Top.Mail.Ru

Эксперты растлумачылі, чаму жыроўкі ў Беларусі істотна не пацяжэюць

Як адгукнецца суровая зіма

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 лютага 2026 года прыняў рашэнне аб пераносе тэрміну павышэння тарыфаў для насельніцтва ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі з 1 студзеня на 1 сакавіка гэтага года ў мэтах недапушчэння значнага павелічэння для грамадзян фінансавай нагрузкі па плаце за ЖКП. Пра тое, чаго чакаць у новых жыроўках, колькі беларусы скарысталі энерганосьбітаў падчас суровай зімы і як будзе мадэрнізавацца сістэма ацяплення, расказалі эксперты ў ток-шоу на «Першым інфармацыйным».

Які рост энергаспажывання?

Першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Андрэй Бекета адзначыў, што рост тарыфаў не перавышае 0,5 базавай велічыні і адбываецца двойчы на год:

— Ураду было даручана вывучыць рост кошту энерганосьбітаў для насельніцтва і тое, як у нас расце спажыванне. Усё пралічылі. Па краіне рост ад 30 да 45 % у залежнасці ад рэгіёна. Каб гэта адначасова не адбілася на аплаце ЖКП, было прынята рашэнне аб пераносе росту тарыфаў з 1 студзеня на 1 сакавіка, пры тым што ў нас узрастаюць тарыфы на паслугі водазабеспячэння, водаадвядзення, тэхнічнага абслугоўвання жыллёвага фонду, а таксама абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі. Рост тарыфу на цеплазабеспячэнне будзе ажыццёўлены з 1 чэрвеня бягучага года — так, як гэта і было запланавана першапачаткова.

Ці адчуюць беларусы рэзкае павелічэнне сум у сваіх жыроўках у сакавіку? Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Сяргей Казачок запэўніў, што не:

— Тарыфы на цяпло ў нас субсідзіруюцца ў большай частцы дзяржавай, адпаведна, асноўную фінансавую нагрузку ў дадзеным выпадку нясе менавіта яна. Грамадзяне заплацяць за колькасць спажытых гігакалорый на ацяпленне жылога дома. Істотнага павышэння з-за павелічэння тарыфаў грамадзяне на сабе не адчуюць.

Сістэма паказала працаздольнасць

Суровая зіма стала сур’ёзным выпрабаваннем на трываласць для ўсёй сістэмы дзяржаўнага кіравання, але цесная каардынацыя профільных службаў дазволіла мінімізаваць негатыўны эфект ад складаных умоў надвор’я.

Андрэй Бекета адзначыў:

— У гэтым годзе ў нас была сапраўдная зіма, што бачна і па прамых тэлефонных лініях, і па росце колькасці зваротаў у службу 115. Карыстаючыся выпадкам, хацеў бы падзякаваць насельніцтву за дапамогу ў расчыстцы снегу, за разуменне і гаспадарлівае стаўленне грамадзян да жыллёвага фонду. Што датычыцца сістэмы ЖКГ, яна спрацавала нядрэнна. Работа была наладжана ў рамках дзеючых рэгламентаў.


Адказваючы на пытанне, адносна чаго ад грамадзян паступала больш за ўсё нараканняў, першы намеснік міністра ЖКГ адзначыў:

— Зафіксавалі рэзкі скачок зваротаў па тэме прыборкі ад снегу тэрыторый, вулічнай дарожнай сеткі. Але ўсе работы вяліся згодна з рэгламентам. Спачатку расчышчаліся праезды, а затым ужо ажыццяўлялася больш глыбокая расчыстка ад снегу і наледзі. Жыллёва-камунальныя паслугі ў цэлым аказваліся якасна, без парушэнняў норм. Так, узнікалі аварыйныя сітуацыі, але іх было няшмат, іх лакалізоўвалі ва ўстаноўленыя тэрміны — насельніцтва не адчула нейкіх крытычных адхіленняў у аказанні ЖКП.

Намеснік міністра энергетыкі Уладзіслаў Доўгі ў сваю чаргу дадаў:

— У гэтым сезоне зіма была экстрэмальна халодная. Чарада магутных цыклонаў прынесла нам шмат дадатковай працы ва ўзаемадзеянні са службамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях, мясцовымі органамі ўлады. Але наш персанал заўсёды гатовы да неадкладнага рэагавання на магчымыя няштатныя сітуацыі, мы робім усё для ліквідацыі іх наступстваў у максімальна сціснутыя тэрміны. Працуем разам.

Сяргей Казачок таксама звярнуў увагу на каардынацыю розных органаў улады:

— Гэта зіма ў нас выдалася з вялікімі маразамі, снегападамі. На ўзмоцнены рэжым былі пераведзены не толькі камунальнікі і энергетыкі, але і многія іншыя. І гэта дазволіла літаральна ў самыя кароткія тэрміны арганізаваць работу па прыборцы снегу і навядзенні парадку. Цеснае ўзаемадзеянне паміж міністэрствамі відавочна. Працавалі з пікавымі нагрузкамі. Але сістэма, якая ў нас створана, паказала працаздольнасць і тое, што яна можа супрацьстаяць любой, нават такой неардынарнай зіме.

Адказваючы на пытанне, у колькі Беларусі абышлася гэта зіма, Андрэй Бекета канстатаваў:

— У параўнанні з мінулым сезонам многія складнікі выраслі. Возьмем цеплазабеспячэнне. Дарэчы, у сістэме ЖКГ на балансе арганізацый камунальнай формы ўласнасці сёння налічваецца 3600 кацельняў. Па іх мы бачым рост выдаткаў на паліва. Выдаткі на абаграванне жылых памяшканняў павялічыліся прыкладна на 40 %. Калі мы гаворым пра прыборку вулічна-дарожнай сеткі, дваровых тэрыторый і гэтак далей, то тут усё залежыць ад рэгіёнаў. У Брэсцкай вобласці, дзе ўзровень снежнага покрыва быў некалькі ніжэйшы, выдаткі бюджэту выраслі ў паўтара раза, а ў Мінскай і Віцебскай абласцях, напрыклад,— больш чым у два разы.

Уладзіслаў Доўгі расказаў, што на прадпрыемствах Міністэрства энергетыкі было падрыхтавана каля 673 рамонтных брыгад на выпадак неабходнасці ліквідацыі няштатных сітуацый, прычым 134 такія брыгады былі гатовыя для пераразмеркавання ў іншыя раёны:

— Сёлета мы распачалі дадатковыя меры — загадзя накіроўвалі рамонтныя брыгады туды, дзе, як мы прадбачылі, магла спатрэбіцца іх дапамога. У Гомельскую вобласць было накіравана 16 такіх брыгад, у Магілёўскую — 10 брыгад.

Мадэрнізацыя працягнецца

Адказваючы на пытанне, як вядзецца планавая мадэрнізацыя сетак для недапушчэння аварый, Уладзіслаў Доўгі паведаміў:

— У 2025 годзе было заменена, рэканструявана і мадэрнізавана больш за 3,5 тысячы кіламетраў электрасетак рознага класа напружання, пабудавана 229 кіламетраў новых цеплавых сетак. На гэтым, натуральна, адпаведная праца не спыняецца. Па выніках 2026 года гэтыя паказчыкі, згодна з планамі, павінны скласці больш як 4 тысячы кіламетраў для электрасетак і парадку 180 кіламетраў для цеплавых, акрамя таго, запланаваны рамонт 60 кіламетраў цеплавых сетак. Дзейнасць фінансуецца з розных крыніц. Гэта ўласныя сродкі, бюджэтныя, а таксама сродкі пазык і крэдытныя сродкі ў банках.

Намеснік міністра энергетыкі падкрэсліў, што праца вельмі маштабная:

— Безумоўна, за год яе не правесці, і ўсе заяўкі, у тым ліку ад насельніцтва, хутка не задаволіць. Але працаваць у гэтым кірунку працягнем. Існуе дзяржаўная праграма «Устойлівая энергетыка і энергаэфектыўнасць» на 2026–2030 гады, дзе прадугледжваецца планамерная замена сетак па меры магчымасці і наяўнасці фінансавання з розных крыніц.

Па матэрыялах sb.by

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю