Беларускім жанчынам вельмі пашанцавала — у нас «жаночы» Прэзідэнт. Так у свой час сябе назваў сам беларускі лідар, патлумачыўшы гэты пасыл тым, што жанчыны яго заўсёды падтрымлівалі. А апошнія, у сваю чаргу, не былі супраць: на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў яны адчуваюць дзяржаўную падтрымку, асаблівы клопат беларускага лідара, які заўсёды перажывае за нас — маці, працаўніц. Асаблівым знакам павагі да прыгожай паловы чалавецтва стала аб’яўленне 2026-га Годам беларускай жанчыны. Разам з экспертамі згадваем яскравыя цытаты Аляксандра Лукашэнкі, апошнім часам агучаныя пра жанчын і для жанчын.
«Будзем берагчы нашу жанчыну і сваю зямлю, абараняць сваю будучыню — сям’ю, родных, блізкіх і сяброў ад бед і нягод».
(Падчас навагодняга звароту да беларускага народа, 1 студзеня 2026 г.)
«Разам з намі ў страі — любімыя і непаўторныя беларускія жанчыны»
Па словах члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Андрэя КРЫВАНОСАВА, у аснове самога жыцця — жаночы пачатак. «Самыя знакавыя, дарагія словы і паняцці — жаночага роду, — падкрэсліў сенатар. — Зямля, Радзіма, сям’я. Зберажом сваю жанчыну — значыць зберажом і сваю сям’ю, сваю зямлю, сваю Радзіму, само жыццё».

Парламентарый акцэнтаваў увагу на тым, што беларуская жанчына заўсёды знаходзіцца побач з мужчынамі. «А часам — і наперадзе нас, — удакладніў ён. — Жанчыны выконваюць пастаўленыя задачы, натхняюць нас на подзвігі. Разам з намі, у тым ліку ва Узброеных Сілах, у страі — любімыя і непаўторныя беларускія жанчыны. Яны не толькі носяць пагоны, але і выконваюць баявыя задачы па абароне нашага мірнага неба ў войсках супрацьпаветранай абароны, арганізоўваюць сувязь і кіраванне, знаходзячыся ў падраздзяленнях сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання. Няўжо мы можам абысціся без іх, калі неабходна паправіць уласнае здароўе, калі маладыя людзі пасля выканання вучэбна-баявых задач патрабуюць аднаўлення? Хто, як не жанчыны-медыкі нашых бальніц і санітарных часцей, аказваюць гэты дабратворны ўплыў?»
Нават у сістэме ваенных камісарыятаў краіны няма лепшых кіраўнікоў аддзелаў прызыву, чым жанчыны. «Яны займаюцца падрыхтоўкай моладзі да праходжання ваеннай службы і, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта, двойчы на год накіроўваюць найлепшых юнакоў нашай краіны для службы ва Узброеныя Сілы для навучання абароне нашай Радзімы», — канстатаваў сенатар.
«Трэба сёлета зрабіць максімум для нашых жанчын. Гэта не таму, каб спадабацца вам, жанчынам. Вы сапраўды — аснова нашага жыцця».
(Падчас размовы з калектывам ААТ «Планар», 30 студзеня 2026 г.)
«Толькі з нашым Прэзідэнтам у кожнай жанчыны можа дух быць адважным, а сэрца — закаханым»
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Ірына ДАЎГАЛА лічыць вельмі важным тое, што словы нашага лідара заўсёды падмацоўваюцца пэўнымі справамі. «Сямейная палітыка ў нашай краіне прадугледжвае вялікую колькасць мер па падтрымцы, — канкрэтызавала дэпутат. — Літаральна з нараджэння немаўляці адчуваецца клопат дзяржавы і пра маму, і пра дзіця. Самы першы прыярытэт у Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бягучую пяцігодку — гэта нацыянальная дэмаграфічная бяспека: захаванне насельніцтва, умацаванне здароўя нацыі і падтрымка сям’і. Гэта не выпадкова».

