26 лютага пад старшынствам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Маскве адбудзецца пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. Парадак дня мерапрыемства, як днямі адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой, будзе цалкам прысвечаны пытанням эканомікі. Але тэма важнасці, а часам і жыццёвай неабходнасці супрацоўніцтва з Расіяй ва ўсіх сферах пастаянна гучыць з вуснаў Прэзідэнта Беларусі, асабліва ў апошні час, калі робяцца знешнія спробы ўнесці разлад паміж найбліжэйшымі саюзнікамі.
Прааналізавалі выказванні кіраўніка нашай дзяржавы на гэты конт разам з экспертамі. Тэмы маючага адбыцца ВДС таксама ўвагай не абмінулі.
«Гэта асноўны наш рынак, дзе мы прадаём сваю прадукцыю. І гэта асноўная краіна, якая інвесціруе ў нашу, дапамагае нам заўсёды. Гэта наша Расія».
(Падчас прыняцця кадравых рашэнняў, 22 студзеня 2026 года)
«Гучных палітычных заяў не будзе»
У эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» дэкан факультэта журналістыкі БДУ, палітолаг Аляксей Бяляеў пракаменціраваў развіццё супрацоўніцтва ўнутры Саюзнай дзяржавы.

Эксперт адзначыў, што сёння Саюзная дзяржава — гэта інструмент узаемадзеяння і ўнікальная формула стварэння адзінай эканамічнай прасторы. Ён звярнуў увагу, што ў Саюзнай дзяржавы першапачаткова былі выбудаваны асноўныя схемы ўзаемадзеяння ў сацыяльна-эканамічнай сферы, якія павінны ў першую чаргу дапамагаць людзям:
— Беларусы і расіяне маюць магчымасць атрымліваць у Саюзнай дзяржаве роўную медыцынскую дапамогу, роўнае сацыяльнае забеспячэнне і пенсіі, роўны доступ да адукацыйных паслуг.
Палітолаг дадаў:
— У нас ёсць эканамічнае ўзаемадзеянне, адзіная задача па імпартазамяшчэнні і тэхналагічным суверэнітэце. Агульная задача — лічбавізацыя і стварэнне адзінай лічбавай прасторы, у тым ліку для палягчэння вядзення бізнесу і развіцця гандлёва-эканамічных адносін. Усё гэта будзе абмяркоўвацца.
Таксама, на яго думку, на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета не будзе гучных палітычных заяў:
— Саюзная дзяржава не створана, каб пагражаць знешняму свету. Яна створана для вырашэння ўнутраных праблем паміж нашымі краінамі і для палягчэння жыцця людзей. Я думаю, гэта працоўнае пасяджэнне, такія праводзяцца рэгулярна. Аднак многія чакаюць, што ва ўмовах знешніх выклікаў, пагроз Беларусь і Расія цяпер пачнуць камусьці пагражаць пальчыкам. Нам гэта нецікава і не трэба — мы не пагражаем. Мы ў дадзеным выпадку не выступаем як агрэсары, мы не спрабуем нікога вучыць жыццю і ўстанаўліваць свае правілы. Мы хочам толькі аднаго — не лезьце ў наша жыццё. У рамках свайго суверэнітэту, у рамках створаных умоў, у тым ліку замацаваных Дагаворам аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, мы забяспечваем на сваёй тэрыторыі для сваіх грамадзян нармальныя ўмовы для жыцця. Хто хоча, можа прыехаць па бязвізе і паглядзець.
«Скажу толькі адно: няма той сілы, якая сёння здольная адарваць Беларусь ад Расіі і Расію ад Беларусі. Абставіны так склаліся, што яны нас разам звязалі, напэўна, на доўгія-доўгія дзесяцігоддзі і стагоддзі. Хоць, увогуле, нас няма ў чым папракнуць — Беларусь — Мы заўсёды былі арыентаваныя на Расію. Там наша многае, калі не ўсё. Там нашы рэсурсы, там наш рынак, калі пра эканоміку. У нас поўнае адзінства ў гэтым плане. Ды і ў палітычным. Спроба выбудаваць адзіную саюзную прастору — гэта таксама зыходзіць з нашых векавых сувязяў».
(Падчас сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Сяргеем Глазьевым, 16 лютага 2026 года)
Важны фактар забеспячэння бяспекі і суверэнітэту
Алег Дзячэнка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, акцэнтуе ўвагу на тым, што Беларусь з усёй сур’ёзнасцю ставіцца да ўмацавання Саюзнай дзяржавы, асаблівую ўвагу ўдзяляючы інтэграцыйным працэсам у сферы эканомікі, палітыка-прававога, парламенцкага і гуманітарнага супрацоўніцтва.

«Матрыца інтэграцыйных прыярытэтаў вызначана Дагаворам аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024–2026 гады і ўключае рэалізацыю імпартазамяшчальных праектаў, навукова-тэхнічных праграм, паляпшэнне інвестыцыйнага клімату, павышэнне якасці выпускаемай прадукцыі і яе стандартызацыю, удасканаленне трансгранічных транспартных зносін, актывізацыю ўзаемадзеяння ў галіне міжнароднага правасуддзя і многае іншае, што забяспечвае ўстойлівасць беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця», — адзначае парламентарый важнасць інтэграцыйных сувязяў для нашай краіны.
Другая і, мабыць, галоўная прычына інтэграцыі, на думку Алега Дзячэнкі, заключаецца ў неабходнасці сумеснымі намаганнямі супрацьстаяць бесперапыннаму знешняму ціску з боку недружалюбных дзяржаў, якія маюць карыслівыя эгаістычныя мэты і сталі на шлях гонкі ўзбраенняў і ваенных падрыхтовак. «Улічваючы гэтую акалічнасць, паводле слоў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, «у палітыцы, дыпламатыі, жыццё нас прымусіла ў ваенна-прамысловым комплексе, у абароннай прасторы быць разам з Расіяй», — падкрэслівае дэпутат.
У сувязі з гэтым у Саюзнай дзяржаве атрымлівае далейшае развіццё і ўдасканаленне ідэя ваенна-палітычнага супрацоўніцтва, у тым ліку ў сферы стратэгічнага стрымлівання агрэсіўных памкненняў Паўночнаатлантычнага альянсу ва ўсходнім рэгіёне еўрапейскага кантынента. «Разбурэнне заходнімі палітыкамі сістэмы міжнароднага права, палітыка ультыматумаў і шантажу вымушае нас прымаць адэкватныя меры рэагавання на ўсё большую ваенную знешнюю пагрозу, — заўважае Алег Дзячэнка. — Тым больш, што ў суседняй з намі краіне ўжо пяты год бушуе вайна, якая фінансава, палітычна і матэрыяльна-тэхнічна падтрымліваецца натаўскімі дзяржавамі».
«Ва ўмовах абвастрэння міжнароднай абстаноўкі ў нас не засталося іншага шляху, як толькі на сістэмнай і ўзаемавыгаднай аснове працягваць умацаванне Саюзнай дзяржавы, — кажа парламентарый. — Залогам жа паспяховага развіцця інтэграцыі дзвюх краін выступае цеснае эканамічнае, палітычнае і гуманітарнае супрацоўніцтва на аснове ўліку ўзаемных нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў, а гэта ў канчатковым выніку адпавядае глыбінным спадзяванням народаў Беларусі і Расіі на павышэнне якасці жыцця, забеспячэнне міру і бяспекі».
«Можна з упэўненасцю сказаць, што Саюзная дзяржава — гэта фактычна новая форма цывілізацыйнага аб’яднання, у рамках якога адбываецца інтэграцыя народаў з агульным гістарычным мінулым, падобным менталітэтам, традыцыйнымі маральнымі і палітычнымі каштоўнасцямі», — рэзюмуе Алег Дзячэнка.
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, генеральны дырэктар Гомельскага гандлёва-вытворчага РУП «Фармацыя» Людміла Сапега падкрэсліла, што сяброўства з Расійскай Федэрацыяй застаецца для Беларусі важным фактарам забеспячэння бяспекі і суверэнітэту. А лідары брацкіх дзяржаў дэманструюць высокую ступень даверу, каардынацыі і ўзаемадзеяння на вышэйшым палітычным узроўні.

У сувязі з гэтым сенатар згадвае нядаўняе паведамленне Службы знешняй разведкі Расіі, дзе прама гаворыцца пра тое, што НДА заходніх краін, сярод якіх «дэмакратызатарскія структуры», агенцтвы і фонды ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ, Польшчы і іншых еўрапейскіх дзяржаў, акумулююць сілы і сродкі, каб зноў паспрабаваць разгайдаць сітуацыю ў Беларусі:
— Гэта сігнал, які нельга ігнараваць: падобныя звесткі патрабуюць уважлівага аналізу, абмену інфармацыяй паміж кампетэнтнымі службамі і сумесных мер па прадухіленні правакацыйных дзеянняў, якія дэстабілізуюць грамадства.
Пры гэтым, падкрэслівае парламентарый, жыхары Беларусі ўжо бачылі наступствы гвалтоўных пераваротаў у іншых краінах — эканамічныя ўзрушэнні, страту стабільнасці, разбурэнне дзяржаўных асноў і сацыяльных гарантый.
Менавіта таму пераважная большасць беларусаў захоўваюць спакой і аддаюць прыярытэт супрацоўніцтву з уладай, грамадзянскаму дыялогу і згодзе, пошуку законных і мірных спосабаў вырашэння праблем, якія ўзнікаюць.
Мы знаходзімся ў вельмі няпростай сітуацыі. І з Усходу, і з Захаду пад сур’ёзным прэсам. Я кажу пра эканоміку. Хоць і палітыка ёсць выраз эканомікі ў канцэнтраваным выглядзе, як казалі класікі. Тым не менш мы заціснутыя эканамічна двума магутнымі блокамі. З аднаго боку Еўрапейскі Саюз. З другога — Кітайская Народная Рэспубліка і Расія. Наш галоўны саюзнік і партнёр знаходзіцца ў вельмі складаным становішчы, мы гэта адчуваем, паколькі гэта наш асноўны рынак".
(Падчас справаздачы ўрада за 2025 год, 17 лютага 2026 года)
Ёсць развіццё і эканамічнае ўзаемадзеянне
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Дзмітрый Жук у эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» расказаў, якія пытанні будуць абмяркоўвацца на мерапрыемстве і якіх рашэнняў можна чакаць.

Эксперт адзначыў, што падчас пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы будуць абмяркоўвацца пытанні эканамічнага парадку дня. Яны будуць датычыцца выканання палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024–2026 гады, а таксама распрацоўкі праекта аналагічнага дакумента на 2027–2029 гады. Таксама будуць узнімацца пытанні арганізацыі трансгранічных прыгарадных пасажырскіх зносін, узаемнай падтрымкі ў рамках супрацоўніцтва ў галіне міжнароднага правасуддзя і стварэння камітэта па стандартызацыі і якасці Саюзнай дзяржавы.
— І ў тым ліку прагучыць пытанне больш культуралагічнае і ментальнае — аб прысуджэнні прэміі Саюзнай дзяржавы ў сферы культуры і мастацтва. Гэта таксама тое, што нас аб’ядноўвае. Мы бачым тут развіццё. І тыя рашэнні, якія прымаюцца на вышэйшых дзяржсаветах, выконваюцца. Ёсць развіццё, ёсць эканамічнае ўзаемадзеянне. Безумоўна, для Беларусі Расія — найважнейшы эканамічны партнёр, асноўны рынак для нашых тавараў. І гэта залог нашага нармальнага эканамічнага функцыянавання, забеспячэння высокага ўзроўню жыцця беларусаў. Гэта вельмі важна, — падкрэсліў сенатар.
У сваю чаргу член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Сяргей Клішэвіч паведаміў «Звяздзе», што ключавыя пытанні супрацоўніцтва сёння звязаны з роўным доступам да дзяржаўнага заказу беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў:

— Зроблены крок да адзінай прамысловай палітыкі і, каб яго рэалізаваць, на ВДС будзе зацверджана паняцце «тавар Саюзнай дзяржавы», гэта значыць, выраб, які мае 50 % і больш расійскіх альбо беларускіх кампанентаў. Такі выраб можа быць уключаны ў дзяржзаказ.
Беларускі бок таксама цікавяць пытанні доступу да буйных расійскіх прамысловых праграм. На думку парламентарыя, яны дазволяць забяспечыць гарантаваным збытам айчынныя прадпрыемствы-сумежнікі. Разам з тым не павінна быць канфлікту інтарэсаў, калі тэндары для той ці іншай структуры загадзя лабіруюцца. На жаль, такія факты бываюць. Нам трэба не канкурыраваць па адной і той жа прадукцыі, а знайсці палітычную волю, каб падзяліць рынкі да агульнай выгады. Умоўна кажучы, трэба палічыць ёмістасці рынкаў па аўтобусах, грузавіках, сельгасмашынах і іншых таварах, а затым вырабіць неабходныя аб’ёмы.
Эксперт канстатуе, што агульны рух па гарманізацыі заканадаўства працягваецца:
— Напрыклад, чакаецца стварэнне адзінага саюзнага камітэта па стандартызацыі і якасці — гэта структура, якая, з аднаго боку, дапаможа вырашаць спрэчкі па якасці або сабекошце прадукцыі, а з другога — орган, які дапаможа зняць бар’еры, калі рынкі абедзвюх краін абараняюцца з дапамогай нетарыфных абмежаванняў, напрыклад, патрабаванняў па бяспецы.
Акрамя таго, перыядычна ўзнікаюць пытанні дэбіторскай запазычанасці, гэта значыць, неразлікаў за прадукцыю, якую паставілі. Такія факты таксама неабходна правяраць і курыраваць на вышэйшым узроўні, перакананы дэпутат.
— Таму, калі казаць спрошчана, ВДС вырашае не проста пытанні эканомікі, а пытанні вялікіх грошай у нашай сумеснай эканоміцы. Таму неабходны ўдзел не толькі двух урадаў, але і двух прэзідэнтаў. Адпаведна, мы разумеем і тыя асаблівыя ўмовы, у якіх знаходзіцца расійскі рынак: гэта пытанні і высокай крэдытнай стаўкі, і прыярытэтнай рэалізацыі дзяржабаронзаказу, які абмежаваны прыбыткам у 5 %. Таму спецыфіка патрабуе абмеркаванняў на вышэйшым узроўні. І ніякі «свабодны рынак», як вучаць заходнія эканамісты, гэтыя моманты не ўрэгулюе, — падкрэслівае парламентарый.
Што датычыцца сферы інтарэсаў звычайных грамадзян, то суразмоўнік звяртае ўвагу на тое, што ў парадку дня ёсць пытанні, напрыклад арганізацыі чыгуначных зносін паміж прыгранічнымі абласцямі: будуць задзейнічаны новыя саставы і ўрэгуляваны нізкі кошт білетаў.
«У абаронным плане мы з Расіяй тут як адзінае цэлае, і глядзець асобна на Беларусь, асобна — на Расію няма ніякага сэнсу. Камусьці хочацца, можа быць, але так не будзе. Мы гатовыя абараняць свае інтарэсы. А Гасподзь нам заўсёды дапаможа».
(Падчас сустрэчы з губернатарам Кіраўскай вобласці Расіі Аляксандрам Сакаловым, 19 студзеня 2026 года.)
Калі адарваць Беларусь, для Расіі закрыецца «акно ў Еўропу»
Намеснік начальніка факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл Ваеннай акадэміі Беларусі, кандыдат ваенных навук Андрэй Багадзель у эфіры СТБ, разглядаючы вектары нашай знешняй палітыкі, бясспрэчна першым назваў супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй.
![]()

— Мы члены Саюзнай дзяржавы. Мы разам з Расійскай Федэрацыяй. Якое яшчэ трэба прызнанне нейкіх асобных участкаў? — заўважыў ён, маючы на ўвазе новыя расійскія тэрыторыі. — Мы што, цяпер будзем прызнаваць асобна Таймыр, Чукотку ці яшчэ нешта? Бо мы прызнаём апрыёры Расійскую Федэрацыю як адзінае цэлае.
Эксперт заўважыў, што Расія пазначана ворагам усяго заходняга свету:
— І дзякуючы таму, што мы прызнаём Расійскую Федэрацыю нашым найбліжэйшым саюзнікам-партнёрам, атрымліваем санкцыі, набіваем шышкі і ўсё астатняе. Але ні разу не зрабілі крок у бок. Ні разу.
Беларускі балкон — прынадны кавалачак для ворагаў Расіі, бо зусім нядаўна прайшоў «Люблінскі трохвугольнік», саміт у Вільнюсе.
— Што там абмяркоўвалі? Як адарваць Беларусь. Бо яны ў канцы заявілі, што наступны саміт мы ўжо абавязкова правядзём учатырох, ківаючы ў бок Беларусі. Нібыта мы павінны гэта ўсё зрабіць. Па вялікім рахунку яны маюць рацыю. Калі сёння адарваць Беларусь, Расія развітаецца з Калінінградскай вобласцю і, хутчэй за ўсё, развітаецца назаўжды з Балтыкай. Проста Расіі раз і назаўжды закалоцяць гэту фортку, або акно ў Еўропу. Вось усё, што адбудзецца, — лічыць Андрэй Багадзель. — Таму, калі хтосьці гаворыць пра тое, што Беларусь нейкая шматвектарная і спрабуе праводзіць сваю самастойную палітыку, не аглядаючыся на сваіх партнёраў... Так, мы праводзім сваю палітыку, але мы заўсёды цэнім партнёраў. І ўспомніце, першае, што сказаў Прэзідэнт амерыканцам, якія прыехалі ў Мінск на перагаворы: пытанні нашага суверэнітэту, пытанні саюзных адносін з Расіяй не абмяркоўваюцца.