Пачалася серыя рабочых паездак кіраўніка дзяржавы ў рэгіёны краіны. З самага пачатку прэзідэнцтва беларускі лідар дэманструе, што ён не «кабінетны» кіраўнік. Аляксандр Лукашэнка рэгулярна бывае ў розных, нават самых аддаленых кропках Беларусі, каб на свае вочы ўбачыць і ацаніць сітуацыю, пагутарыць з людзьмі — і толькі пасля гэтага, калі ёсць такая неабходнасць, прымаюцца рашэнні.
Так было і гэтым разам. На прыкладзе рыбгаса «Палуж» Прэзідэнт азнаёміўся з вынікамі работы рыбаводчай галіны ў мінулым годзе і перспектывамі яе развіцця ў бягучай пяцігодцы. Затым у Краснапольскім райвыканкаме адбылася нарада па пытаннях комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці. Для ўмацавання яго сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу ў 2015 годзе Прэзідэнтам быў прыняты Указ № 235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці», зацверджана адпаведная Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна. У 2020 годзе ўказ быў падоўжаны: для гэтай тэрыторыі былі прадугледжаны прэферэнцыі ў выглядзе прыцягнення інвестыцый, замацавання працоўных рэсурсаў, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскагаспадарчых і будаўнічых арганізацый.
Праект указа, які прадугледжвае прадаўжэнне Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўшчыны, Аляксандр Лукашэнка даручыў дапрацаваць — з улікам дыскусіі на нарадзе і прыцягненнем да падрыхтоўкі праекта ўказа старшыняў сямі раёнаў, аб развіцці якіх вядзецца размова.
«Менавіта ў сінтэзе эканамічнага прагматызму і маральнага выхавання хаваецца формула краіны»
«Трэба паскарацца, трэба рабіць, трэба дзейнічаць. Трэба стварыць краіну, якую мы перададзім новаму пакаленню».
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, дырэктар Бярозаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Таццяна ІГНАЦЮК як педагог бачыць асноўную місію менавіта ў фарміраванні асобы будучыні грамадзяніна.— Галоўны капітал нацыі — гэта чалавек, яго душа, яго розум і яго сумленне, — выказала ўпэўненасць парламентарый.

Па меркаванні сенатара, паскорыцца і дзейнічаць трэба не толькі ў эканоміцы, але і ў адукацыі і выхаванні.
— Нам неабходна прывіваць любоў да працы, паказваючы на прыкладзе таго ж Краснаполля, што адраджэнне зямлі — гэта вынік чалавечых рук і волі, — удакладніла яна. — Нам трэба ўмацоўваць у маладых людзях пачуццё гаспадара. Мы перадаём ім не проста тэрыторыю, а суверэнную, незалежную Беларусь, якую цяперашняе пакаленне аберагала. Яны павінны не проста прыняць гэтую спадчыну, але і быць гатовымі яе абараняць і памнажаць.
У сінтэзе двух пачаткаў, па словах Таццяны Ігнацюк, і заключаецца вялікая мудрасць прэзідэнцкага пасылу.
— Ён неразрыўны: нельга стварыць магутную эканоміку, не выхаваўшы адказнага, сумленнага і працавітага чалавека, — лічыць парламентарый. — І наадварот, самыя добрыя намеры застануцца пустымі марамі без моцнай эканомікі. Таму сёння на нас — педагогах, вучоных, работніках культуры і сацыяльнай сферы — ляжыць асаблівая адказнасць. Пакуль дзяржава будуе заводы і развівае вытворчасць, мы абавязаны нястомна працаваць над выхаваннем Чалавека. Чалавека, які будзе здольны не толькі правільна кіраваць гэтымі актывамі, але і захавае душу народа, яго культуру і яго галоўную каштоўнасць — адзінства. Менавіта ў сінтэзе эканамічнага прагматызму і маральнага выхавання хаваецца формула той краіны, якую мы з чыстым сумленнем і надзеяй перададзім нашым дзецям.
«Наша „мабілізацыя“ — гэта сумленнае ворыва, будоўлі, засваенне новых тэхналогій»
«Трэба мабілізоўвацца, пакуль ідзе інфармацыйная вайна, а не гарачая, як у нас тут за плотам. А для таго, каб мабілізоўвацца, павінна быць сістэма, і яна павінна працаваць».Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы Кацярына ПАЗДЗЯЙКІНА адзначыла, што наведванне Прэзідэнтам Краснаполля і яго сумленная, адкрытая размова з чыноўнікамі — гэта важны сігнал для ўсяго грамадства: час патрабуе максімальнай аддачы.

— Пад «мабілізацыяй» кіраўнік дзяржавы мае на ўвазе не ваенныя дзеянні, а «працоўны фронт», — патлумачыла дэпутат. — Ва ўмовах глабальнага шторму, калі інтарэсы малых краін спрабуюць ігнараваць, наш адзіны шлях — стаць мацнейшым знутры. Як падкрэсліў Аляксандр Рыгоравіч, мы не можам змяніць сусветны парадак дня, але мы можам і павінны захаваць свой суверэнітэт.
Парламентарый распавяла, што гэта значыць на практыцы.
— Перш за ўсё «мабілізацыя» прадугледжвае жалезную дысцыпліну, эканамічную самадастатковасць і асабістую адказнасць кожнага за вынік, — канкрэтызавала Кацярына Паздзяйкіна.
Як акцэнтавала ўвагу дэпутат, у кожнага павінна быць разуменне: каб заўтра над Беларуссю заставалася мірнае неба, сёння кожны з нас павінен выкласціся на сваім працоўным месцы.
— Наша «мабілізацыя» — гэта сумленнае ворыва, будоўлі, засваенне новых тэхналогій, — удакладніла парламентарый. — Толькі так мы захаваем краіну і забяспечым будучыню нашых дзяцей.
«Павелічэнне спажывання рыбы павінна аказаць фундаментальны ўплыў на здароўе асобнага чалавека»
«Неабходнасць у такой (рыбнай. — Заўв. аўт.) прадукцыі ёсць на ўнутраным рынку, дзе за кошт айчынных прадпрыемстваў забяспечваецца менш за палову спажыванай рыбы. Бульбашы, бульбу ядзім. Але да бульбы трэба рыба. Не толькі мяса і малако».Палітолаг Пётр ПЯТРОЎСКІ адзначыў, што наведванне Прэзідэнтам рыбгаса «Палуж» нясе ў сабе сур’ёзную задуму.

— У Беларусі рэалізуецца мэтанакіраваная палітыка папулярызацыі спажывання рыбы, — патлумачыў ён. — У 2021-2025 гадах была рэалізавана падпраграма-5 «Развіццё рыбагаспадарчай дзейнасці». На 2026-2030 гады ў рамках дзяржпраграмы «АПК будучыні» выконваецца падпраграма «Развіццё аквакультуры і рыбалоўнай гаспадаркі». Фінансаванне ўсёй дзяржпраграмы на новы перыяд складзе больш за 119 мільярдаў рублёў.
Беларусь актыўна адыходзіць ад вырошчвання толькі карпавых відаў (цяпер яны складаюць каля 70-80 % улову) у бок індустрыяльнага рыбаводства. Пастаўлена задача штогод павялічваць вытворчасць фарэлі, асятра і сома. Да 2025 года плануецца знізіць долю карпа да 55 %, павялічыўшы вытворчасць расліннаедных і каштоўных відаў. Распрацаваны праект закона «Аб аквакультуры», які створыць выразную прававую базу для развядзення рыбы ў штучных умовах.
— Усё гэта робіцца з мэтай пашырэння рыбнага рацыёну сярэднестатыстычнага беларуса, які сёння складае ўсяго 15 кг рыбы ў год на чалавека (для параўнання ў Расіі і Літве — 24 кг, Італіі — 30 кг, Францыі — 32 кг, КНР — 40 кг, Карэі — 61 кг), — праінфармаваў эксперт. — І хоць колькасць спажыванай рыбы дзякуючы планавай палітыцы дзяржавы вырасла з 1998 года з 6,1 кг да 15 у 2020-х, аднак норма аховы здароўя ў 28 кг яшчэ не дасягнута. Ды і ўклад беларускіх гаспадарак складае пакуль толькі каля 2 кг на чалавека.
Пётр Пятроўскі адзначыў, што павелічэнне спажывання рыбы да ўзроўню нормы ў 28 кг павінна аказаць фундаментальны ўплыў як на здароўе асобнага чалавека, так і на сацыяльна-эканамічныя паказчыкі грамадства. Першае — зніжэнне смяротнасці ад сардэчна-сасудзістых захворванняў:
— Рост спажывання тлустай рыбы (крыніцы амега-3) вядзе да зніжэння ўзроўню «дрэннага» халестэрыну і рызыкі ўтварэння тромбаў, памяншэння выпадкаў інфарктаў і інсультаў на 25-30 %.
Другое — паляпшэнне псіхічнага здароўя і кагнітыўных функцый, паколькі тлустыя кіслоты крытычна важныя для працы мозгу. Краіны з высокім спажываннем рыбы маюць больш нізкія паказчыкі дэпрэсіі і узроставай дэменцыі. Трэцяе — умацаванне касцяной сістэмы (гаворка пра крыніцу вітаміна D). Ва ўмовах дэфіцыту сонечнага святла ў Беларусі рыба стане натуральнай крыніцай вітаміну D, што знізіць рызыку развіцця астэапарозу і палепшыць імунітэт.
Эксперт робіць выснову, што паляпшэнне рацыёну — гэта прамы шлях да павелічэння сярэдняй працягласці жыцця на 3-5 гадоў.
— У выніку адбудзецца паступовы адыход ад «цяжкай» дыеты з перавагай тлустых мясных прадуктаў і вугляводаў у бок больш лёгкай і збалансаванай мадэлі, што знізіць праблему атлусцення ў грамадстве, — удакладніў Пётр Пятроўскі.
Ён заўважыў, што попыт у 30 кг на чалавека патрабуе вытворчасці больш за 280 тысяч тон рыбы ў год. "Таму дзяржава не толькі папулярызуе рыбу, але і арганізуе мадэрнізацыю старых і будаўніцтва новых рыбгасаў, — патлумачыў эксперт.
«Агульны дабрабыт пачынаецца з эканомікі»
«Будзе эканоміка — будуць і грамадзяне жыць нармальна. Таму наперадзе — эканоміка, вытворчасці. Будзе вытворчасць — будуць людзі працаваць, будуць заробкі, будуць лепш жыць».
Па словах члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандра ГАРОШКІНА, гэты тэзіс Прэзідэнта з'яўляецца не проста лозунгам, а фундаментальным прынцыпам, стратэгічным кірункам развіцця нашых рэгіёнаў.

— Гэта заклік да рэальных дзеянняў, да ўсведамлення таго, што дабрабыт кожнага з нас непасрэдна звязаны з агульным эканамічным здароўем краіны, — звярнуў увагу сенатар. — Пераадоленне ўтрыманства і стаўка на развіццё вытворчасці, зыходзячы з магчымасцяў таго ці іншага рэгіёна, — гэта шлях да рэальнага, устойлівага і годнага ўзроўню жыцця для ўсіх. Выснова простая: агульны дабрабыт пачынаецца з эканомікі.
Аляксандр Гарошкін адзначыў, што нарада, якая адбылася ў Краснапольскім райвыканкаме, асабліва каштоўная тым, што размова ішла пра комплекснае развіццё канкрэтнай тэрыторыі — паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці. Член Савета Рэспублікі ўдзельнічаў у гэтым мерапрыемстве.
— Мы маем канкрэтныя даручэнні Прэзідэнта, дакладныя тэрміны і разуменне, дзе будзе ўзмоцнена падтрымка дзяржавы, — канстатаваў парламентарый. — Будзем працаваць над тым, каб кожнае праблемнае пытанне сумеснымі намаганнямі ўрада і мясцовых органаў улады знайшло сваё рашэнне.
Аляксандр Гарошкін перакананы, што жыццё людзей, якія жывуць і працуюць на гэтай зямлі, стане больш прывабным і перспектыўным.
«Адно з ключавых дасягненняў Беларусі — невялікі дысбаланс паміж рэгіёнамі краіны»
«Я як Прэзідэнт не ведаю, да чаго вас рыхтаваць. Вось працуем, каб жыць. Адзін лозунг: «Працуем, каб жыць». Не проста выжыць, а каб жыць. А што далей? А далей ніхто не ведае, што адбудзецца, што там выкінуць моцныя гэтага свету».
У эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Аляксандр ШПАКОЎСКІ акцэнтаваў увагу на тым, што адным са слупоў нашай дзяржавы, якая мае сацыяльна арыентаваны характар, з’яўляецца сельская гаспадарка і экспарт сельгаспрадукцыі. «Многія гады мы ўкладвалі значныя сродкі, не кажучы ўжо пра інвестыцыі ў чалавечы патэнцыял, у жывёлагадоўлю, каб стаць адной з вядучых сусветных дзяржаў — вытворцаў малака і малочнай прадукцыі, — канстатаваў ён. — Як вядома, малако і малочная прадукцыя не падаюць з неба і не растуць на дрэвах. У гэтай сітуацыі падзеж жывёлы, пра які не раз згадваў Прэзідэнт, памяншэнне пагалоўя для Беларусі прывядзе да зніжэння даходаў. А гэта непасрэдна адаб’ецца на жыцці кожнага грамадзяніна, нават калі яму здаецца, што ён працуе ў далёкай ад сельскай гаспадаркі сферы.

Госць праграмы падкрэсліў, што менавіта таму Аляксандр Лукашэнка можа сёння весці перагаворы сусветнага ўзроўню, а заўтра прыехаць у кароўнік, каб на свае вочы ўбачыць, як рэальна ідуць справы ў сельскай гаспадарцы. «Гэта спецыфіка Аляксандра Лукашэнкі, — звярнуў увагу парламентарый. — Шмат кіраўнікоў лічаць падобнае для сябе непрымальным. Але ў нас Прэзідэнт практыка-арыентаваны. Зыходзячы ў тым ліку з тых складаных знешніх умоў, у якіх існуе Беларусь, і, прама скажам, з унутранай эканамічнай заможнасці, Рэспубліка Беларусь не з’яўляецца рэсурсна багатай дзяржавай. Мы не можам дазволіць сабе марнатраўнасць. Калі ўклалі рубель — павінны атрымаць два, а не страціць гэты рубель. У гэтым і заключаецца сутнасць палітыкі Прэзідэнта».
Аляксандр Шпакоўскі лічыць, што ў кожным раёне павінны быць пункты росту, на якія Беларусь можа абапірацца сёння. Гэта найважнейшае пытанне суверэннай будучыні Беларусі, дадаў ён.
«Адно з ключавых дасягненняў Беларусі — адсутнасць разрыву паміж багатымі і беднымі, невялікі дысбаланс паміж рэгіёнамі краіны, — канстатаваў дэпутат. — Вядома, ёсць паспяховыя рэгіёны, ёсць адсталыя. Ёсць сталіца, дзе канцэнтруецца асноўны капітал — і чалавечы, і фінансавы. Гэта натуральна. Але мы імкнёмся не дапусціць фарміравання яўнага разрыву паміж рэгіёнамі і сталіцай — ні з пункту гледжання камфорту жыцця, ні з пункту гледжання даходаў. Ставяцца задачы па выраўноўванні сітуацыі, робяцца канкрэтныя намаганні».
Гэта не значыць, што па ўзмаху чароўнай палачкі заўтра людзі ў рэгіёнах прачнуцца з даходамі, як у Мінску, падкрэсліў ён. Але, па словах дэпутата, ёсць канкрэтныя прыкладныя крокі, якія неабходна зрабіць, каб палепшыць цяперашнюю сітуацыю і дасягнуць рэальных, адчувальных вынікаў у павышэнні дабрабыту насельніцтва.
Аляксандр Шпакоўскі звярнуў увагу на тое, што Прэзідэнт заўсёды гаворыць аб неабходнасці больш актыўна падключаць да работы мясцовую вертыкаль улады, выканкамы, бо ім больш зразумела, што адбываецца ў іх рэгіёнах.
— Найперш гэта іх задача, бо хто, як не яны — і ў грамадзянска-патрыятычным сэнсе, і з пункту гледжання малой радзімы, і ў асабістым, кар’ерным сэнсе (хто добра працуе, той часцей за ўсё расце па службе ў дзяржаве) — павінны быць зацікаўлены ў тым, каб прапанаваць сапраўды ўнікальныя, прарыўныя праекты, прыцягнуць у свой раён значныя інвестыцыі і вырвацца наперад? — задаў пытанне дэпутат. — Такія раёны ёсць, і такія кіраўнікі ёсць, але далёка не ўсе, на жаль.
Вольга АЛЯКСАНДРАВА, Вераніка КАНЮТА