Вялікі кадравы дзень адбыўся ў чацвер у Палацы Незалежнасці. Прызначэнні датычыліся рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, аблвыканкамаў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, найважнейшых дзяржаўных арганізацый, устаноў вышэйшай адукацыі. Кожнаму з запрошаных у працоўны кабінет Аляксандр Лукашэнка даў асабісты наказ, паставіў канкрэтныя задачы. Кіраўніцтва да дзеянняў на давераным участку работы, адрасаванае Прэзідэнтам службовай асобе або калектыву, прагучала як устаноўка для кожнага жыхара Беларусі, які на сваім працоўным месцы павінен рабіць усё для таго, каб наша краіна стала яшчэ больш прыгожай і моцнай.
«Прэзідэнт, безумоўна, унікае ў справы ўсіх рэгіёнаў»
Прызначаючы Аляксандра Рагожніка губернатарам Віцебскай вобласці, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што рэгіён мае патрэбу ў прарыве, і агучыў шэраг кірункаў работы, якія дапамогуць выправіць складаную сітуацыю, што склалася на Віцебшчыне. Сярод іх — захаванасць жывёлы, будаўніцтва малочнатаварных комплексаў, аднаўленне вытворчасці свініны, развіццё дрэваапрацоўчай галіны. Падобныя пасылы гучалі і падчас прызначэння новых старшынь трох райвыканкамаў на Магілёўшчыне, намесніка губернатара рэгіёна.
Як звярнуў увагу ў эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім ГІГІН, па апошніх кадравых рашэннях Прэзідэнта можна ўбачыць усю стратэгію кадравай палітыкі кіраўніка дзяржавы. Штабам, які праводзіць гэту палітыку, безумоўна, з’яўляецца Адміністрацыя Прэзідэнта, і тут, па словах дэпутата, вельмі важная пасада кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
«Пытаннем развіцця Віцебскай вобласці кіраўнік дзяржавы вельмі сур’ёзна займаецца, — канстатаваў Вадзім Гігін. — І тут справа не толькі ў тым, якія паказчыкі на Віцебшчыне. Прэзідэнт неаднаразова адзначаў: падобны разбор будзе і па іншых рэгіёнах нашай краіны. Цяпер трэба там (у Віцебскай вобласці. — „Зв.“) навесці парадак. Прэзідэнт даволі зразумела сфармуляваў гэту праграму».
Падтрымка ў губернатара Віцебскай вобласці, як звярнуў увагу дэпутат, вялікая. «Два спікеры парламента, якія знаходзіліся ў Палацы Незалежнасці падчас прызначэння Аляксандра Рагожніка, курыруюць гэтыя пытанні, — канкрэтызаваў ён. — Пашанцавала Віцебскай вобласці, што і Наталля Іванаўна Качанава, і Ігар Пятровіч Сергяенка шчыльна звязаны з рэгіёнам: жылі там, працавалі. Таму падтрымка, хутчэй за ўсё, будзе. Уважліва сочыць за сітуацыяй Прэзідэнт. Безумоўна, ён унікае ў справы ўсіх рэгіёнаў. У ходзе разбору, які быў па Віцебскай вобласці, усе задачы вызначаны, недахопы выяўлены, працавала рабочая група — праграма дзеянняў зразумелая. Так, ёсць сур’ёзныя складанасці. У пэўных раёнах нават застарэлыя праблемы, якія давядзецца выкарчоўваць, прымаць нестандартныя рашэнні. На гэта павінен быць нацэлены губернатар».
«Эфектыўнасць сацыяльнай палітыкі вымяраецца ўпэўненасцю ў заўтрашнім дні»
Прызначаючы Андрэя Лабовіча міністрам працы і сацыяльнай абароны, Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржаўныя прыярытэты накіраваны на ўкладанне ў чалавечы капітал. Аляксандр Лукашэнка арыентаваў на тое, каб міністэрства гучала і давала вынік.
Па словах члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, дырэктара Бярозаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Таццяны ІГНАЦЮК, кадравыя рашэнні кіраўніка дзяржавы — гэта заўсёды падзея, якая задае новы імпульс у рабоце дзяржаўнага апарату. «Прызначэнне Андрэя Лабовіча на пасаду міністра працы і сацыяльнай абароны — лагічны і ўзважаны працяг курса на ўмацаванне сацыяльнай стабільнасці нашай краіны», — лічыць сенатар.
