Эксперт: забеспячэнне харчовай бяспекі — задача, якая патрабуе кансалідацыі намаганняў усіх
Эксперт: забеспячэнне харчовай бяспекі — задача, якая патрабуе кансалідацыі намаганняў усіх
Такое меркаванне карэспандэнту zviazda.by выказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы Андрэй БАЛЫШ. Дэпутат нагадаў, што ўборачная кампанія 2025 года перайшла свой экватар і знаходзіцца ў самай актыўнай фазе:
— На сённяшні дзень у скарбонцы краіны знаходзіцца 6 мільёнаў тон збожжа, ураджайнасць на 20 % вышэйшая за ўзровень мінулага года. Хоць сёлетнія ўмовы надвор’я са сваімі вясновымі замаразкамі, засухай, працяглымі і багатымі ападкамі ў летні перыяд сур’ёзна прымусілі пахвалявацца аграрыяў нашай краіны за будучыя вынікі сваёй працы і паўплывалі на тэрміны пачатку і ходу ўборачнай кампаніі.
Парламентарый адзначыў, што забеспячэнне харчовай бяспекі і незалежнасці — гэта задача, якая патрабуе кансалідацыі намаганняў усіх галін улады, навуковай супольнасці, прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу і, безумоўна, кожнага грамадзяніна.
— Калі краіна здольная самастойна пракарміць сябе, калі на стале кожнага беларуса прысутнічае якасны, вырашчаны на роднай зямлі хлеб і іншыя прадукты, гэта ўсяляе глыбокую ўпэўненасць у заўтрашнім дні, умацоўвае нацыянальную самасвядомасць, пачуццё гонару за сваю Радзіму і адзінства народа, — падкрэсліў суразмоўца.
Ён канстатаваў:
— Зладжаная праца аграрыяў — гэта сімвал нашай устойлівасці, нашай незалежнасці і здольнасці супрацьстаяць любым знешнім выклікам. Кожны кілаграм збожжа, кожная літровая ўпакоўка малака, кожны дранік — гэта не проста ежа, гэта ўвасабленне працавітасці беларускага народа, яго мудрасці і імкнення да мірнага, стваральнага жыцця.
А формула поспеху простая: яе неаднаразова паўтараў наш Прэзідэнт: дакладная арганізацыя ўсіх працэсаў, добрая матывацыя і жалезная дысцыпліна.