У аўторак Прэзідэнт уручыў сімвалы Дзяржаўнага знака якасці. Гэтай высокай адзнакі прадукцыя шэрагу прадпрыемстваў уганаравана за адпаведнасць такім паказчыкам якасці, як бяспека, экалагічнасць, інавацыйнасць, тэхналагічнасць і эстэтычнасць. Сярод пераможцаў — тавары айчынных брэндаў, якія палюбіліся як беларусам, так і замежным спажыўцам. Размова не толькі пра прадукты харчавання, але і пра айчынныя сельгастэхніку і аўтамабілі, якія шчыруюць на палетках і калясяць па дарогах далёка за межамі нашай краіны.
Уручаючы сімвалы Дзяржаўнага знака якасці, Аляксандр Лукашэнка знаёміўся з прадукцыяй пераможцаў, даваў кіраўніцтву прадпрыемстваў канкрэтныя даручэнні і, самае галоўнае, выказваў удзячнасць кожнаму калектыву, які робіць свой унёсак у тое, што за брэнд са слоганам «Зроблена ў Беларусі» не сорамна.
Разам з экспертамі згадваем яскравыя цытаты беларускага лідара, сказаныя падчас цырымоніі ўручэння сімвалаў Дзяржаўнага знака якасці.
Мы ўжо прызвычаіліся да якаснага жыцця
«У сучасных умовах агрэсіўнай канкурэнцыі і хуткай змены тэхналогій менавіта трэнд на якасць становіцца вызначальным на ўсіх узроўнях».

Як звярнула ўвагу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Ірына ДАЎГАЛА, каментуючы тэзіс кіраўніка дзяржавы, першая мэта — якасць, а прыбытак сам прыйдзе. «Такі лейтматыў можна вызначыць ва ўсіх вытворцаў, якія былі ўдастоены сімвалаў Дзяржаўнага знака якасці, — лічыць дэпутат. — Адноўленая традыцыя штогадовага ўручэння гэтага знака прымушае прадстаўнікоў абсалютна ўсіх галін шукаць новыя дзейсныя тэхналогіі».
З гэтымі словамі кіраўніка дзяржавы, перакананая Ірына Даўгала, варта не проста пагадзіцца, а трэба ўзяць іх на ўзбраенне і агрэсіўна, але ўдумліва рухацца наперад. «Тэхналогіі будучыні — гэта тое, чым будуць здавольвацца нашы ўнукі і праўнукі, — удакладніла парламентарый. — Свет не стаіць на месцы, усё мяняецца, і гэта ў парадку рэчаў. Хіба мы (маю на ўвазе сярэдняе пакаленне) у дзяцінстве маглі падумаць, што праз 20–30 гадоў будзем трымаць у руках смартфон, у якім усё: ад „банка“ да „кінатэатра“. Акрамя разумных тэлефонаў нас атачаюць не менш разумныя дамы, гарады».
Дэпутат звярнула ўвагу на тое, што мы хочам есці выключна якасныя і карысныя прадукты, але яны не падаюць з неба. «Таму Знак якасці быў уручаны тым прадпрыемствам, якія забяспечваюць вытворчасць такой прадукцыі (Рагачоўскі МКК, „Камунарка“, Кобрынскі масларобны-сыраробны завод) і тым, хто забяспечвае тэхналагічны працэс вытворчасці, у тым ліку прадуктаў харчавання (Гомсельмаш), — канкрэтызавала Ірына Даўгала. — Мы хочам з камфортам ездзіць на якасных аўтамабілях (БЕЛДЖЫ), насіць якаснае адзенне з натуральных тканін (Аршанскі льнокамбінат). Усё гэта сведчыць аб тым, што мы ўжо прызвычаіліся да якаснага жыцця».
За якасным жыццём, па словах намесніка старшыні Пастаяннай камісіі, стаіць чалавек. «Той, хто выконвае свой працэс каля станка, за канвеерам, а яшчэ кіраўнік, які не чакае каманды, а прымае дзейсныя рашэнні, не баіцца браць на сябе адказнасць і проста ідзе наперад, — адзначыла дэпутат. — Сёння важна не сузіраць развіццё тэхналагічнага працэсу, а яго ствараць, рухаць, каб лёгкасць і шпаркасць вырабу прадукцыі стала ключом да якасці. Нездарма кажуць, што найлепшая рэклама любога тавару — яго якасць. А ў свеце аб нашай прадукцыі толькі адно меркаванне: калі беларускае — значыць якаснае».
Наш фірменны знак — сінонім надзейнасці
«Даражэй за якасць нічога няма».

Па словах члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Андрэя КРЫВАНОСАВА, беларускі Знак якасці заваяваў сусветны давер. «Сімвалы Дзяржаўнага знака якасці ўручаны найлепшым прадпрыемствам краіны, — канстатаваў сенатар. — За кожнай узнагародай — высокі ўзровень прадукцыі і бездакорная рэпутацыя».
Парламентарый перакананы, што сёння маркіроўка «Зроблена ў Беларусі» — брэнд, якому сапраўды давяраюць. «Калі нашы камбайны адпраўляюцца ў Афрыку, а малочная прадукцыя — у Кітай, замежны пакупнік упэўнены, што набывае тавар найвышэйшай якасці, — канстатаваў ён. — Калі беларускія халадзільнікі і пральныя машыны „Атлант“ з’яўляюцца ў дамах тысяч сем’яў ад Казахстана да Сербіі, — гэта пацвярджэнне таго, што наш фірменны знак стаў сінонімам надзейнасці, даўгавечнасці і прадуманасці».
Трансфармаваць прызнанне ў экспартныя стратэгіі
«Трэба быць адказнымі гаспадарамі на сваім прадпрыемстве, у сваёй краіне і ў сваім жыцці».

Палітолаг Пётр ПЯТРОЎСКІ ў эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» адзначыў, што ўручэнне сімвалаў Дзяржаўнага знака якасці — гэта брэнд нашай краіны. «Падчас узнагароджання Прэзідэнт падкрэсліў, што самае галоўнае — не раздаць усім гэты сімвал (у такім выпадку дэвальвуецца Знак якасці), а заахвочваць гэтай узнагародай найлепшых», — звярнуў увагу ён.
Па словах эксперта, не сакрэт, што на постсавецкай прасторы і не толькі Беларусь прызнаецца краінай, дзе вырабляецца адна з найлепшых прадукцый у свеце. «Напрыклад, нашы трактары шануюць усюды, — канкрэтызаваў Пётр Пятроўскі. — Узяць тых жа палякаў. Санкцыі ўвялі, урад патрабуе ад польскіх фермераў, каб яны прадалі беларускія трактары. Дзесяцігоддзямі ў нас закуплялі гэту тэхніку, сваю вытворчасць знішчылі практычна. Фермеры адмаўляюцца і гавораць аб высокай якасці нашых трактароў, якія добра зарэкамендавалі сябе ў сельскай гаспадарцы. Акрамя таго, аграрыі патрабуюць ад сваёй дзяржавы, каб яна забяспечыла сэрвіснае абслугоўванне беларускіх трактароў. Аб чым гэта сведчыць? Польскія фермеры не хочуць адмаўляцца ад беларускай прадукцыі машынабудавання».
Палітолаг заўважаў, што высока цэняцца ў свеце і прадукцыя «БЕЛАЗа», беларускія харчовыя тавары. «Ніякіх генна-мадыфікаваных элементаў у нашых прадуктах няма, — патлумачыў высокі попыт Пётр Пятроўскі. — Калі гэта мяса, то гэта мяса, а не соевая каўбаса. Беларусь таксама заўсёды славілася выкарыстаннем у сельскай гаспадарцы біялагічных сродкаў абароны раслін. Натуральная прадукцыя — гэта наш брэнд, трэнд, і мы яго прасоўваем. Калі, давайце шчыра, у шэрагу афрыканскіх краін ёсць праблема голаду, то на нашым кантыненце стаіць пытанне — як з гэтага багацця выявіць карысную, якасную прадукцыю. Невыпадкова Прэзідэнт заклікае несці адказнасць за якасць. Каб спажывец за мяжой і далей быў упэўнены, што калі беларускае, то здаровае, карыснае і якаснае».
Па меркаванні эксперта, тыя 12 вытворцаў, якія сёлета атрымалі Дзяржаўны знак якасці, павінны трансфармаваць гэта прызнанне ў экспартныя стратэгіі. «Больш за тое, мы павінны дэманстраваць Знак якасці і нашым замежных партнёрам, гаворачы аб тым, што гэта найлепшае з найлепшага ў Беларусі, — дадаў ён. — Мы павінны цаніць нашы брэнды і больш аб іх гаварыць. Калі не мы, ніхто пра гэта не скажа».
Павышаць якасць і асартымент
«Ніколі не спыняйцеся на дасягнутым!»

Як звярнула ўвагу член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Паліна ВАСІЛЮК, айчынная прадукцыя з’яўляецца натуральнай, экалагічнай, інавацыйнай, бяспечнай.
«Пералік прадукцыі, якой прысвоены Дзяржаўны знак якасці, быў пашыраны, — удакладніла дэпутат. — Гэта сведчыць аб тым, што ў Беларусі шмат якаснай і канкурэнтаздольнай прадукцыі. У айчынных тавараў высокі рэйтынг як унутры краіны, так і за яе межамі. А ўсё таму, што ў свой прадукт беларусы ўкладваюць і сілы, і душу».
Па словах парламентарыя, развіваючы наш брэнд «Беларусь — краіна са знакам якасці», мы атрымліваем магчымасць максімальна не залежаць ад імпарту. «Вырабляючы канкурэнтаздольныя прадукты і забяспечваючы нашых людзей якаснымі таварамі і паслугамі, мы ўплываем на ўзровень жыцця ва ўсёй краіне, — лічыць Паліна Васілюк. — Таму сапраўды вельмі важна не спыняцца на дасягнутым, павышаць якасць і асартымент прадукцыі».
Адказнасць і прафесіяналізм павінны стаць ключавымі якасцямі кожнага
«Зніжэнне затрат, разумная эканомія, жорсткая вытворчая дысцыпліна — бесперапынныя і вельмі важныя працэсы».

«У сучасных умовах, калі ўзмацняецца глабальная канкурэнцыя, гэтыя прынцыпы, падыходы набываюць асаблівую значнасць, — лічыць член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Чырвонага Крыжа Ала СМАЛЯК. — Сёння гэта ўжо стратэгічная неабходнасць для павышэння канкурэнтаздольнасці, для забеспячэння высокай якасці прадукцыі, што выпускаецца, і захавання самых высокіх стандартаў».
І ў цэлым, адзначае сенатар, укараненне сучасных метадаў кіравання ў тым ліку рэсурсамі, аптымізацыя вытворчых працэсаў, кантроль усіх расходаў і затрат забяспечваюць устойлівае развіццё прадпрыемства, арганізацыі, што ў сваю чаргу садзейнічае павышэнню ўзроўню даходаў насельніцтва, умацаванню сацыяльнай стабільнасці.
«Кіраўнік дзяржавы зноў падкрэсліў, што ўсім нам трэба быць адказнымі гаспадарамі — на сваім прадпрыемстве, у сваёй краіне, у жыцці, — звяртае ўвагу Ала Смаляк. — Адказнасць і прафесіяналізм павінны стаць ключавымі якасцямі кожнага працаўніка, спецыяліста, кіраўніка, грамадзяніна. Гэта дакладнае патрабаванне часу. Ад разумення важнасці ролі, ступені адказнасці, аддачы кожнага з нас залежыць агульны дабрабыт краіны. Кожнае нашае дзеянне, кожнае рашэнне ўплывае на тое, якім будзе наша заўтра».
Вераніка КАНЮТА.