Парламентарый звярнула ўвагу на тое, што ў словах Прэзідэнта, адрасаваных новаму міністру, — сутнасць сучаснага дзяржаўнага кіравання. «Сацыяльны блок — жывы, пульсуючы нерв дзяржавы, які павінен адчуваць кожнае біццё грамадскага жыцця, — падкрэсліла яна. — Быць „бачным“ — значыць быць адкрытым для дыялогу з кожным грамадзянінам, з кожным прафсаюзам, з кожным работадаўцам. Быць „чутным“ — значыць чула ўлоўліваць запыты людзей, аператыўна і прадметна на іх рэагаваць. Але ключавое даручэнне Аляксандра Лукашэнкі — гэта вынік. Вынік для кожнай сям’і, для кожнага чалавека, які апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, для кожнага маладога спецыяліста і ветэрана. Эфектыўнасць сацыяльнай палітыкі вымяраецца спакоем у вачах бацькоў, магчымасцямі для развіцця дзяцей, дастойнай пенсіяй і ўпэўненасцю ў заўтрашнім дні».
«Інтарэс да ваеннага турызму вельмі высокі»
Ставячы задачы перад новым дырэктарам Нацыянальнага агенцтва па турызме, беларускі лідар у цэлым указаў на важнасць развіцця турыстычнай сферы для краіны, якая можа прыносіць сур’ёзныя даходы.
Як звярнуў увагу член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, дырэктар мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць — герой» Аляксандр КАРКАТАДЗЭ, адным з галоўных кірункаў работы на наступную пяцігодку з’яўляецца дзяржаўная праграма «Турызм», якая шчыльна звязана з дзяржпраграмай «Культурная прастора».
«На прыкладзе мемарыяльнага комплексу „Брэсцкая крэпасць-герой“ магу сказаць, што запатрабаванасць мемарыялаў у наведвальнікаў, у тым ліку турыстаў, расце з году ў год, — канстатаваў ён. — Напрыклад, у 2025 годзе мемарыяльны комплекс наведалі звыш 723 тысяч чалавек, мы правялі каля 14 тысяч экскурсій. І гэта дастаткова заўважны рост у параўнанні з 2024 годам, калі мемарыял наведалі 602 тысячы чалавек».
Па словах Аляксандра Каркатадзэ, з кожным годам інтарэс у турыстаў да нашай краіны расце. «Штогод мемарыял „Брэсцкая крэпасць — герой“ прырастае наведвальнікамі на 108-109 %, — канкрэтызаваў ён. — Інтарэс да ваеннага турызму (гэта датычыцца і нашага мемарыялу, і мемарыяльнага комплексу „Хатынь“, і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны) вельмі высокі. Чаму? Гэта тэма цяпер актуальная: людзі шукаюць адказы на сучасныя выклікі — ваенныя, палітычныя — у нашай гераічнай гісторыі. Як наш народ выстаяў у гады акупацыі, праз што ён прайшоў у гэты складаны перыяд. Людзі хочуць гэта ведаць, каб умацавацца духоўна, маральна ў сучаснасці. Па адказы на гэтыя пытанні едуць у нашы мемарыялы, музеі».
Член Савета Рэспублікі заўважыў, што ў наш час роля музеяў незвычайна высокая. «Вялікая ўвага ўдзяляецца выхаванню патрыёта сваёй краіны, аб чым гаварылася і падчас пасяджэння VІІ Усебеларускага народнага сходу, сказана аб гэтым і ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бягучую пяцігодку, — канкрэтызаваў ён. — А выхаванне патрыёта немагчыма без ведання гісторыі, яе крытычных момантаў. Таму музеі — на перадавых пазіцыях. Сумеснымі намаганнямі гісторыкаў, музейшчыкаў і педагогаў выхаваем пакаленне, якому можна будзе смела даверыць будучыню нашай краіны».
«Рухаць краіну наперад можна толькі пры дапамозе інавацыйнага развіцця»
Прызначаючы рэктараў дзвюх рэгіянальных ВНУ ў Брэсце і Гомелі, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на падтрымку таленавітай моладзі. Ён праінфармаваў, што разглядаецца варыянт стварэння ў краіне адукацыйнага цэнтра (універсітэта) з мэтай сабраць у ім самых талковых хлопцаў і дзяўчат. У цэнтры будзе весціся навучанне па самых перспектыўных, запатрабаваных кірунках, сярод якіх — касмічныя апараты, праектаванне, будаўніцтва, біятэхналогіі на грані з медыцынай.
Сваім меркаваннем, чаму такі падыход да навучання кадраў актуальны для Беларусі, з карэспандэнтам «Звязды» падзяліўся дэкан факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей БЯЛЯЕЎ. Па яго словах, асаблівы падыход з боку кіраўніка дзяржавы да навучання таленавітай і адоранай моладзі з’яўляецца паказчыкам працяглай, комплекснай работы ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь.
«Сёння рухаць краіну наперад можна толькі пры дапамозе інавацыйнага развіцця, — перакананы дэкан журфака. — І вялізны ўклад у гэту справу павінна ўносіць моладзь: спецыялісты, вучоныя, распрацоўшчыкі. Для таго, каб яны з’явіліся, неабходна стварыць сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу, умовы для камфортнага навучання таленавітых дзяцей, што дасць магчымасць рэалізоўваць ім свае задумы».
Па словах дэкана факультэта журналістыкі БДУ, вельмі добрай бачыцца ініцыятыва стварэння ўніверсальнага ўсебеларускага цэнтра для адоранай моладзі, аб чым гаварыў кіраўнік дзяржавы. «Шмат таленавітай моладзі навучаецца ў рэгіянальных ВНУ, — канстатаваў ён. — Неабходна аб’яднаць адораных дзяцей, даць ім пэўныя магчымасці, каб яны хаця б у пэўныя перыяды свайго навучання прыязджалі, слухалі лекцыі, займаліся з выкладчыкамі — вядучымі спецыялістамі ў сваіх галінах, таленавітымі педагогамі. Цэнтр стане ўнікальнай пляцоўкай для развіцця, пашырэння ведаў і атрымання новых кампетэнцый па асноўных кірунках, запатрабаваных у Беларусі».
Па меркаванні Аляксея Бяляева, вельмі важна, каб таленавітай моладзі была аказана падтрымка з боку рэктараў рэгіянальных ВНУ. «Тыя, хто навучаецца ў Мінску, у БДУ, маюць доступ да магчымасцяў выкарыстоўваць матэрыяльна-тэхнічную, навучальную, лабараторную базу, карыстацца бібліятэкай, доступам да міжнароднай сеткі бібліятэк, атрымліваць неабходную інфармацыю, — канстатаваў дэкан. — У рэгіёнах неабходна падняць на больш высокую ступень падтрымку такой моладзі — нашых будучых распрацоўшчыкаў, спецыялістаў. Рэгіянальныя рэктары павінны выяўляць такіх дзяцей, дапамагаць ім, падтрымліваць, накіроўваць на своеасаблівае маладзёжнае павышэнне кваліфікацыі, пакідаючы іх пад сваім кантролем. Усё найлепшае, што ёсць у Беларусі — напрацоўкі, дасягненні, лабараторныя магчымасці, увесь бібліятэчны фонд, — мы павінны даць у рукі маладым, бо ім развіваць нашу Беларусь».
«Працаваць на ўзмацненне тэхналагічнага патэнцыялу Беларусі»
Канкрэтнага выніку Прэзідэнт чакае і ад новага кіраўніка дзяржаўнай установы «Адміністрацыя Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» Таццяны Харлап. Парк развіваецца, але свет не стаіць на месцы, а таму ўдасканальваць яшчэ ёсць што.
«Праект „Вялікі камень“ ужо адбыўся як флагманскі праект беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, але памяняліся кантэкст і міжнародная сітуацыя, — звярнуў увагу філосаф-палітолаг Аляксей ДЗЕРМАНТ. — Калі раней Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк бачыўся як пэўны хаб (лагістычны і вытворчы) для таго, каб прадукцыя „Вялікага каменя“, шматлікіх карпарацый, якія з’яўляюцца рэзідэнтамі парка, пастаўлялася ў Заходнюю Еўропу, то сёння мы бачым, наколькі сітуацыя з граніцай вострая, наколькі Захад спрабуе ўсяляк ціснуць не толькі на Беларусь, але і на Кітай».
Па словах эксперта, нават у гэтай няпростай міжнароднай сітуацыі індустрыяльны парк «Вялікі камень» не страчвае свае функцыі варотаў у Еўропу для кітайскай і сумеснай прадукцыі. «Аднак стаіць задача працаваць і з іншымі рынкамі, — удакладніў Аляксей Дзермант. — Перш за ўсё гэта рынак Еўразійскага саюза, рынак усяго свету. Так ці інакш лагістыка можа быць выбудавана і ў абыход несяброўскіх дзяржаў, але для гэтага патрэбна працаваць. Каб прыходзілі рэзідэнты, ішлі інвестыцыі і, самае галоўнае, ажыццяўлялася не проста адгрузка кітайскай прадукцыі, а вытворчае напаўненне: каб там былі вытворчасці і яны працавалі на ўзмацненне тэхналагічнага патэнцыялу Беларусі».
Па меркаванні філосафа-палітолага, парку «Вялікі камень» важна не страціць тую першапачатковую прыцягальнасць у якасці транзітнага пункта і хаба. «Аднак трэба набыць тэхналагічныя кампетэнцыі, перш за ўсё з дапамогай кітайскіх інвестараў, — лічыць Аляксей Дзермант. — Нават у гэтай вельмі складанай, абвостранай геапалітычнай абстаноўцы Беларусь працягвае рабіць стаўку на развіццё, тэхналогіі, супрацоўніцтва з такімі звышдзяржавамі, як Кітай».
Вераніка КАНЮТА