Падпісанне Прэзідэнтам Дырэктывы № 12 «Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы» — свайго роду сведчанне сталасці нашага грамадства. Беларусы, будуючы сваю незалежную дзяржаву, дасягнулі таго ўзроўню развіцця як нацыя, калі можна сур’ёзна і з разуменнем не толькі гаварыць пра хлеб надзённы, але шукаць і знаходзіць сэнсы існавання і развіцця народа, краіны, яе суверэнітэту. Гэты дакумент не толькі для кіраўнікоў, яго павінен вывучыць кожны. Гэта, як было вобразна сказана, буквар грамадзяніна. Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы, зацверджаныя Дырэктывай, даюць канкрэтны адказ на важныя для асэнсавання саміх сябе пытанні — хто мы, па якой дарозе ідзём, якімі арыенцірамі кіруемся. Толькі ведаючы адказ на іх, насельніцтва пэўнай тэрыторыі сапраўды становіцца грамадзянамі пэўнай краіны.
«Гэта вельмі важны дакумент, — адзначыў у каментарыі БелТА міністр інфармацыі Марат Маркаў. — Першыя ўказы па ідэалагічнай рабоце з’явіліся ў 2003 годзе, гэта, значыць, 22 гады таму. Адпаведна, сёння гэтаятэма актуальная хаця б таму, што час змяніўся. Змяніліся і інфармацыйныя сродкі як адны з галоўных інструментаў ідэалагічнай работы. Ідэалагічная вертыкаль, грамадскія аб’яднанні, палітычныя партыі і сродкі масавай інфармацыі — гэта асноўныя інструменты, якія падтрымліваюць ідэалагічную работу. Трэба было гэта актуалізаваць, прывесці да сучаснага стану рэальнасці. Так, падпісанне Дырэктывы № 12 — гэта важна і вельмі своечасова».
Міністр інфармацыі падкрэсліў, што цяпер неабходна дэталёва вывучыць кожны пункт дырэктывы. «Нават першае азнаямленне паказвае, што дакумент вельмі глыбокі, яго трэба грунтоўна асэнсаваць, прапусціць праз сябе і выкарыстоўваць. Але выкарыстоўваць з розумам, таму што няма нічога горшага, чым проста рабіць выгляд, што ты займаешся ідэалагічнай працай. Гэта выклікае толькі абурэнне. Калі рабіць усё прадумана, правільна выкарыстоўваць ідэалагічныя інструменты, у тым ліку СМІ, тады гэта будзе на карысць усім».
Таццяна Гагакава, начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалогіі і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, лічыць, што дырэктыва прынятая своечасова, бо такое рашэнне саспела, яно па-сапраўднаму выверана практыкай. «Сведчаннем таму апошнія электаральныя кампаніі, якія прайшлі спакойна, арганізавана, на высокім узроўні. Апошняе таксама могуць запісаць сабе ў актыў ідэалагічныя работнікі. Не варта забываць, што адной з галоўных мэт ідэалагічнай работы і з’яўляюцца стабільнасць і спакой у грамадстве», — сказала яна.
Надзвычай важным, на думку Таццяны Гагакавай, з’яўляецца той факт, што дакумент утрымлівае тэарэтычны курс асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы, а яшчэ ў ім прапісаны механізмы рэалізацыі ідэалагічнай работы. «Яшчэ пры распрацоўцы дакумента мы ўлічвалі вопыт работы нашага актыву ў раёнах, бралі іх напрацоўкі, прапановы з тым, каб папярэджваць некаторыя выклікі ці праблемы грамадства, а не разбірацца з іх наступствамі,» — падзялілася яна.
«Я вельмі рада, што дакументам прадугледжана замацаваная адказнасць кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый усіх форм уласнасці за якасць ідэалагічнай работы, — сказала Таццяна Гагакава. — Раней мы найчасцей ішлі ў калектывы дзяржаўных прадпрыемстваў. Але ж эканамічна і палітычна актыўныя людзі працуюць не толькі там, многія заняты ў прыватным сектары. Цяпер у кожным калектыве будзе работнік, адказны за гэты кірунак».
Вячаслаў Даніловіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, доктар гістарычных навук звяртае ўвагу на тое, што перш за ўсё дырэктыва ўдасканальвае сістэму ідэалагічнай работы ў адпаведнасці з сучаснымі выклікамі, якія стаяць перад нашым грамадствам і дзяржавай ва ўмовах гібрыдных войн, фарміравання шматпалярнага светаўладкавання. «Ідэалагічная работа накіроўваецца на ахоп арганізацый усіх форм уласнасці, улік рэальных запытаў насельніцтва, забеспячэнне эфектыўнай камунікацыі ўлады і грамадства, — адзначае дэпутат. — Пры гэтым выразна акрэслена мэта — пабудова сацыяльна справядлівага грамадства праз фарміраванне ўсебакова развітой асобы, здольнай адстойваць нацыянальныя інтарэсы».
Вячаслаў Даніловіч падкрэслівае важнасць таго, што ў дырэктыву закладзены прынцып адзінства ідэалагічнай, кіраўнічай, гаспадарчай і арганізатарскай дзейнасці. «Абсалютна абгрунтавана пад асаблівы кантроль дзяржавы пастаўлена ідэалагічная работа ў сферах адукацыі, культуры, навукі, спорту, этнаканфесійных адносін, сямейнай, маладзёжнай, інфармацыйнай і гістарычнай палітыкі, — лічыць парламентарый. — Падкрэслена важнасць укаранення і распаўсюджвання адзіных дзён інфармавання, справаздач улад перад насельніцтвам, дыялогавых пляцовак, грамадскіх прыёмных, сустрэч у працоўных калектывах і па месцы жыхарства, грамадскіх абмеркаванняў рашэнняў, якія прымаюцца».
Дэпутат канстатуе, што ў Беларусі сфарміравана ўласная мадэль грамадскага развіцця, якая з’яўляецца ўвасабленнем ідэалогіі беларускай дзяржавы, якая, у сваю чаргу, адлюстроўвае нацыянальна-гістарычныя традыцыі і каштоўнасці беларускага народа.
«Зацверджаныя асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы ўтрымліваюць уяўленні аб фарміраванні беларускай нацыі, якая належыць да ўсходнеславянскай цывілізацыі, аб асноўных этапах фарміравання беларускай дзяржаўнасці, ролі народаўладдзя і прэзідэнцкай рэспублікі, — канкрэтызуе Вячаслаў Даніловіч. — Падкрэслена важнасць патрыятызму, традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў, сацыяльнай справядлівасці, сацыяльна арыентаванай эканамічнай палітыкі, разумнага балансу розных форм уласнасці і гаспадарання, балансу інтарэсаў розных сацыяльных груп».
Дэпутат выказвае ўпэўненасць, што рэалізацыя дырэктывы з’яўляецца надзейным фундаментам захавання дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, забеспячэння нацыянальнай бяспекі, прагрэсіўнага развіцця беларускага народа і самарэалізацыі чалавека ў гармоніі з грамадствам і дзяржавай.
Ідэалогія праз сродкі масавай інфармацыі становіцца магутным інструментам уздзеяння на свядомасць грамадзян, што ў сваю чаргу ўплывае на эканоміку і грамадска-палітычнае развіццё грамадства, адзначае Аляксандр Гарошкін, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. «На сёння, улічваючы патрэбы дзяржавы і інтарэсы народа, фарміраванне ідэалогіі павінна ісці ад рэальнага жыцця, — гаворыць сенатар. — Ідэалогія — першасная і абавязковая. Усе рашэнні ў дзяржаве і грамадстве павінны ёй адпавядаць. Рэалізацыя асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы будзе садзейнічаць захаванню дзяржаўнага суверэнітэту, забеспячэнню нацыянальнай бяспекі, развіццю беларускага народа як унікальнай гістарычнай супольнасці, самарэалізацыі чалавека ў гармоніі з грамадскімі патрэбамі.
«Самае галоўнае, што гэта дырэктыва — не проста набор лозунгаў, — падкрэслівае Руслан Шкодзін, член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў. — Яна павінна стаць кіраўніцтвам да дзеяння для кожнага беларуса. Усё роўна, працуеш ты на заводзе, вучыш дзяцей або займаешся бізнесам. Ты павінен разумець, якія каштоўнасці мы абараняем і як можна зрабіць свой унёсак у развіццё краіны і грамадства».
Вядома, знойдуцца тыя, хто будзе крытыкаваць, маўляў, гэта ўсё «вяртанне ў мінулае» і «абмежаванне свабоды», заўважае дэпутат. «Але свет мяняецца так хутка, што без дакладных арыенціраў можна лёгка згубіцца. А калі ў цябе ёсць трывалы падмурак, то любыя штормы не страшныя, — лічыць Руслан Шкодзін. — Калі раней хтосьці мог сумнявацца, у якім кірунку рухацца, то цяпер усё вельмі ясна. У прыярытэце — моцная і незалежная Беларусь з упорам на ўласныя сілы, традыцыі і гісторыю». Гэта не значыць, што ў нас не будзе месца для новых ідэй. «Але яны мусяць адпавядаць базавым прынцыпам, на якіх будуецца беларускае грамадства», — падкрэслівае дэпутат.
Віктар Ананіч, старшыня праўлення Беларусбанка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, як кіраўнік буйнога прадпрыемства разумее значнасць ідэалагічнага складніка ў рабоце. "За дзесяцігоддзі ў калектыве нашага банка ўдалося выбудаваць дастаткова эфектыўную вертыкаль і сістэму ўцягвання кожнага работніка ў ідэалагічнае жыццё банка і краіны, — адзначае ён. — Гэта дазваляе дайсці не проста да кожнай установы банка, але і да кожнага работніка. «Беларусбанк — важны элемент эканамічнага кампанента дзяржаўнай ідэалогіі. Разумеючы нашу значнасць у маштабах краіны і грамадства, сваю стратэгію дзейнасці выбудоўваем на тых жа прынцыпах, што ляжаць у аснове беларускай эканамічнай мадэлі: на працавітасці і прафесіяналізме як універсальных мерках сацыяльнага поспеху і грамадскага прызнання. Мы стварылі ўсе ўмовы для ўдзелу членаў працоўнага калектыву ў прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў, унясенні прапаноў, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці работы банка і яго інавацыйнасці, а значыць і на паляпшэнне ўзроўню жыцця народа ў цэлым.
Своечасовае гэта рашэнне яшчэ і таму, лічыць Віктар Ананіч, што ў нашым грамадстве адбываюцца сур’ёзныя пакаленчыя змены: у эканамічна актыўную фазу жыццёвага цыклу ўступае пакаленне, з якім неабходна шукаць новыя формы ўзаемадзеяння. «Гэтыя людзі прыходзяць на нашы прадпрыемствы — і задача кожнага кіраўніка выпрацаваць прадуманыя падыходы, каб уцягнуць іх у рэалізацыю дзяржаўнай ідэалогіі, — адзначае сенатар. — Бо ад гэтага залежыць наша здольнасць захавання дзяржаўнага суверэнітэту, падтрымання эканамічнай і нацыянальнай бяспекі».
Марына Лянчэўская, старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў, звяртае ўвагу на вельмі істотны момант: палажэнні Дырэктывы № 12 датычацца прадпрыемстваў усіх форм уласнасці. І гэта вельмі важна. «У грамадстве склалася сітуацыя, што ў многіх кампаніях, асабліва з замежным капіталам і прыватнай формы ўласнасці, паняцце «ідэалогія беларускай дзяржавы» асацыюецца ў лепшым выпадку са спецкурсам ва ўніверсітэце, — заўважае яна. — А гэта ж велізарная і складаная сістэма, падмурак нашай незалежнасці і цэласнасці. І ўдзельнічаць у яе рэалізацыі павінны ўсе, кожны грамадзянін краіны, незалежна ад узросту, сферы дзейнасці і сацыяльнага статусу. Так, многім суб’ектам гаспадарання цяпер давядзецца няпроста, але заўсёды ёсць тыя, хто гатовы дапамагчы і падзяліцца перадавым вопытам у плане пабудовы ідэалагічнай работы.
Дырэктыва № 12 стварае прававую і арганізацыйную аснову для сістэмнай работы ўсіх інстытутаў улады. Размова ідзе не толькі аб дзяржаўных структурах, але і аб грамадзянскай супольнасці, СМІ, адукацыі, падкрэслівае Таццяна Ігнацюк, дырэктар Бярозаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці: «Напрыклад, узмацненне ролі сацыяльна-гуманітарных дысцыплін у навучальных праграмах дасць магчымасць сфарміраваць у падрастаючага пакалення дакладнае разуменне нацыянальных інтарэсаў. Акрамя таго, дакумент падкрэслівае важнасць сацыяльнай справядлівасці як неад’емнай часткі нашай мадэлі развіцця. Гэта наўпрост звязана з падтрымкай шматдзетных сем’яў, аховай працы, даступнасцю адукацыі і аховы здароўя — усім тым, што ўжо з’яўляецца візітнай карткай беларускай дзяржавы».