Па словах намесніка старшыні Пастаяннай камісіі, сучаснае грамадства прызнае вялізную ролю, якую жанчыны адыгрываюць у сям’і. «Менавіта яны з’яўляюцца ключавымі фігурамі, — лічыць Ірына Даўгала. — Свядомасць, паводзіны жанчыны, роля жонкі, маці і работніцы прад’яўляюць да іх вельмі высокія патрабаванні. Паверце, я гэта ведаю па сабе, як жонка, як маці, як бабуля».
Парламентарый звярнула ўвагу на характэрны для нашай краіны высокі ўзровень занятасці прыгожага полу ў эканоміцы. «Каля 64 % беларусак працуюць на карысць эканомікі нашай краіны, з іх амаль 85 % — лэдзі працаздольнага ўзросту, — канкрэтызавала Ірына Даўгала. — Каля 44 % занятых у эканоміцы рэспублікі жанчын выхоўваюць малалетніх дзяцей».
Па словах Ірыны Даўгала, прафесійная дзейнасць, камунікат з людзьмі, удзел у грамадскім жыцці пашыраюць кругагляд жанчыны, узбагачаюць як у інтэлектуальным, так і ў эмацыянальным плане. «Жанчына — гэта заўсёды пачуцці і эмоцыі, мы перажываем за ўсё, што адбываецца ў нашых сем’ях, на працы, у краіне і нават у свеце, — заўважыла дэпутат. — Моцная жанчына кахае, прабачае, сыходзіць, адпускае, зноў спрабуе і ўпарціцца... Усё роўна, што жыццё ёй падае. Трэба — і на абарону сваёй Беларусі ўстанем! І толькі ў Беларусі, і толькі з нашым Прэзідэнтам у кожнай жанчыны можа дух быць адважным, а сэрца — закаханым».
«Мы выбралі сімвал гэтага года. Год беларускай жанчыны павінен стаць асаблівым».
(Падчас прыёму з нагоды старога Новага года, 13 студзеня 2026 г.)
«Жанчыны з'яўляюцца адной з апор нашай дзяржавы»
Беларуская дзяржава сапраўды клапоціцца аб захаванні правоў жанчын. У нашай краіне прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва давяраюць і даюць усе магчымасці для развіцця. На гэта звярнуў увагу палітолаг Аляксей ДЗЕРМАНТ у эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё».

Дарэчы, у нашай краіне свята 8 Сакавіка не толькі захавалі, але і напоўнілі новымі сэнсамі і традыцыямі. «Мы ведаем, што свята 8 Сакавіка з'явілася ў тым ліку дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі, — нагадаў Аляксей Дзермант. — Прарыўныя пастановы калісьці былі накіраваны на тое, каб жанчыны атрымалі роўныя з мужчынамі правы, маглі рэалізоўваць сябе. Мы ганарымся тым, што ў гэтым плане беларуская дзяржава сапраўды клапоціцца аб роўнасці, захаванні правоў жанчын. І гэта не проста прыгожыя словы, а факты. Мы бачым, што трохгадовы адпачынак па доглядзе дзіцяці ў такім аб'ёме, як у Беларусі, захаваўся фактычна ў адзінай краіне ў свеце. Мы бачым узровень падтрымкі мацярынства, узровень прадстаўніцтва жанчын у органах улады».
Палітолаг падкрэсліў, што беларуская дзяржава бачыць і аддачу ад жанчын краіны. «Жанчыны сапраўды з'яўляюцца адной з апор нашай дзяржавы. Мы бачым, якія важныя функцыі яны выконваюць у краіне, наколькі Прэзідэнт ім давярае, — звярнуў увагу госць праграмы. — Таму, з аднаго боку, 8 Сакавіка — гэта даніна традыцыям. З іншага — мы напаўняем свята сучаснымі сэнсамі, якія накіраваны на стваральную падтрымку жыцця, бо найважнейшая роля жанчыны — быць маці, нараджаць і выхоўваць дзяцей».
Госць эфіру канстатаваў, што дэмаграфічнае пытанне вельмі важнае для краіны. «Ад дэмаграфіі залежыць эканоміка: хто будзе працаваць, развіваць краіну, — падкрэсліў Аляксей Дзермант. — Для развітых краін характэрная праблема, якая звязана з так званым дэмаграфічным пераходам, калі людзі пераходзяць да жыцця ў гарадах, у высокаіндустрыялізаванае асяроддзе. Гэта, вядома, уплывае на памяншэнне нараджальнасці. Так адбываецца па ўсім свеце. Там, дзе надыходзіць новая тэхналагічная эпоха, адразу пачынаецца гэты дэмаграфічны пераход. Нам жа трэба ў гэтай сітуацыі захаваць ядро нашага насельніцтва, забяспечыць пераемнасць, рабіць так, каб людзі не проста нараджаліся, але і жылі ў годных умовах. Няма мэты, каб проста было як мага больш людзей. Мы выдатна разумеем, што чалавек павінен жыць у асяроддзі, забяспечаным сучаснымі выгодамі».
Эксперт адзначыў, што існуюць розныя спосабы вырашэння дэмаграфічных праблем, у тым ліку стымуляванне нараджальнасці, прыцягненне мігрантаў. Кожны са спосабаў, на яго думку, мае плюсы і мінусы. «Не заўсёды, нават у развітых краінах, спрацоўвае матэрыяльнае стымуляванне нараджальнасці. Тут трэба казаць аб змяненні стаўлення людзей да нараджэння дзяцей, да іх колькасці, ролі сям'і і гэтак далей. Гэта комплексная праца. Толькі комплексны падыход можа даць рэальны вынік», — лічыць Аляксей Дзермант.
Што датычыцца абвешчанага Прэзідэнтам 2026-га Годам беларускай жанчыны, палітолаг падкрэсліў: у нашай краіне дэманструюць ключавую, фундаментальную ролю жанчыны. «На працягу ўсяго часу, але ў гэты год асабліва будзе ўдзяляцца ўвага развіццю жаночага патэнцыялу, той ці іншай дапамогі», — канстатаваў ён.
Аляксей Дзермант асабліва адзначыў: у Беларусі ўсе маюць роўныя магчымасці, незалежна ад полу. «Калі ты чалавек, які эфектыўна займаецца сваёй працай, усе магчымасці ў цябе ёсць, — перакананы эксперт. — Гэта асноўная філасофія беларускай дзяржавы, якую мы атрымалі ў спадчыну з савецкага часу. І не проста атрымалі ў спадчыну, а спрабуем мадэрнізаваць, прыстасаваць да сучасных рэалій, нашай дзяржавы. І, мне здаецца, гэта атрымліваецца».
«Тут, у Беларусі, мы вас цэнім, мы вас любім, і тут ваша зямля».
(Падчас уручэння дзяржаўных узнагарод жанчынам напярэдадні 8 Сакавіка, 5 сакавіка 2026 г.)
Як звярнуў увагу член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей МЯЛЕШКІН, кожнай жанчыне прыемна чуць цёплыя словы ў свой адрас. «Але яшчэ больш важна адчуваць прызнанне і павагу свайго ўкладу ў развіццё і росквіт Радзімы, — удакладніў сенатар. — Няхай гэта будзе маладая мама ці ўжо вопытная, шматдзетная захавальніца ачага, кіраўнік прадпрыемства або працаўніца сяла. А часта жанчына ўмела спалучае ў сабе адразу некалькі роляў».

Па словах парламентарыя, за кожным словам Прэзідэнта заўсёды ідуць рэальныя крокі. «А яго ўвагу і падтрымку жаночай часткі нашага насельніцтва ва ўсіх сферах жыцця цяжка пераацаніць, — перакананы Сяргей Мялешкін. — Кіраўнік дзяржавы гэта даказвае асабістым прыкладам і як бацька трох сыноў, і як лідар: умацоўваючы і развіваючы Беларусь, разумее вядучую ролю беларускай жанчыны ў гэтым працэсе».
«Я гаварыў і яшчэ раз паўтару: вы наша самая эфектыўная дыпламатычная зброя. Ганаруся тым, што ў Беларусі многія жанчыны займаюць высокія пасады ў дзяржаўных органах, грамадскіх арганізацыях, кіруюць прадпрыемствамі. І на кожным участку даказваюць сваю кампетэнтнасць, прафесіяналізм і адданасць Радзіме».
(Падчас сустрэчы з актывам Беларускага саюза жанчын, 5 сакавіка 2024 г.)
«На любой пасадзе жанчына застаецца маці»
Па словах члена Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Галіны БЯЛЯЕВАЙ, эвалюцыйна складалася так, што жанчыны часцей сутыкаліся з рызыкамі для жыцця і дабрабыту сваіх дзяцей, сям’і. «Соцыум часта ўскладаў на ахоўніц сямейнага ачага дадатковыя клопаты аб іх бяспецы, — адзначыла дэпутат. — Усе гэтыя фактары з пакалення ў пакаленне ўзмацнялі ўвагу „слабага полу“ да абставін, якія маглі паўплываць як на стварэнне небяспечнай сітуацыі, так і на фарміраванне бяспечнага асяроддзя. Сёння такія паняцці, як „мір“ і „бяспека“, — базавая патрэба, якая фарміруецца на несвядомым узроўні кожнай жанчыны, бо ад стану грамадства, ад яго росквіту залежыць лёс таго, хто з’яўляецца для кожнай жанчыны найвышэйшай каштоўнасцю, — дзіцяці».

Дэпутат звярнула ўвагу на тое, што сёння нашы жанчыны праяўляюць кампетэнтнасць на высокіх пасадах у дзяржаўных органах, бяруць на сябе груз адказнасці ў рабоце грамадскіх арганізацый, смела і па-мужчынску кіруюць прадпрыемствамі. «Падчас канфліктаў менавіта жанчыны бліжэй за ўсё звязаны са сваімі супольнасцямі, што дапамагае нам больш паспяхова медыяваць канфлікты, — прывяла прыклад парламентарый. — Усе гэтыя якасці, усе намаганні накіраваны ў адно рэчышча — захаванне і мір роднага дома».
Словы Прэзідэнта, па меркаванні Галіны Бяляевай, не проста напоўнены прызнаннем і павагай да той ролі, якую беларуская жанчына адыгрывае ў жыцці кожнага чалавека, у развіцці ўсёй нашай краіны. «Але на любой пасадзе жанчына застаецца маці, — удакладніла дэпутат. — Выконваючы неўласцівую ёй функцыю абаронцы Радзімы, жанчына змагла прайсці ўсе нягоды і застацца чалавекам, які захаваў годнасць».
Вольга АЛЯКСАНДРАВА, Вераніка КАНЮТА