Top.Mail.Ru

Эксперты — аб індэксе спажывецкіх цэн і фактарах, якія ўплываюць на яго

Інфляцыя няўхільна запавольваецца

Інфляцыя — дзяржаўнае рэгуляванне або рынкавы баланс. Як абараніць кашалькі беларусаў і стымуляваць эканамічнае развіццё. Гэта і не толькі абмеркавалі ў ток-шоу на тэлеканале «Беларусь 1».

Мяса або капуста? 

Як разлічваецца індэкс спажывецкіх цэн і што важней для яго разліку, расказаў намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Аляксей ЯРКАВЕЦ.

Паводле яго слоў, калі разглядаць інфляцыю як сярэдні паказчык (а гэта сапраўды так, таму што макраэканамічны паказчык уключае ў сябе сярэдні разлік па 516 таварах і паслугах, якія карыстаюцца найбольшым попытам у насельніцтва), то гэта колькасць тавараў складае спажывецкі кошык, які фарміруецца з пераваг у насельніцтва Беларусі.

— Мы назіраем за больш чым 6 тысячамі хатніх гаспадарак. Той, хто трапіў у поле зроку, старанна пазначае ўсе выдаткі, якія ён нясе ў краме, сферы паслуг і інтэрнэце. Зыходзячы з гэтых выдаткаў, фарміруецца структура спажывецкага кошыка, і тавары, якія карыстаюцца попытам (іх удзельная вага складае больш за 0,01 %), уключаюцца ў кошык для разліку індэкса спажывецкіх цэн, — падрабязна растлумачыў госць ток-шоу.


Намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі пацвердзіў, што цэны на тавары і паслугі, якія ўваходзяць у кошык, могуць адрознівацца ад сярэдняй. Дарэчы, уплывае больш прадукцыя, якая знаходзіцца ў попыце. 

— Калі людзі больш купляюць мяса, гародніну, садавіну, хлеб, то і рост цэн на іх будзе большы, і іх уплыў на сярэдні паказчык інфляцыі таксама будзе вышэйшы. Цяпер мы маніторым цэны практычна па ўсёй Беларусі. Пад наглядам знаходзіцца 31 горад, — дадаў ён.

Сёння для збору інфармацыі выкарыстоўваюцца камбінаваныя метады. Калі раней гэта рабілі спецыяльна навучаныя людзі, якія рэгістравалі цэны (зараз яны таксама засталіся), то цяпер упор больш робіцца на сучасныя падыходы. Напрыклад, даныя аб цэнах збіраюцца ў інтэрнэт-гандлі, у базе чэкаў і касавага абсталявання.

Рэгістратар можа падаць у месяц 70 тысяч каціровак, а звесткі МПЗ дазваляюць сабраць больш за 1 мільён. Гэта дае магчымасць разлічыць больш дакладныя ў сярэднім паказчыкі.

— Дарэчы, з улікам таго, што калі мяса есць большая колькасць людзей і выдаткоўвае на яго больш, чым на капусту, то ўплыў мясной прадукцыі на агульны індэкс будзе вышэй, — удакладніў, завяршаючы думку, Аляксей Яркавец.

Заробкі растуць хутчэй, чым цэны

Даходы беларусаў у апошнія гады дэманструюць упэўнены рост. На гэтую ўстойлівую тэндэнцыю звярнуў увагу намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Андрэй КАРТУН:

— Даходы насельніцтва ў Беларусі за апошнія гады значна выраслі. Такім чынам, пакупніцкая здольнасць грамадзян істотна павялічылася. Фіксаваныя ў краіне паказчыкі інфляцыі — гэта нармальная з’ява, паколькі рэальныя наяўныя грашовыя даходы беларусаў у апошнія гады стабільна растуць больш чым на 9 % за год — хутчэй, чым цэны.

Таксама Андрэй Картун нагадаў, што ключавыя прагнозныя параметры развіцця краіны на 2026 год зацверджаны ўказам № 385 ад 3 лістапада 2025 года. Для Нацыянальнага банка і ўрада ўстаноўлена задача па стрымліванні інфляцыі на ўзроўні не вышэй за 7 %. Ён лічыць, што гэты паказчык павінен быць дасягнуты: 

— У цэлым на 80 % агульны рост цэн звязаны з падаражэннем 7-8 таварных груп. Гэта нешматлікія таварныя катэгорыі ў агульнай масе. Інфляцыя няўхільна запавольваецца. Ужо ўшчыльную набліжаемся да гадавога прыросту спажывецкіх цэн — крыху больш за 5 %. А базавая інфляцыя, якая выключае сезонныя ваганні і рэгуляваныя кошты, паводле аператыўнай інфармацыі, у красавіку складае ніжэй за 5 %.

Важны баланс

Адказваючы на пытанне, наколькі інструменты Нацыянальнага банка сінхранізаваныя з мерамі ўрада па стрымліванні цэн, Андрэй Картун падкрэсліў:

— Нацыянальны банк і Савет Міністраў цесна ўзаемадзейнічаюць. Урад, у прыватнасці, працуе над пытаннямі імпартазамяшчэння, рэалізуе інвестыцыйныя праекты, рэгулюе дзяржаўныя закупкі. Усё гэта ўплывае на інфляцыю. Іншы аспект — гэта інфляцыя попыту. Мы, па сутнасці, рэгулюем кошт грошай у эканоміцы. Лішак грошай у эканоміцы — гэта дрэнна, паколькі пачынаецца гонка за таварамі, што падганяе інфляцыю. Працэнтная стаўка — гэта інструмент, які рэгулюе сітуацыю, які кошт грошай у эканоміцы. Калі мы бачым, што ёсць нейкі дысбаланс на рынку, то з дапамогай працэнтнай стаўкі рэгулюем кошт рэсурсаў, неабходных эканоміцы. Калі мы зробім крэдыты занадта таннымі, то тым самым разагрэем унутраны попыт, ВУП, але якую цану пры гэтым прыйдзецца заплаціць? З улікам імпартаёмістасці эканомікі Беларусі доўга не пратрымаемся. Пры такім падыходзе атрымалі б вялікае адмоўнае сальда плацежнага балансу — і гэта адбілася б на курсе, інфляцыі. Таму, зразумела, важна выконваць баланс. Нацбанк і ўрад працуюць у адной звязцы. Нельга забываць і аб укладчыках, якія захоўваюць свае грошы ў банках, а таксама аб інвестыцыях. Пры нізкай стаўцы людзям будзе нявыгадна зберагаць сродкі ў банкаўскіх установах. Адпаведна, людзі альбо пачнуць больш траціць, альбо будуць больш актыўна купляць валюту. Вельмі важны баланс.


Гаворачы аб курсе долара, намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка звярнуў увагу:

— Мы ўжо больш за 10 гадоў жывём у рэжыме кіраванага плавання. І гэта, дарэчы, вельмі добра працуе. Што гэта значыць? Калі ў сілу нейкіх прычын складваецца сітуацыя, калі на курс ціснуць знешнія фактары, то мы яго не стрымліваем, а толькі можам згладжваць пэўныя ваганні. Некалькі гадоў запар турбулентнасць на расійскім рынку адбіваецца на нас. Быў пабіты рэкорд па курсе долара за апошнія некалькі гадоў. Добра гэта ці дрэнна — дыскусійнае пытанне. Але ў нас, падкрэслю, няма мэты трымаць курс долара каля 3 рублёў, у раёне 2,8 рубля або 2,5.

Акрамя таго, адзначыў Андрэй Картун, валютная выручка ў Беларусі дэманструе ўстойлівы рост, што, у прыватнасці, станоўча адбіваецца на цэнах.

Па матэрыялах news.by і sb.by


У тэму

У I квартале 2026 года ў Беларусі працягнулася запаволенне інфляцыйных працэсаў

Пры мэтавым параметры не вышэй за 7 % у гадавым выражэнні, факт сакавік 2026-га да сакавіка мінулага года склаў 5,4 %. 

Як патлумачылі ў Нацбанку, у значнай меры запаволенне інфляцыі было абумоўлена паслабленнем ціску з боку цэн на імпартуемыя тавары. Уплыў айчынных вытворцаў на дынаміку цэн пры гэтым заставаўся умераным.

Уздзеянне з боку эканамічнай актыўнасці на інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў у цэлым было нейтральным.

Манетарная палітыка захоўвала накіраванасць на забеспячэнне фінансавай і макраэканамічнай стабільнасці.

Дарэчы

Да 15 % гадавых

Працэнтныя стаўкі, якія склаліся ў сакавіку на дэпазітным і крэдытным рынках, падтрымлівалі прывабнасць зберажэнняў у беларускіх рублях і крэдытную актыўнасць у эканоміцы.

Як растлумачылі ў Нацбанку, сярэдняя працэнтная стаўка па новых безадзыўных рублёвых дэпазітах фізічных асоб на тэрмін звыш трох гадоў склала 14,9 % гадавых.

У цэлым сярэдняя працэнтная стаўка па новых тэрміновых укладах насельніцтва ў беларускіх рублях склалася на ўзроўні 11,5 % гадавых.

Сярэдняя працэнтная стаўка па новых рынкавых крэдытах (за перыяд карыстання без умоў растэрміноўкі), прадастаўленых банкамі юрыдычным асобам у нацвалюце, склала ў сакавіку 11,4 % гадавых, фізічным асобам — 14,8 % гадавых.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю