Top.Mail.Ru

Эксперты — аб пасылах кіраўніка дзяржавы, важных для ўсёй краіны

«У каласальнай інтуіцыі нашаму лідару не адмовіш»

Працоўны графік Прэзідэнта традыцыйна закранае як міжнародны, так і ўнутраны парадак дня. Разнастайная тэматыка нарад у Палацы Незалежнасці і выязных мерапрыемстваў з удзелам кіраўніка дзяржавы сведчыць аб тым, што для Аляксандра Лукашэнкі няма няважных пытанняў. Ставячы задачы перад той ці іншай галіной эканомікі, перад канкрэтнымі службовымі асобамі, Прэзідэнт нярэдка маштабуе пытанні, выносіць іх на дзяржаўны ўзровень.

Разам з экспертамі згадваем яскравыя цытаты беларускага лідара, агучаныя публічна цягам апошніх тыдняў.

«У Беларусі імідж надзейнага, стабільнага, адкрытага і сумленнага партнёра»

Як нагадала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Ірына ДАЎГАЛА, яшчэ гадоў дваццаць таму ў многіх Кітай асацыіраваўся з таннай працоўнай сілай і шырспажывам. Сёння людзі ўжо бачаць у гэтай краіне пастаўшчыка перадавых тэхналогій. «Прэзідэнт засяродзіў увагу на тым, што Кітай — не проста асноўны партнёр для нас, а для ўсіх краін, якія намецілі сабе развіццё, — заўважыла дэпутат. — У каласальнай інтуіцыі нашаму лідару не адмовіш, бо яго першы візіт у Кітай у якасці Прэзідэнта адбыўся яшчэ ў 1995 годзе. І вось праз больш чым трыццаць гадоў нават самыя закаранелыя скептыкі наўрад ці могуць хоць нечым аргументаваць сваю нязгоду з кіраўніком дзяржавы».

  • Прыкладамі паспяховага ўзаемадзеяння Беларусі і Кітая з’яўляюцца шматлікія сумесныя праекты. «У першую чаргу, гэта індустрыяльны парк „Вялікі камень“, завод „Белджы“, развіццё цэлюлознай і горназдабыўной вытворчасці, гасцініца „Пекін“ і цэлы шэраг іншых праектаў, рэалізаваных сумесна з кітайскімі партнёрамі, — канкрэтызавала дэпутат. — Не лішнім будзе нагадаць, што кітайскі досвед быў выкарыстаны пры арганізацыі свабодных эканамічных зон, якія дзейсна працуюць».

Намеснік старшыні пастаяннай камісіі адзначыла, што пры аналізе міжнароднага права асаблівая ўвага ўдзяляецца вывучэнню заканадаўства самых блізкіх (не толькі геаграфічна) партнёраў. Для нашай краіны гэта Расія і Кітай. «Аднак не будзем забывацца, што мы працуем ужо над выкананнем Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на 2026–2030 гады, дзе сярод найважнейшых прыярытэтаў — рост канкурэнтаздольнасці, паскарэнне тэхналагічнага развіцця, лічбавая трансфармацыя, а таксама моцныя рэгіёны, — канстатавала Ірына Даўгала. — Усё гэта сведчыць аб тым, што развіццё адносін абсалютна ва ўсіх сферах з Кітаем дае вялікія магчымасці для выканання гэтых прыярытэтаў».

«Калі будзем адносіцца да ўсяго так, як да свайго, тады будзе вынік»

Па словах члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, дырэктара РДУВП «Конус» РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі» Андрэя ЖАМОЙДЫ, Прэзідэнт даў зразумець, што галоўнае ў любой рабоце — гэта не прыгожая справаздача і агульны паказчык, а канкрэтныя вынікі на кожным прадпрыемстве, у кожнай гаспадарцы.

«Калі нешта не атрымліваецца, не хапае ўласных сіл, трэба прама заявіць аб гэтым, прасіць дапамогі ў дзяржавы, — лічыць сенатар. — Праблемы, калі яны ёсць, нельга замоўчваць, бо гэта можа прывесці да самых негатыўных наступстваў. Калі мы маўчым год, два, тры — усё назапашваецца, пасля чаго гэты клубок праблем цяжка вырашыць. І калі ў выніку закрыцця прадпрыемства людзі паедуць на заробкі ў іншыя рэгіёны, краіны, не будзе каму працаваць. А назад людзей вельмі складана вярнуць».

У гэтай сувязі асноўнай задачай кожнага кіраўніка прадпрыемства парламентарый бачыць стварэнне камфортных і бяспечных умоў працы. «Вельмі важна ісці насустрач людзям — гэта свайго роду эканоміка з чалавечым абліччам, — заўважыў Андрэй Жамойда. — Калі мы хочам патрабаваць ад работнікаў выніку, найперш трэба стварыць камфортныя, бяспечныя ўмовы працы, пры якіх можна зарабіць добрыя грошы. Немалаважнай з’яўляецца прэміяльная форма аплаты, каб людзі не атрымлівалі грошы, а менавіта зараблялі іх, каб ім было гэта цікава».

