Навіна аб тым, што ўжо ў наступным месяцы можа быць падпісаны ўказ кіраўніка дзяржавы аб паўнамоцтвах і кампетэнцыях
кіраўнікоў базавых выканкамаў, стала без перабольшвання рэзананснай. Гэта тэма ўжо неаднойчы абмяркоўвалася, нават на ўзроўні Усебеларускага народнага сходу. У чацвер на адпаведнай нарадзе Прэзідэнт расставіў усе акцэнты, галоўныя з якіх: гэта патрэбна для нармальнага функцыянавання і развіцця інстытута дзяржавы, кіраўнік рай- або гарвыканкама павінен быць на сваёй тэрыторыі гаспадаром, з якога строга пытаюць, але які мае права гэтаксама строга спытаць з іншых.
«Рашэнні выканаўчага камітэта і старшыні выканкама павінны быць канчатковымі, абмеркаванню не падлягаць. У плане функцыяналу, які кладзецца на іх», — катэгарычна заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паразважаць аб тым, што дасць размеркаванне і канкрэтызацыя паўнамоцтваў старшынь базавых выканкамаў, мы прапанавалі экспертам – членам Савета Рэспублікі, які з’яўляецца органам тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, а таксама галоўным суб’ектам будучага ўказа — кіраўнікам мясцовай вертыкалі.
«Размеркаванне паўнамоцтваў — прыклад сапраўднай дэмакратыі»
- Так лічыць член Савета Рэспублікі, генеральны дырэктар Гомельскага гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Фармацыя» Людміла Сапега.
— Гэта чарговае пацвярджэнне таго, што мы жывём у па-сапраўднаму дэмакратычнай краіне, дзе існуе сапраўднае народаўладдзе і найважнейшыя пытанні вырашаюцца калегіяльна, — падкрэслівае яна. — У нашай гісторыі быў перыяд, калі для таго, каб адвесці краіну ад бездані, патрабавалася жорсткая канцэнтрацыя ўлады. Але дзякуючы волі і настойлівасці кіраўніка дзяржавы мы яго шчасліва абмінулі. Надышоў час больш шырока дэлегаваць уладныя паўнамоцтвы на месцы. Што асабліва важна ў аб'яўлены Год добраўпарадкавання, якое мае на ўвазе не толькі і не столькі навядзенне чысціні і парадку, але і вырашэнне больш значных задач. У тым ліку і прадпрыемствамі прыватнай формы ўласнасці. Ведаю, што многія з іх ахвотна падтрымліваюць усе мерапрыемствы мясцовай улады, ахвотна ідуць на кантакт. Больш за тое, самі нярэдка выступаюць ініцыятарамі тых ці іншых грамадска карысных і значных мерапрыемстваў. Але ёсць і тыя, хто не да канца ўсведамляе сваю долю сацыяльнай адказнасці, хто лічыць за лепшае трымацца ўбаку ад грамадскага жыцця, нават суботнікі, якія праводзяцца, ігнаруе. Павышэнне ролі старшынь гар-, райвыканкамаў, надзяленне іх дадатковымі паўнамоцтвамі якраз і неабходна для таго, каб аператыўна, на месцы вырашаць усе пытанні.
«Гэта своечасова і неабходна»
- Так ахарактарызаваў меркаванае рашэнне аб павышэнні статусу старшынь выканкамаў член Савета Рэспублікі, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Гарошкін.
— У Рэспубліцы Беларусь створана і функцыянуе вертыкаль улады, якая вынікамі і паказчыкамі даказвае сваю эфектыўнасць. Але Прэзідэнт Рэспублікі неаднойчы падкрэсліваў, што, зыходзячы з узрослых патрабаванняў і задач, якія стаяць перад кіраўнікамі
гар(рай)выканкамаў, дзе яны павінны быць прэзідэнтамі на сваіх тэрыторыях, ім патрэбны і адпаведныя паўнамоцтвы, — адзначыў кіраўнік дэпутацкага корпуса Магілёўшчыны. — Упэўнены, што ўзнятыя на нарадзе пытанні аб павышэнні статусу старшынь базавага ўзроўню своечасовыя і неабходныя. Для істотнага паляпшэння якаснага ўзроўню жыцця людзей у раёнах і гарадах паўнамоцтвы кіраўнікоў павінны ў поўным аб'ёме распаўсюджвацца на ўсе прадпрыемствы і арганізацыі, якія знаходзяцца на падведамнай тэрыторыі, нягледзячы на формы іх уласнасці і прыналежнасці. Старшыні гар-, райвыканкамаў павінны мець законную магчымасць прымаць адказныя рашэнні, якія падлягаюць няўхільнаму выкананню ўсімі суб'ектамі, і несці поўную адказнасць за іх рэалізацыю.
«Новыя паўнамоцтвы вертыкалі — на карысць дзяржаве»
- Старшыня Свіслацкага райвыканкама Андрэй ГРЫЦКЕВІЧ лічыць прававое рэгуляванне паўнамоцтваў старшынь выканкамаў мерай своечасовай. Асабліва ва ўмовах знешнеэканамічнай сітуацыі, якая склалася. У сувязі з гэтым перад мясцовымі ўладамі ставяцца сур'ёзныя задачы. Адна з галоўных — нарошчваць тэмпы развіцця. Гэта датычыць і планаў у сельскай гаспадарцы і фінансава-эканамічнай сферы ў цэлым. А вось рычагі да апошняга часу заставаліся ранейшымі.
Часам для вырашэння дробных пытанняў даводзіцца задзейнічаць шмат вышэйшых інстанцый. Напрыклад, каб адкрыць кар'ер па здабычы жвіру для будаўніцтва. Між тым час ідзе, будоўля зацягваецца. Калі гэта будуць вырашаць выканкамы, справа пойдзе хутчэй.
Рашэнне па прававым рэгуляванні паўнамоцтваў, на думку старшыні, дазволіць распараджацца рэшткамі сродкаў, што сведчыць аб даверы мясцовым органам улады, якія могуць накіраваць іх на патрэбныя мэты. Дзесьці гэта звязана з добраўпарадкаваннем, дзесьці — з капітальным рамонтам сацыяльных аб'ектаў. У сваю чаргу, людзі будуць бачыць, што ўлада хутка рэагуе на іх пытанні, аператыўна іх вырашае, што будзе садзейнічаць аўтарытэту вертыкалі.
Старшыня райвыканкама заўважае таксама, што ўлада павінна быць адзінай для ўсіх, у тым ліку для прыватнай сферы дзейнасці. Бывае, фермеры заяўляюць, што атрымліваюць мала падтрымкі. «Калі ўзяць па аб'ёме вытворчасці, ім яшчэ далёка да камунальных прадпрыемстваў — гэта несупастаўныя аб'ёмы. А мы за іх таксама адказваем. Таму лічу, што ўлады могуць даводзіць ім таксама заданні, яны павінны ісці ў адным рытме з усёй краінай, а не быць у нейкім асобным гурце. Орган улады павінен быць адзіным для ўсіх, бо гэта адназначна пойдзе на карысць дзяржаве», — упэўнены Андрэй Грыцкевіч.
«Норма падштурхне да больш эфектыўнай працы»
- Такую думку выказала старшыня Гарадоцкага райвыканкама Ірына ПАЛЯКОВА.
«Важна, што цяпер выканкам будзе мець права ўносіць пэўныя змяненні, перакідваць адпаведныя рэсурсы ў залежнасці ад сітуацыі па даходнай і расходнай частках гадавога ліміту раённага бюджэту, — сказала яна. — Яшчэ адна перавага — магчымасць распараджацца рэшткамі сродкаў адпаведнага бюджэту. Такая стымуляцыйная норма і мера будзе падштурхоўваць раёны працаваць яшчэ больш эфектыўна і дасягаць высокіх вынікаў».
Права старшыні райвыканкама ўзгадняць кіраўнікоў тэрытарыяльных органаў усіх міністэрстваў і ведамстваў, кіраўнікоў ключавых арганізацый раёна ўсіх формаў уласнасці па пераліку, які зацвердзіць сам выканкам, — гэта выдатны інструмент для фарміравання моцнага кадравага блока раёна, упэўнена старшыня райвыканкама.
«Менавіта старшыня на месцы ведае лепш, які спецыяліст патрэбны той ці іншай арганізацыі. Агульнае разуменне пастаўленых мэт і планаў, сумесная распрацоўка плана развіцця — гэта аснова паспяховага функцыянавання ўсіх сфер раёна, — лічыць Ірына Палякова. — Прэзідэнт адзначыў, што павышэнне статусу старшыняў выканкамаў базавага ўзроўню — гэта і шматразовае ўзмацненне адказнасці за развіццё горада і раёна. І гэта правільна, на такім прынцыпе і павінна грунтавацца наша работа. Толькі так мы зможам атрымаць большы вынік і апраўдаць чаканні нашых людзей».
«За рэгіён адказныя ўсе, хто працуе на яго тэрыторыі»
- Перакананы старшыня Быхаўскага райвыканкама Аляксандр КІСЯЛЁЎ.
«Бюджэт Быхаўскага раёна амаль на 40 % забяспечваюць прыватныя структуры, — паведаміў ён. — Дадатковыя паўнамоцтвы дадуць магчымасць выканаўчай уладзе больш уключаць прыватны бізнес у развіццё раёна і рэспублікі, у добраўпарадкаванне тэрыторый. Шэраг прыватнікаў маюць спажывецкі погляд на будынкі, якія выкупілі. А тое, што побач з імі, не хвалюе. Указ дасць магчымасць больш эфектыўна працаваць з прадстаўнікамі бізнесу. Вельмі правільна выказаўся на гэты конт Прэзідэнт. Не павінна быць дзяржавы ў дзяржаве. Павінна быць выразная пазіцыя, што ўсе мы — улада, бізнес — ідзём у адным напрамку. Ад гэтага эфектыўнасць нашай работы толькі павысіцца.
«Указ дазволіць больш аператыўна вырашаць пытанні, якія хвалююць насельніцтва»
- Лічыць старшыня Дрыбінскага райвыканкама Дзмітрый ЧЫГІР.
«Прэзідэнт на нарадзе па пытаннях удасканалення прававога рэгулявання статусу старшынь выканкамаў базавага ўзроўню агучыў вельмі актуальныя патрабаванні і пасылы, — адзначыў Дзмітрый Чыгір. — На нас сёння ўскладзена вялікая адказнасць за якасць работы ўсіх галін эканомікі, жыцця нашых грамадзян. І ад выразнай работы на месцах залежыць шмат чаго. Указ аб пашырэнні паўнамоцтваў старшынь райвыканкамаў дазволіць больш аператыўна вырашаць пытанні ў фінансавай і эканамічнай сферах, перш за ўсё праблем, якія хвалююць насельніцтва раёна. Прыватны бізнес павінен працаваць з мясцовай уладай плячо ў плячо і ўдзельнічаць у выкананні пастаўленых перад раёнам задач, а тым больш у Год добраўпарадкавання і пяцігодку якасці».
Паводле паведамленняў нашых карэспандэнтаў.