Кажуць, 30 гадоў — бадай самы прадукцыйны ўзрост для чалавека: і здароўе, і вопыт, і жаданне — ёсць усё. Тое ж і для міждзяржаўных стасункаў. Сёння саюзу Беларусі і Расіі 30 гадоў. Гэта па дакументах, дамоўленасцях — трыццаць. А так саюзу народаў — многія стагоддзі.
Усё-ткі менавіта час выпрабаванняў — найлепшы момант ісціны. Мусіць, трэба было ў яго ўвайсці, каб ацверазець ад мораку заходняга «супрацоўніцтва», каб скінуць з сябе заслону і кайданы чужога нам ідала. Бо мы ўжо было пагадзіліся, што яны галоўныя, а былі гатовыя ісці следам. Цяпер зразумела, што гэта быў бы шлях на эшафот гісторыі — у нікуды.
Бо карані ідэалогіі глабалізацыі — у сегментацыі краін па доступе да тэхналогій і вытворчасцяў. Нам — постсавецкай прасторы — была падрыхтавана роля біржы танных рэсурсаў. Працоўных і сыравінных. Ці не для гэтага і быў разбураны Савецкі Саюз?
- Але на запусцелым полі з’явілася Саюзная дзяржава. Гэта не проста інтэграцыйнае аб’яднанне. Саюзная дзяржава — паўнапраўны гулец на міжнароднай арэне. Адзін з цэнтраў прыцягнення сучасных палітычных працэсаў. Яе жыццяздольнасць свет убачыў дзякуючы апанентам Мінска і Масквы. У звязцы мы змаглі не толькі выстаяць, загартавацца, але і імкліва рухацца наперад у сваім развіцці. І наша краіна — той аэрадром, раней запасны для расійскага попыту, які цяпер аказаўся выратавальным. Ад паставак далікатэсаў да інтэлектуальнага начыння высокадакладнай зброі і касмічных караблёў. Гэта, дарэчы, і аб памерах краін і эканомік. Калі без мікрачыпа бескарысная вялізная арбітальная станцыя. Усе гэтыя кампетэнцыі захавала Беларусь. Некаторыя закансервавала, але захавала. А вось толькі супрацоўніцтва саюзнага фармату дазволіла хутка нарасціць вельмі цесную прамысловую кааперацыю. Высокая паэтыка саюзных адносін пацверджана лічбамі. Але ці толькі справа ў сумеснай кааперацыі? Аляксандр Лукашэнка настойвае, каб гэта насамрэч быў саюз для людзей. Адмена роўмінгу, адкрыццё танных і хуткасных маршрутаў — усё тое, аб чым кажуць, роўныя правы і, галоўнае, рэальныя магчымасці для грамадзян дзвюх дзяржаў.
Мінск і Масква. Лукашэнка і Пуцін. Пастаянна ў павестцы сучаснай геапалітыкі. Прэзідэнты змясцілі ўвесь нерв нашай эпохі. А маглі б па-іншаму размаўляць. Нас жа да гэтага вялі. Тыя ж, хто прывёў украінцаў. Таму варта дакладна разумець, што ад любых замежных спічаў і кантэнту пра дэмакратыю, перамены, «безгрунтоўнасць» улады і «дрэннае» жыццё беларусаў патыхае тратылам.
На Захадзе шчыра кажуць, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, якая знаходзіцца па-за сферай уплыву заходняга блока. Чытай незалежнай і суверэннай. Нас спрабуюць купіць заходнім камфортам і тэхналагічнасцю, але ў выніку канчатковая мэта ўсяго — ператварыць у чарговую антыРасію.
У гістарычным адзінстве — будучыня. Атрымліваецца, Саюзная дзяржава — не толькі пра эканоміку, гэта апора спрадвечнага светапогляду. Скрэпамі тут з’яўляюцца агульныя каштоўнасці. Краіны і народы маюць патрэбу не столькі ў інвестыцыях, колькі ў сэнсах. Сярод іх памяць аб Вялікай Перамозе. Захад дагэтуль ваюе з нашай агульнай гісторыяй. Зноў і зноў спрабуе разбурыць памяць аб унікальнай агульнасці розных народаў. Аб’яднанне суверэнных дзяржаў, якое прайшло праверку часам, выклікае раздражненне ў заходніх эліт.
Памятаеце, яшчэ Лукашэнка-парламентарый у пачатку 1990-х упэўнена выступаў за інтэграцыю з Расіяй, адлюстроўваў меркаванне грамадства? А ўжо потым гэты кірунак мы выбралі падчас рэферэндуму. Гэта насамрэч народны выбар — і ў бюлетэнях, і ў рэчышчы гістарычнай волі.
Але ж думаць толькі аб інтэграцыі даходаў і сацыяльных выгод — значыць прытрымлівацца заходняй павесткі. Пасадзіць на іголку спажывецтва і асабліва грашовых адносін — выкрут Захаду, які спрацаваў пры развале СССР. Грамадства страціла высокія ідэі (космас пакораны, БАМ пабудаваны), заходнеарыентаваная інтэлігенцыя дэвальвавала Перамогу і наратывы сацыяльнай дзяржавы, і ўсе разам купіліся на джынсы і танны парашок. Калі мы імкнёмся да гістарычнага адзінства, то неабходна не толькі аднаўляць кааперацыю і лагістыку, але і больш глыбінныя плыні. Мы спадкаемцы і Перамогі, і ўвогуле ўсёй шматвекавой агульнай гісторыі.
А гэта значна мацней, важней, чым проста саюз рэсурсаў. Гэта братэрскі, раўнапраўны і ад таго надзвычай прадукцыйны і жыццяздольны саюз. Саюз людзей і для людзей.
Яўген ПУСТАВОЙ