Па меркаванні члена Савета Рэспублікі, у сучасных умовах, як ніколі, кадры вырашаюць усё. «На маім прадпрыемстве асноўнае звяно ў гэтым складаным ланцужку — гэта, вядома, людзі, — падкрэсліў ён. — І багацце нашага прадпрыемства — яго супрацоўнікі. Калі сітуацыя з кадрамі на месцах не пушчана на самацёк, то няма выпадкаў безгаспадарлівасці, п’янства, нядобрасумленнага выканання працоўных абавязкаў».

Андрэй Жамойда звярнуў увагу на тое, што, калі мы хочам жыць у прыгожай краіне, жыць у дабрабыце, трэба закасаць рукавы і сумленна працаваць на вынік. І працаваць так, каб ад гэтага была карысць. «Кіраўнік павінен згуртаваць калектыў, каб працаваць як адно цэлае, — лічыць дырэктар прадпрыемства. — Няма такога паняцця „не маё“. Калі будзем адносіцца да ўсяго, у тым ліку да выканання сваіх прафесійных абавязкаў, так, як да свайго, тады будзе вынік. Трэба берагчы, памнажаць тое, што ёсць, і тады праблемы знікнуць самі сабой».

І не варта, па словах сенатара, пэўныя цяжкасці спіхваць на санкцыі. «З моманту будаўніцтва прадпрыемства не было такога года, каб не было пэўных праблем, — канкрэтызаваў дырэктар „Конуса“. — Гэта не першыя санкцыі, якія прымяняліся ў дачыненні да нашага прадпрыемства. Ужо даўно калектыву пастаўлена задача — сыходзіць ад залежнасці, ад імпартнага. Мы не сядзім на месцы, а шукаем магчымасці знайсці ўсё неабходнае — найперш сыравіну, абсталяванне, каб годна працаваць. Трэба пастаянна развівацца і імкнуцца да новага. Тады і вынік будзе».

«Мы павінны быць моцнымі»

У эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» старшыня таварыства «Веды» Аляксей АЎДОНІН адзначыў, што пытанне ўмацавання абараназдольнасці нашай краіны паўстае так востра ў сувязі з актыўнай мілітарызацыяй нашых суседзяў, якія маюць дачыненне да блока НАТА.

Па словах старшыні таварыства «Веды», для таго каб абараняць свой суверэнітэт, эканамічныя і гандлёвыя інтарэсы, абараняць свой народ, патрэбна перадавая зброя. «Хто моцны, хто валодае сучасным узбраеннем і ваеннай тэхнікай, той, натуральна, можа забяспечыць і абарону сваіх граніц, сваёй дзяржавы, грамадства, — падкрэсліў Аляксей Аўдонін. — Мы бачым, як агрэсіруюць буйныя карпарацыі і банкі, выкарыстоўваючы дзяржаўную ваенную моц супраць суверэнных дзяржаў. І калі ў таго ці іншага боку ёсць магутны ВПК, моцныя перадавыя Узброеныя Сілы, то, зразумела, блок НАТА некалькі разоў падумае перад тым, як пачынаць пэўную агрэсію».

Па словах эксперта, апошнія 30 гадоў паказалі, што тыя краіны, якія не мелі свайго ваенна-прамысловага комплексу, уласных вытворчасцяў боепрыпасаў, зброі, ваенных комплексаў, станавіліся лёгкай здабычай, ахвярамі агрэсіі з боку блоку НАТА. «Прэзідэнт цудоўна разумее, што для таго, каб абараняць нашу краіну ў гэтых няпростых умовах, у якіх знаходзіцца ўсё чалавецтва, неабходна максімальнае развіццё свайго ВПК і ўкараненне ў вытворчасць самых перадавых тэхналогій», — адзначыў ён.

Гаворачы аб важнасці стварэння вытворчасцяў па вырабе айчынных артылерыйскіх боепрыпасаў, Аляксей Аўдонін падкрэсліў: калі ў цябе ёсць зброя, але няма боепрыпасаў, то гэта зброя не мае ніякай каштоўнасці. «Любыя баявыя дзеянні, любое забеспячэнне абароны патрабуюць уласнай вытворчасці, яе маштабавання, — канстатаваў ён. — Наша задача — у першую чаргу забяспечыць дастатковы аб’ём вытворчасці боепрыпасаў на выпадак пэўных сітуацый. Мы ні ў якім разе не рыхтуемся да вайны. Самае галоўнае — забяспечыць абарону нашай дзяржавы так, каб гарачыя галовы НАТА ні пры якіх абставінах не адважваліся на пэўныя правакацыі або агрэсію супраць нашай краіны. Для гэтага мы павінны быць моцнымі».

«Навука — не субсідыя, а інвестыцыя»

Па словах члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, дырэктара Бярозаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Таццяны ІГНАЦЮК, днямі беларусы і не толькі сталі сведкамі вельмі важнай, філасофскай размовы аб справядлівасці і адказнасці. Сенатар удакладніла, што на нарадзе па праекце Указа «Аб удасканаленні навуковай дзейнасці» Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што плаціць будуць толькі за вынік.

«Гэта напамін нам усім аб тым, што навука — не субсідыя, а інвестыцыя, — патлумачыла сенатар. — Інвестыцыя народа ў інтэлект. І любы інвестар мае права спытаць: а які дывідэнд? Мне, як чалавеку, які шмат гадоў працуе ў сістэме адукацыі, вельмі блізкія словы Прэзідэнта аб тым, што вучоны павінен разумець, за што ён атрымлівае грошы. Але тут ёсць і іншы бок медаля. Вынік у навуцы вельмі розны. Часам гэта неадкладнае ўкараненне на заводзе. А часам — фундаментальнае адкрыццё, якое дасць плён праз дзесяць, а то і дваццаць гадоў. І наша з вамі справа — знайсці баланс, каб не засячы на корані тое, што яшчэ не паспела вырасці».

  • Важнае, па меркаванні парламентарыя, — у праекце ўказа захоўваецца базавае фінансаванне навуковай галіны. «Гэта той самы „пласт грунту“, без якога не ўзыдзе ніводнае зерне, — заўважыла Таццяна Ігнацюк. — Так, яго трэба настройваць, удасканальваць, але не знішчаць. І тут кіраўнік дзяржавы мае рацыю: ніякіх расплывістых фармулёвак, ніякіх „потым вырашым“. Дакумент павінен быць празрыстым як шкло. Навуковец — чалавек творчы, але нават творчаму чалавеку патрэбна цвёрдая глеба пад нагамі. Любы навуковец, які садзіцца за пісьмовы стол, павінен разумець правілы гульні на гады наперад. Ён павінен ведаць, колькі каштуе яго ідэя і які канкрэтны крок трэба зрабіць, каб атрымаць годную аплату. Незабяспечаныя абяцанні забіваюць энтузіязм хутчэй, чым адсутнасць прыбораў».

Член Савета Рэспублікі канстатавала: мудрасць рашэння Аляксандра Лукашэнкі не ў тым, каб зацягнуць паясы, а ў тым, каб навучыць цаніць сябе і сваю працу. «Сапраўдны вучоны не той, хто просіць стаўку, а той, хто прапануе рашэнне, — лічыць парламентарый. — І плаціць мы павінны не за прысутнасць на працоўным месцы, а за прарыў. Ёсць такі мудры выраз: „Навука — гэта спосаб думаць пра заўтра“. Дык вось, плаціць за навуку — таксама спосаб думаць пра заўтра. Не пра ўчарашнія заслугі, не пра сённяшні статус, а пра тое, што мы пакінем дзецям. Якія тэхналогіі, якія лекі, якія імёны. І калі так глядзець, то фраза „плаціць за вынік“ перастае палохаць. Яна пачынае натхняць».

«Прэзідэнт патрабуе ўкладваць рэсурсы ў тыя кірункі, якія будуць запатрабаваны заўтра»

Як звярнуў увагу член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Сяргей КЛІШЭВІЧ, свет сёння падзелены на тэхналагічныя і сыравінныя зоны. «Паколькі ў Беларусі няма вялікіх запасаў каштоўнай сыравіны, за выключэннем калію, асноўныя кампетэнцыі беларускай навуковай школы яшчэ за савецкім часам былі звязаны з машынабудаваннем, мікраэлектронікай і ВПК, — адзначыў дэпутат. — Сёння ўсе гэтыя кірункі даюць вялікі прыбытак, бо з-за санкцый і іншых бар’ераў нашы саюзнікі, у першую чаргу Расія, не могуць купляць імпартныя аналагі».

Каб захоўваць і развіваць нашы галоўныя кампетэнцыі, па словах парламентарыя, Беларусь укладвае вялікія сродкі ў адукацыю, а таксама профільныя навуковыя распрацоўкі. «Прэзідэнтам прапрацоўваецца механізм стварэння адукацыйнага цэнтра — вобразна кажучы, канструктарскага бюро з самых таленавітых студэнтаў, якія будуць узаемадзейнічаць з ВНУ і Акадэміяй навук па сеткавым прынцыпе, па 8–10 запатрабаваных кірунках», — удакладніў Сяргей Клішэвіч.

Ён звярнуў увагу на тое, што ў нашай краіне створаны моцныя навуковыя калектывы. Напрыклад, такія як «Планар». «Стаіць задача кадрава іх амаладзіць, — адзначыў дэпутат. — Больш за тое, Прэзідэнт патрабуе ўкладваць рэсурсы ў тыя кірункі, якія будуць запатрабаваны заўтра. Гэта не толькі ВПК, але і біятэхналогіі. Харчаванне штогод даражэе ў свеце, і тут беларусы маюць не толькі ўнікальную сістэму падрыхтоўкі, якая была захавана, але і новыя рынкі збыту, якія сёння даюць нам асноўныя даходы па сухім малаку і іншых пазіцыях. Што да тэрыторыі нашай краіны, то мы стратэгічна ўцягнуты ў транзіт, лагістыку, а таксама продаж энергарэсурсаў. Выкарыстоўваючы гэта ўнікальнае геаграфічнае становішча, мы можам зарабляць сродкі, каб укладваць іх у больш тэхналагічныя сферы эканомікі».

Вераніка КАНЮТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю