Top.Mail.Ru

Эксперты — аб значнасці і сэнсах падзеі, якая адбылася год таму

Праграмнае выступленне беларускага лідара падчас цырымоніі інаўгурацыі пасля доўга абмяркоўвалася ў грамадстве, яго разбіралі на цытаты. А цырымонія прынясення ваеннаслужачымі клятвы на вернасць беларускаму народу і Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, якая ў той жа дзень адбылася на плошчы Дзяржаўнага сцяга, у чарговы раз засведчыла гатоўнасць Галоўнакамандуючага і яго падначаленых надзейна абараняць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Радзімы.


Якой гэту падзею запомнілі беларусы і ў чым гістарызм цырымоніі заступлення на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, гадавіну якой мы адзначаем, разважаюць нашы эксперты.
«Вектар развіцця, вызначаны ў дзень інаўгурацыі, застаецца непарушным»

Па словах члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, дырэктара Бярозаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Таццяны ІГНАЦЮК, аглядаючыся на год, які прайшоў з моманту інаўгурацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, усе мы адчуваем пачуццё глыбокай гістарычнай адказнасці і гонару. 


«Падзея, якая адбылася ў Палацы Незалежнасці ў 2025 годзе, стала яскравым сімвалам непарыўнасці нашай традыцыі, пераемнасці ўлады і духоўнай сталасці нашага грамадства», — лічыць парламентарый.

Гаворачы аб урачыстасці моманту, Таццяна Ігнацюк звярнула ўвагу не толькі на знешні рытуал, які, безумоўна, быў вытрыманы з найвышэйшай ступенню годнасці, але і тую асаблівую атмасферу канцэнтрацыі і яднання, якая панавала ў зале, дзе адбывалася цырымонія інаўгурацыі. «Калі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, паклаўшы руку на Канстытуцыю і тэкст Прысягі, пацвердзіў вернасць народу, гэта было ўспрынята як клятва, якая змацоўвае нашу сучаснасць з будучыняй, — удакладніла сенатар. — Гэта быў момант ісціны, дзе палітычная воля злучылася з маральным пачаткам».

У прамове кіраўніка дзяржавы, якую многія пасля ўважліва аналізавалі і да якой вяртаюцца дагэтуль, парламентарыя асабліва закранулі тэзісы аб захаванні гістарычнай памяці і суверэнітэце духу. «Прэзідэнт сказаў тады важныя словы аб тым, што мы абавязаны перадаць моладзі не проставеды, але і тую самую „кроўную сувязь“ з роднай зямлёй, якую немагчыма замяніць ніякімі эканамічнымі дабротамі», — канкрэтызавала Таццяна Ігнацюк.

Яна падкрэсліла, што летась давялося ўбачыць, як многія тэзісы выступлення беларускага лідара падчас цырымоніі заступлення Прэзідэнта на пасаду трансфармаваліся ў канкрэтныя заканадаўчыя ініцыятывы. 

«Для ўсіх нас важна, што вектар развіцця, вызначаны ў дзень інаўгурацыі, застаецца непарушным, — акцэнтавала ўвагу Таццяна Ігнацюк. — Мы гаворым аб стварэнні ўмоў для развіцця асобы, аб захаванні нацыянальнага культурнага кода, аб тым, што сацыяльнае развіццё з’яўляецца галоўнай мэтай эканамічнага росту. Цырымонія інаўгурацыі яшчэ раз пацвердзіла: наш Прэзідэнт — гэта лідар, які бачыць у навуцы і адукацыі фундамент нацыянальнай бяспекі, а ў культуры — тую самую „мяккую сілу“, якая робіць нас непераможнымі».

Па словах сенатара, згадваючы гадавіну інаўгурацыі, мы гаворым пра стабільнасць, якая дазваляе нашым дзецям спакойна вучыцца ў школах і ўніверсітэтах, навукоўцам — займацца прарыўнымі даследаваннямі, а дзеячам культуры — ствараць шэдэўры. «Мы ўступаем у новы палітычны цыкл, захоўваючы той высокі стандарт адказнасці, які быў зададзены ў гэты дзень 2025 года, — заўважыла Таццяна Ігнацюк. — І наша задача, каб тыя прынцыпы, аб якіх гаварыў кіраўнік дзяржавы, працавалі на карысць кожнага чалавека, кожнай сям’і ў нашай краіне».

«У нас ёсць лідар, які сваё жыццё прысвяціў служэнню краіне і народу»

Як адзначыла член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Кацярына СЕРАФІНОВІЧ, інаўгурацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, што адбылася год таму, стала падзеяй, якая ўжо ўвайшла ў гісторыю суверэннай Беларусі. «Цырымонія праходзіла ўрачыста, у зале прысутнічала больш за тысячу чалавек, а дзякуючы сучасным сродкам камунікацыі, якія забяспечылі прамую трансляцыю, за мерапрыемствам у рэжыме анлайн назіралі сотні тысяч беларусаў», — канстатавала дэпутат.


Парламентарый звярнула ўвагу на дэталі, якія робяць інаўгурацыю Прэзідэнта 25 сакавіка 2025 года незвычайнай. «Па-першае, кіраўнік дзяржавы прынёс клятву беларускаму народу на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, актуальны варыянт якой быў прыняты на рэферэндуме з вялікай падтрымкай народа, — удакладніла Кацярына Серафіновіч. — Па-другое, па сімвалічным супадзенні ў 2025-м краіна святкавала 80-годдзе Вялікай Перамогі. І трэці, на мой погляд, таксама значны момант, які вызначыў настрой беларусаў падчас урачыстага мерапрыемства: мы ўсе сталі сведкамі геапалітычных працэсаў, якія ставяць крыж на мірным жыцці жыхароў многіх краін, таму міжволі падсумоўвалі — Беларусь застаецца мірнай, суверэннай краінай дзякуючы перш за ўсё нашаму Прэзідэнту».

Дэпутат звярнула ўвагу на тое, што, дзелячыся эмоцыямі пасля гэтай падзеі, людзі называлі інаўгурацыю святам усяго беларускага народа. 

«Гэтыя словы адлюстроўвалі як давер выбранаму лідару, так і надзею на тое, што краіна і далей будзе ісці сваім шляхам, што нацыянальныя інтарэсы дзяржавы і дабрабыт кожнага яе грамадзяніна як ва ўнутранай, так і знешняй палітыцы будуць першачарговымі, — патлумачыла дэпутат. — Прэзідэнт краіны ў сваім выступленні пацвердзіў гэтыя мары людзей: „Нашы прыярытэты нязменныя. Гэта мір, бяспека, дабрабыт роднай Беларусі, годнасць нацыі і дастатак кожнага“. Паглядзіце колькі высакароднага ў гэтых словах, колькі сапраўднага клопату пра дзяржаву, людзей. І яшчэ — павагі да іх».

Кацярына Серафіновіч лічыць, што беларусам вельмі пашанцавала, што на такім складаным гістарычным адрэзку часу ў нас ёсць лідар, які сваё жыццё прысвяціў служэнню краіне і народу. «Сёння Беларусь ведаюць у свеце не толькі па яе геаграфічным размяшчэнні ў цэнтры Еўропы, але і па яе дасягненнях у розных сферах жыцця, — канстатавала парламентарый. — Беларусь ведаюць па выверанаму курсу, накіраванаму на падтрыманне добрасуседства з іншымі дзяржавамі, ведаюць нашу краіну і як пляцоўку мірных ініцыятыў».

«Для нас Прэзідэнт — гэта гарант канстытуцыйнага ладу, стабільнасці»

Па словах старшыні беларускага таварыства «Веды» Аляксея АЎДОНІНА, гадавіна інаўгурацыі Прэзідэнта Беларусі сведчыць аб тым, што беларускі народ правільна выбраў кіраўніком дзяржавы Аляксандра Лукашэнку. «Цягам гэтага года ў краіне захоўваюцца стабільнасць, мір, ажыццяўляецца эканамічны рост, расце дабрабыт грамадзян, — канкрэтызаваў эксперт. — Мы арыентуемся на тое, каб гарантаваць бяспеку нашай краіны, нашага насельніцтва ў гэты неспакойны час, калі ўвесь свет знаходзіцца ў стане канфліктаў, вырашэння старых, складаных рознагалоссяў. Мы цудоўна разумеем, што для многіх краін свету Беларусь з’яўляецца астраўком спакою і стабільнасці. Многія толькі мараць аб гэтым».


За гэтыя стабільнасць і развіццё беларускі народ, як падкрэсліў Аляксей Аўдонін, удзячны кіраўніку дзяржавы. 

«Мы ўдзячныя за здольнасць беларускага лідара дальнабачна прымаць рашэнні, якія не даюць магчымасці расхістаць наша грамадства, нашу эканоміку», — удакладніў старшыня беларускага таварыства «Веды».

Па словах эксперта, год, які прайшоў пасля інаўгурацыі Прэзідэнта, можна назваць годам стабільнасці і спакойнага развіцця. «Сітуацыя і ў рэгіёне, і ў свеце характарызуецца рэзкім падзеннем эканамічнага росту, беспрацоўем, інфляцыяй, — заўважыў ён. — У нашай дзяржаве захоўваюцца ўсе сацыяльныя гарантыі, забяспечваецца выкананне ўсіх абавязацельстваў. Гэта садзейнічае таму, што ўсе беларусы цудоўна разумеюць: для нас Прэзідэнт — гэта той гарант канстытуцыйнага ладу, стабільнасці, які дае нам усе вышэйпералічаныя даброты».

Вераніка КАНЮТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю