Top.Mail.Ru

Эксперты — аб вялікай размове ў Дзень народнага адзінства, аб яе сэнсах і задачах

Дыялог аб мінулым, сённяшнім і будучым.


Вялікая размова, якая ў Дзень народнага адзінства адбылася ў Палацы Незалежнасці з ідэалагічным актывам, гістарычнай і экспертнай супольнасцю, не толькі застанецца ў памяці яе ўдзельнікаў, а яшчэ доўга будзе абмяркоўвацца ў грамадстве, бо шырокае кола пытанняў, якое закраналася на сустрэчы, хвалюе кожнага жыхара нашай краіны. Як заўсёды, Прэзідэнт адказваў на пытанні з уласцівай яму шчырасцю і адкрытасцю. Закрытых тэм не было.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел звыш 50 чалавек, сярод якіх кіраўнікі дзяржаўных органаў, сродкаў масавай інфармацыі, гісторыкі, журналісты, палітолагі — лідары грамадскай думкі, да якіх прыслухоўваюцца. Кожны, хто хацеў, агучыў хвалюючае яго пытанне, уносіў прапановы і нават прасіў парады ў кіраўніка дзяржавы. Якія сэнсы вынеслі з сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з ідэалагічным актывам, гістарычнай і экспертнай супольнасцю, расказалі яе ўдзельнікі. 

«Толькі ў адзінстве — наша сіла»

old7f5vrv0u6foxj2o8q4ml157es1o4b.jpg

Як звярнула ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА, усе мерапрыемствы, што адбываюцца ў нашай краіне, і ў цэлым атмасфера, якая пануе ў грамадстве, сведчыць: нашы людзі вельмі цэняць тое, што сёння маюць. «І мірную спакойную краіну, і тую сацыяльную падтрымку, якой няма ні ў адной іншай краіне, — канкрэтызавала яна. — Мы дакладна ўсвядомілі, што толькі ў адзінстве — наша сіла. Мы дакладна засвоілі, што ўрокі гісторыі павінны добра памятаць. І не проста памятаць, а аналізаваць, рабіць усё для таго, каб трагічныя старонкі ў гісторыі нашай краіны ніколі не паўтарыліся. Людзі павінны дакладна ўсведамляць, што ад кожнага з нас залежыць будучыня краіны. І калі мы хочам жыць на сваёй зямлі, мы павінны зрабіць усё для таго, каб наша краіна развівалася далей, каб мы былі адзіныя ў імкненні захаваць сваю краіну».

«Дзякуючы кансалідацыі мы рухаемся далей»

000022_1738154398_692341_big.jpg

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА адзначыў, што ў Дзень народнага адзінства беларускі народ аддае даніну павагі гістарычнаму мінуламу, тым гераічным цяжкім гадам, дзякуючы якім нашы продкі выстаялі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аднавілі народную гаспадарку ў пасляваенны перыяд і стваралі нашу краіну такой, якой яе бачым сёння. «З іншага боку, мы глядзім наперад, — звярнуў увагу спікер. — Дзякуючы адзінству, кансалідацыі грамадства рухаемся далей і вырашаем самыя складаныя эканамічныя задачы, праблемы, якія сёння ўзнікаюць у жыцці кожнага чалавека». 

«Выбудоўваем сістэму каштоўнасцяў з апорай на гістарычны вопыт»

IMG-6657-1.jpg

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар МАРЗАЛЮК адзначыў, што ідэалогія — сістэма каштоўнасцяў, якая арганічна ўспрымаецца ўсім грамадствам. «Многія не разумеюць, у чым розніца паміж партыйнай ідэалогіяй і ідэалогіяй як сістэмы каштоўнасцяў грамадства, — заўважыў ён. — Тое, што мы завём ідэалогіяй, амерыканцы завуць амерыканскім ладам жыцця. Еўрапейцы называюць гэта еўрапейскімі каштоўнасцямі. Ёсць пэўны набор каштоўнасцяў, якія мы падзяляем, і тады можна казаць аб тым, што існуе ідэалагічна аднастайная тэрыторыя».

Па словах дэпутата, ідэалогія як сістэма каштоўнасцяў — не нуднае чытанне пад капірку, а тое, што рэалізоўваецца праз розныя праграмы, работу Усебеларускага народнага сходу, заканадаўчую практыку. «Глыбока памыляюцца тыя, хто думае, што ідэалогія — нешта выдуманае, — перакананы Ігар Марзалюк. — Насамрэч гэта якраз магчымасць тлумачыць людзям тыя рэчы, многія з якіх яны ўспрымаюць, падтрымліваюць. Таму ў нас такі ўзровень якасці жыцця, бо гэта звязана з нашымі фундаментальнымі каштоўнасцямі». 

Ëн дадаў, што ідэалогія — форма светапогляду. «А ўсялякі светапогляд — адказ на тры пытанні: адкуль мы, чаму мы такія і як нам развівацца, — канкрэтызаваў парламентарый. — Гэта ўсё адбываецца з апорай на гістарычны вопыт, на аснове чаго мы выбудоўваем сваю сістэму каштоўнасцяў». 

Кажучы пра адзінства ў беларускім грамадстве, Ігар Марзалюк звярнуў увагу на тое, што яно цесна звязана з павагай да іншых людзей незалежна ад іх веравызнання або мовы, на якой размаўляюць. «Мы не дыскрымінуем чалавека з-за таго, што ў яго іншы разрэз вачэй, іншая мова або іншая рэлігія, — канстатаваў дэпутат. — Наадварот, мы даём магчымасць развівацца. БССР была ўнікальнай рэспублікай, асабліва ў 1920-х гадах: меліся чатыры дзяржаўныя мовы. Больш у Савецкім Саюзе такой не было нідзе і ні ў каго». 

«Найважнейшая задача моладзі — не дапусціць раздзялення дзяржавы» 

Першы сакратар ЦК БРСМ, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Аляксандр ЛУК’ЯНАЎ падкрэсліў, што найважнейшая задача маладога пакалення — ніколі больш не дапусціць раздзялення нашай дзяржавы. 

000019_1698144459_595679_big.jpg

«Мы гэтага і не дапусцім, — адзначыў ён. — Перакананы, што так думае цяперашняе пакаленне маладых патрыётаў, хлопцаў і дзяўчат, якія ўступаюць у ваенна-патрыятычныя клубы, якія дапамагаюць умацоўваць памяць, працуючы ў складзе студатрадаў на гістарычных аб’ектах. Такіх, як Нацыянальны гістарычны музей, Парк народнага адзінства, мемарыяльны комплекс „Хатынь“, мемарыял „Брэсцкая крэпасць-герой“. Яны дакладна ведаюць, што наша задача — умацаванне і будаўніцтва не толькі фізічных аб’ектаў. Вельмі важныя нашы сувязі адзінства, шматграннага паняцця, якое заключаецца не толькі ў пазнацы грамадзянства ў пашпарце, але і ў нашай нацыянальнай ідэнтычнасці. Мы, беларусы, мірныя людзі і адзіны народ».

«Заўсёды прытрымліваемся міралюбівай лініі»

Дэкан факультэта журналістыкі БДУ, палітолаг Аляксей БЯЛЯЕЎ згадаў словы Прэзідэнта, які сказаў, што святы не нараджаюцца штучна: усё павінна выспець і ўсяму павінен быць свой час. «Паколькі Дзень народнага адзінства — яшчэ маладое свята, стаіць пытанне аб неабходнасці цэлага комплексу мерапрыемстваў па ўкараненні гэтага свята, каб яно стала сапраўды ўсенародным», — адзначыў Аляксей Бяляеў.

6c2c6b15148ee885ba7115fbb8ea534e.jpg

У якасці прыкладу, што любое падобнае рашэнне павінна выспець, дэкан факультэта журналістыкі БДУ нагадаў: падчас размовы ў Палацы Незалежнасці ўзнімалася пытанне аб стварэнні на месцы канцэнтрацыйнага лагера «Бяроза-Картузская» музея нацыянальнага маштабу. «Пытанне аб польскай акупацыі Заходняй Беларусі ў 1920-1930-х гадах — з таго разраду, што гістарычна мы ведаем гэтую падзею, але з палітычнага пункту гледжання ніколі не спрабавалі на гэтым зарабляць пэўныя ачкі, — канстатаваў ён. — Бо мы не жадаем сварыцца, заўсёды прытрымліваемся міралюбівай лініі, выбудоўвання канструктыўных адносін з суседзямі. Але, улічваючы пазіцыю той жа Польшчы, якая ні на які канструктыў не ідзе, а робіць усё для таго, каб абвастраць адносіны, вядома, нам трэба і да нашых грамадзян даводзіць, што ёсць пытанні да гэтай дзяржавы». 

Аляксей Бяляеў канкрэтызаваў, што менавіта праз Дзень народнага адзінства сёння можна ўзняць пытанні, звязаныя з несправядлівым Рыжскім мірным дагаворам 1921 года, які прывёў палову Беларусі амаль на два дзесяцігоддзі пад уладу людзей, якія тварылі на нашай зямлі этнацыд.

«Ëсць тыя, хто хоча пэўных вялікіх сэнсаў, зразумелых мэт»

На думку навуковага супрацоўніка Інстытута філасофіі НАН Беларусі Аляксея ДЗЕРМАНТА, часам у пытанні ідэалогіі не хапае зваротнай сувязі. «Мы прапаноўваем пэўныя канцэпты. Пытанне — як на гэта рэагуюць людзі, — удакладніў ён. — Перш за ўсё маладыя. З аднаго боку, нам здаецца, што ім трэба нешта максімальна прагматычнае — грошы, работа, жыллё. З іншага боку, ёсць тыя, хто хоча пэўных вялікіх сэнсаў, зразумелых мэт: куды мы ідзём? з кім мы ідзём? як сябе адчуваем у свеце? што такое быць беларусам? што такое беларуская нацыя на сучасным этапе?».

000022_1613722106_429399_big.jpg

Па словах эксперта, не забываючы пра рэальныя патрэбы людзей, трэба даносіць ім ідэалагічныя сэнсы. «Гэта баланс трэба захаваць, — лічыць Аляксей Дзермант. — Пытанне абмяркоўвалася і падчас вялікай размовы з кіраўніком дзяржавы. Прэзідэнт выказваў свой пункт гледжання. Мы пачулі канкрэтныя прапановы. У выніку гэта трэба прааналізаваць і перанесці ў рэальную практыку». 

«Мы не павінны штучна навязваць пэўныя прынцыпы і каштоўнасці»

Старшыня Беларускага камітэта маладзёжных арганізацый Вадзім БАРАВІК звярнуў увагу на тое, што Прэзідэнт справядліва падкрэсліў: і нацыянальная ідэя, і наш падыход да фарміравання ідэалогіі павінны будавацца ў канктэксце нацыянальнай дыскусіі. «Не трэба штучна навязваць пэўныя прынцыпы і каштоўнасці грамадству, — канкрэтызаваў ён. — Гэта не значыць, што ідэалагічны апарат у гэтым плане не працуе або нацыянальны лідар не вядзе краіну. У нас ёсць шлях, ёсць разуменне таго, як мы развіваем эканоміку, як выбудоўваем стратэгічныя адносіны, але сэнсы фарміруюцца ў нас цалкам дэмакратычным чынам. Гэта грамадская дыскусія, аналіз гістарычнага шляху, аналіз сучасных выклікаў. У гэтым канктэксце будзем накіроўваць нашу работу ў ідэалагічным плане». 

000022_1656511500_510814_big.jpg

Па меркаванні эксперта, нацыянальную ідэю нельга штучна навязаць. «Яе можна толькі сфарміраваць, абапіраючыся на шырокую грамадскую дыскусію», — канстатаваў ён.

Кажучы аб інфармацыйных укідах, якія грунтуюцца на тым, што ў Беларусі з пазіцыі канфрантацыі ўзаемадзейнічаюць з Польшчай, Вадзім Баравік падкрэсліў, што гэта хлусня. «Мы чулі ад Прэзідэнта, які кажа аб тым, што нават пэўныя праекты, фільмы дакументальныя патрэбна здымаць з пункту гледжання не абвастрэння адносін з нашымі суседзямі, а кіравання здаровым сэнсам. Варта заклікаць нашых суседзяў кіравацца менавіта тым жа: здаровым падыходам, дыялогам, знаходжаннем пунктаў судакранання, — праінфармаваў эксперт. — А праўду трэба казаць, калі былі такія падзеі ў гісторыі нашай краіны, калі наш народ пацярпеў або мы былі пазбаўлены магчымасці на сваёй зямлі прымаць рашэнні. Пра гэта трэба гаварыць. Мы гэтага хаваць не будзем. Аднак мы не зацікаўлены ў эскалацыі адносін, не зацікаўлены ў канфлікце. Беларусы хочуць мірна суіснаваць, узаемадзейнічаць, жыць мірна з нашымі суседзямі, гандляваць і працаваць. Галоўнае, каб і з іх боку быў такі ж падыход».

Вераніка КАНЮТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю