Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:
— Як бы ні ставілі нам палкі ў колы, ключавыя галіны эканомікі даюць прырост, а ВУП у 2024-м склаў 104 %. Як бы ні спрабавалі нам перакрыць кісларод, беларуская прадукцыя экспартавалася ў 154 краіны на агульную суму звыш 50 млрд долараў. І мы нават выйшлі на 14 новых рынкафў збыту.
Падчас цырымоніі ўручэння сімвалаў Дзяржаўнага знака якасці, 23 студзеня 2025 года.
У канцы мінулага тыдня Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка агучыў папярэднія вынікі 2024 года, згодна з якімі, эканамічны блок краіны справіўся з пастаўленымі перад ім задачамі, выканаўшы практычна ўсе прагнозныя паказчыкі, зацверджаныя Прэзідэнтам. Афіцыйная статыстыка будзе крышачку пазней, але ўжо цяпер відавочна — мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску, перабудаваць свае лагістычныя ланцужкі і дамагчыся важкага выніку. Якім чынам гэтага ўдалося дасягнуць мы даведаліся ў старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзіслава Татарыновіча.
Абсалютны рэкорд
— У складаных умовах санкцыйнага ціску ўстаноўлены прагноз росту ВУП на 2024 год у 3,8% выглядаў вельмі напружаным, аднак па выніках года агучана папярэдняя лічба ў 4 %. На ваш погляд, што стала фактарам росту гэтага паказчыка, ці адзін рост прамысловай вытворчасці выступіў лакаматывам?
— Так, валавы ўнутраны прадукт па выніках мінулага года павялічыўся на 4%. І гэта з улікам таго, што ў 2023 годзе рост гэтага паказчыка па ўдакладненых дадзеных склаў 4,1 %. Большы рост ВУП на працягу двух гадоў запар апошні раз мы фіксавалі толькі ў 2010-2011 гадах, гэта значыць 14 гадоў таму.
Адзначу, што цяпер мы дамагліся істотнага прыросту ВУП у абсалютных паказчыках. Па папярэдніх дадзеных аб’ём ВУП па выніках мінулага года склаў 78 млрд долараў ЗША. Для параўнання ў 2020 годзе ён складаў 60 млрд долараў ЗША. У 2015 годзе — 55 млрд долараў ЗША.
Гэта значыць можна сказаць, што і па адносных і па абсалютных паказчыках забяспечваецца рэальны эканамічны рост у краіне.
Відавочна, што найбольшы ўклад у станоўчую дынаміку ВУП унёс прамысловы комплекс, у якім фарміруецца чвэрць ВУП рэспублікі. У 2024 годзе аб’ём вытворчасці ў прамысловасці павялічыўся на 105,4 %.
Акрамя прамысловасці, істотны ўклад у рост ключавога паказчыка ўнеслі сельская гаспадарка (з тэмпам росту — 103,4 %), гандаль (з тэмпам росту рознічнага тавараабароту 111,8 %), будаўніцтва (з тэмпам росту будаўніча-мантажных работ — 108,4 %).
Таксама на дынаміку росту ВУП пазітыўны ўплыў аказвала высокая інвестыцыйная актыўнасць. Агульны тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал склаў 108%.
Пры гэтым важна адзначыць, што выдаткі на тэхналагічнае абсталяванне раслі апераджальнымі тэмпамі (111,8 %), што з’яўляецца пазітыўным маркерам якаснага паляпшэння структуры інвестыцый.
Суб’екты гаспадарання таксама інвеставалі ў «тэхналагічнае начынне», што з’яўляецца важным фактарам канкурэнтаздольнасці.
Таму ўсе ключавыя сектары эканомікі ўнеслі свой уклад у кумулятыўны прырост ВУП.
Варта адзначыць таксама, што паказчыкі прагнозу традыцыйна былі трансфармаваны ў матрыцу задач для дзяржаўных органаў, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама. На іх аснове выстройваліся бізнес-планы нашых прадпрыемстваў. Сярод асноўных ключавых паказчыкаў былі такія як чысты прыбытак і рэнтабельнасць, рост экспарту і інвестыцый, а таксама зніжэнне выдаткаў.
Усе сродкі прыдатныя
— Яшчэ адзін прагнозны паказчык — узровень інфляцыі быў устаноўлены ў памеры не вышэй за 6 %, у выніку эканамічны блок краіны скончыў год з вынікам 5,2 %. Гэта вынік выключна цэнавога дзяржрэгулявання, які ўжываецца ў нашай краіне з 2022 года або ёсць іншыя рычагі?
— Адразу хачу сказаць, што ўтрымаць інфляцыю на нізкім узроўні ва ўмовах нестабільнай сусветнай абстаноўкі (гаворка пра такія негатыўныя фактары як закрыццё рынкаў, парушэнне лагістыкі), калі ў некаторых краінах гэты паказчык набліжаўся да двухзначнага ліку, было няпроста.
Нагадаю, што за перыяд з 2012 па 2021 год сярэдняе значэнне інфляцыі і ў нас складала 11 %. Пры гэтым сярэднегадавы эканамічны рост дасягаў усяго толькі 0,7 %.
На 2024 год Кіраўніком дзяржавы была пастаўлена задача ўраду і Нацыянальнаму банку ўтрымаць інфляцыю на ўзроўні не вышэй за 6%.
Так, існуючая сістэма цэнаўтварэння, у тым ліку пастанова ўрада № 713 (у некалькіх яе рэдакцыях), на дадзеным этапе паказала сваю эфектыўнасць. І стаіць задача, што работа па ўдасканаленні падыходаў да дзяржаўнага рэгулявання цэн будзе прадоўжана з улікам патрабаванняў Прэзідэнта краіны.
У той жа час хачу адзначыць, што дзяржрэгуляванне коштаў не адзіны фактар, які аказвае ўплыў на інфляцыю. На зніжэнне цэннікаў таксама ўплывае пашырэнне прапановы тавараў за кошт уводу новых вытворчасцяў, скарачэнне выдаткаў вытворцаў, жорсткая канкурэнцыя на рынку, імпартазамяшчэнне, утрыманне кошту квадратнага метра жылля, якое будуецца з дзяржаўнай падтрымкай, на ўзроўні сярэдняй заработнай платы і гэтак далей.
Акрамя гэтага, стрымліваючымі фактарамі росту коштаў з’яўляецца ўзважаная падатковая палітыка, пры якой стаўкі падаткаў індэксуюцца не больш, чым прагназуемы ўзровень інфляцыі.
Трэці год запар урадам арганізавана работа ў мабілізацыйным рэжыме. Даведзены дэталёвыя матрыцы задач па шэрагу эканамічных паказчыкаў, у тым ліку і па зніжэнні выдаткаў, што адбілася на сабекошце прадукцыі.
За кошт рэалізацыі інвестыцыйных праектаў мы насычаем рынак імпартазамяшчальнымі таварамі і падтрымліваем канкурэнцыю.
Удалося справіцца з залежнасцю ад курсу долара, дасягнуўшы высокай лакалізацыі беларускіх тавараў, кошт якіх не залежыць ад змены курсу, і скараціўшы імпарт з краін, якія выкарыстоўваюць у разліках долары ЗША.
На бягучы год Прэзідэнт паставіў перад Нацбанкам і ўрадам яшчэ больш сур’ёзную задачу — утрымаць інфляцыю на ўзроўні 5%.
Важкая прыбаўка
— Уладзіслаў Вікенцьевіч, рэальны рост даходаў насельніцтва перавысіў прагнозны паказчык амаль у тры разы — ад запланаваных 3,5% па выніках 2024 года дасягнута лічба ў 9,5 %. За кошт чаго склаўся такі вынік?
— Даходы насельніцтва ўключаюць у сябе некалькі складнікаў, а менавіта: заработную плату, пенсіі, дапамогі, стыпендыі, даходы ад уласнасці (працэнты па дэпазітах, дывідэнды) і іншыя даходы.
- Хачу сказаць, што намінальны рост заработнай платы на 119,5% (паводле дадзеных за 11 месяцаў 2024-га), павышэнне ў два этапы памеру пенсій у сукупнасці на 15% (з 1 лютага 2024 г. — на 10%, з 1 кастрычніка — на 5%), бюджэту пражытачнага мінімуму на 19% (які ўплывае на рост сацыяльных пенсій, усіх відаў дапамог), прывабныя працэнтныя стаўкі па дэпазітах у нацыянальнай валюце — усё гэта вынік эфектыўнай работы эканомікі (тэмпы росту якой у нас вышэй за сярэднесусветныя), збалансаванай грашова-крэдытнай і бюджэтна-фінансавай палітыкі.
Забеспячэнне рэальнага росту наяўных грашовых даходаў насельніцтва на 9,5% стала таксама магчымым дзякуючы ўтрыманню ўзроўню інфляцыі ў зададзеным калідоры, які, нагадаю, склаў 105,2% пры заданні не больш за 106 %.