Фактар інтэлектуальнага развіцця
На пляцоўцы Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта сабралася шырокае кола экспертаў, каб абмеркаваць тэму пошуку дадатковых рэсурсаў для дасягнення намечаных мэт. У рабоце ІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Эканоміка Беларусі: рост, інавацыі, бяспека» ўзялі ўдзел кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў эканамічнага блока ўрада, прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, навукова-даследчых інстытутаў, рэальнага сектара.
Моцная эканоміка пачынаецца з дакладных кіраўніцкіх рашэнняў. Рэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Аляксей ЯГОРАЎ акцэнтаваў увагу на важнасці падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў. Геніяльныя вынаходкі інжынераў і канструктараў не будуць працаваць без эфектыўнага кіравання эканамічнымі працэсамі.
Пра важнасць навуковага забеспячэння макраэканамічнай стабільнасці выказаўся першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Аляксандр ЯГОРАЎ. Неабходнасць умацавання ўзаемадзеяння ў звязку «навука — вытворчасць — адукацыя», на яго думку, патрэбна для вырашэння шэрагу прыярытэтных задач. У іх ліку — фарміраванне ўнутранага рынку «доўгіх грошай», павелічэнне долі высокатэхналагічных вытворчасцяў, лічбавая трансфармацыя.
Намеснік міністра эканомікі Аляксей ЗУБОВІЧ адзначыў, што вектары развіцця эканомікі, вызначаныя ў стратэгічных дакументах, маюць патрэбу ў дэталёвай прапрацоўцы:
— Прама цяпер у свеце, у тым ліку і ў Рэспубліцы Беларусь, з’яўляюцца новыя галіны эканомікі, такія як платформавая эканоміка, крэатыўная эканоміка, сэрвісная эканоміка. Традыцыйныя галіны таксама трансфармуюцца. Ужо нікога не здзівіш звычайнай прадукцыяй. Яна павінна быць тэхналагічнай. Мяняюцца падыходы дзяржавы па кіраванні эканомікай. Тэхналогіі становяцца дадатковымі фактарамі сукупнай прадукцыйнасці, таму з’яўляюцца новыя пункты росту, якія патрабуюць дасканалага вывучэння.
Аляксей Зубовіч сарыентаваў экспертную супольнасць на максімальна прыкладны характар навуковых даследаванняў, ажно да распрацоўкі канкрэтных праектаў і пошуку рэсурсаў для іх рэалізацыі.
Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Васіль ГУРСКІ вызначыў ролю эканамічнай навукі як фактар дынамічнага развіцця. Ён, у прыватнасці, адзначыў:
— Навука ў сучасным свеце перастае быць проста інструментам пазнання заканамернасцяў развіцця прыроды, чалавека і грамадства, яна становіцца сродкам геапалітычнай барацьбы. Пры гэтым ад навукі патрабуецца не толькі распрацоўка новай тэхнікі і тэхналогій, а таксама, нават перш за ўсё, — эфектыўных мадэляў развіцця эканомікі, метадаў і сродкаў забеспячэння нацыянальнай бяспекі, палітычнай, эканамічнай, тэхналагічнай, сацыяльнай і іншых сфер.
На мультыплікацыйным эфекце ад аб’яднання патэнцыялаў акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навук зрабіў акцэнт дырэктар Інстытута эканомікі НАН Беларусі Дзяніс МУХА. Спікер нагадаў аб актуальнасці практыка-арыентаваных рэкамендацый і падыходаў. Ва ўмовах мноства ўнутраных і знешніх выклікаў стаіць задача пошуку дадатковых рэзерваў для забеспячэння эканамічнага росту. Беларусь не валодае дастатковымі запасамі прыродных рэсурсаў. Такім чынам, арыентавацца ў выпрацоўцы механізмаў устойлівага развіцця трэба ў першую чаргу на інтэлектуальны капітал і на нацыянальныя навуковыя школы.
Таццяна ШЧАДРОНАК