатар траўміраваў вока пры рабоце з ударным інструментам, праігнараваўшы неабходнасць выкарыстання сродкаў індывідуальнай абароны.
Да ліку распаўсюджаных і вельмі небяспечных парушэнняў таксама адносяцца: работа пад паднятым прычэпам або кузавам без ўстаноўкі надзейных упораў, што пры збоях гідраўлікі пагражае смяротным прыцісканнем, наяўнасць неагароджаных карданных перадач і не закрытыя рашоткамі завальныя ямы.
Больш за 2 тысячы парушэнняў выявіў прафсаюз работнікаў АПК напярэдадні жніва
Па словах саветніка тэхнічнай інспекцыі працы Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Наталлі Радзюк, сельская гаспадарка на працягу многіх гадоў застаецца адной з самых траўманебяспечных галін. Таму ў перыяд жніва, калі работнікам неабходна ў аптымальныя тэрміны сабраць ураджай, прафсаюзы надаюць пільную ўвагу выкананню патрабаванняў бяспекі для аграрыяў. «Напярэдадані ўборачнай кампаніі прадстаўнікі прафсаюзаў традыцыйна праводзяць маніторынгі, выязджаюць у сельскагаспадарчыя арганізацыі і на працоўныя месцы з галоўнай мэтай - ліквідацыя і мінімізацыя рызык траўміравання», — адзначыла спецыяліст.
Наталля Радзюк перакананая, што ў ахове працы не бывае дробязяў. Таму пры наведванні арганізацый вывучаецца вельмі шырокі спектр пытанняў: ад выдачы спецадзення, спраўнасці тэхнікі і абсталявання ў мехмайстэрнях і на зернесушыльных комплексах да праходжання інструктажоў, наяўнасці санітарна-бытавых памяшканняў, забеспячэння гарачым харчаваннем і пітной вадой. «Сёлета да пачатку ўборачнай прадстаўнікі галіновага прафсаюза работнікаў АПК наведалі 970 сельгасарганізацый краіны. Яны выявілі больш за 2 тысячы парушэнняў», — канкрэтызавала яна.
Сярод найбольш частых парушэнняў — допуск да работ без інструктажу або праверкі ведаў па ахове працы, эксплуатацыя абсталявання без ахоўных агародж механізмаў, якія верцяцца, устаноўка тэхнікі, якая рамантуецца, на выпадковыя падстаўкі і неабсталяванне завальных ям металічнымі рашоткамі.
Персаналам Дзяржэнергагазнагляду абследавана звыш 1,9 тысячы аб’ектаў зернесушыльных комплексаў
Намеснік начальніка аддзела электратэхнічнай інспекцыі Дзяржэнергагазнагляду Андрэй Варанцоў заявіў, што для забеспячэння бяспечнай і надзейнай работы электратэхнічнага абсталявання персаналам Дзяржэнергагазнагляду штогод праводзяцца наглядныя мерапрыемствы ў дачыненні да арганізацый, якія ўдзельнічаюць ва ўборачнай кампаніі. «У тым ліку ажыццяўляецца нагляд за выкананнем патрабаванняў заканадаўства ў сферы энергетыкі пры эксплуатацыі электраўстановак зернесушыльных комплексаў у працэсе падрыхтоўкі іх да работы. Асаблівасць такіх комплексаў у тым, што яны з’яўляюцца сезоннымі аб’ектамі і не эксплуатуюцца вялікую частку часу, а некаторыя часткова або цалкам адключаюцца ад сеткі электразабеспячэння».
Персаналам Дзяржэнергагазнагляду адсочваецца, каб электратэхнічнае абсталяванне зернесушыльных комплексаў адпавядала ўстаноўленым патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў, тым самым забяспечваючы бесперабойную і бяспечную работу. «На сёння інспектарскім персаналам Дзяржэнергагазнагляду абследавана крыху больш за 1,9 тысячы аб’ектаў зернесушыльных комплексаў. Найбольш частымі парушэннямі з’яўляюцца несвоечасовае правядзенне электрафізічных выпрабаванняў вымярэнняў, тэхнічнае абслугоўванне электраабсталявання, а таксама адсутнасць у сельскагаспадарчых арганізацыях падрыхтаванага электратэхнічнага персаналу. Пералічаныя парушэнні могуць прывесці да электратраўм, стварэння аварыйных сітуацый, таму Дзяржэнергагазнагляд надае вялікае значэнне своечасоваму выяўленню недахопаў і прыняццю мер да іх ліквідацыі».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