Top.Mail.Ru
387

Эксперт: Памяць пра Вялікую Перамогу — наша гістарычная адказнасць перад будучымі пакаленнямі

Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам zviazda.by выказала член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Наталля Глінская.

— Забыцца пра ахвяры вайны, пра пакуты савецкага народа — значыць аддаць памяць тых, хто пацярпеў і аддаў свае жыцці за мірную будучыню. Памяць аб Вялікай Перамозе — гэта наш святы абавязак, наша гістарычная адказнасць перад будучымі пакаленнямі, — адзначыла сенатар. 

Яна нагадала, што Валгаград, горад, дзе бушавала адна з самых жудасных бітваў Другой сусветнай вайны — Сталінградская бітва, горад, які з’яўляецца ўсенародным сімвалам стойкасці, мужнасці і нязломнай волі савецкага народа, зноў стаў месцам, дзе абмяркоўваюцца найважнейшыя пытанні, якія тычацца захавання і абароны гістарычнай памяці пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. 

— Сёння свядомая і наўмысная фальсіфікацыя Вялікай Айчыннай вайны і Другой сусветнай вайны ў цэлым, гістарычных перамог савецкага народа і Чырвонай Арміі значна ўзрасла, — перакананая суразмоўца. — Мэта відавочная — адабраць у нас Вялікую Перамогу, аддаць забыццю тыя зверствы і злачынствы, якія чынілі гітлераўцы. Мы сутыкаемся не з абстрактнымі тэарэтычнымі спрэчкамі, а з рэальнымі дзеяннямі, накіраванымі на перагляд вынікаў вайны. Гэта дэгероізацыя подзвігаў нашых продкаў, спробы прынізіць іх ролю ў разгроме фашызму, а замест гэтага ўзвялічванне здраднікаў Радзімы — уласаўцаў, бандэраўцаў, прыбалтыйскіх калабарацыяністаў. Гэтыя дзеянні накіраваны на тое, каб перапісаць саму гісторыю, сказіць яе сэнс і высновы. Гэта проста спроба не толькі перапісаць падручнікі, а мэтанакіраванае ўкараненне ілжывых установак у грамадскую свядомасць. Мы бачым, як сімвалы памяці пра вайну — помнікі, мемарыяльныя комплексы, нават імёны герояў — падвяргаюцца апаганьванню і знішчэнню.

Наталля Глінская звяртае ўвагу на той факт, што пакаленню пераможцаў здавалася — жорсткія ўрокі гісторыі і вайны засвоены ўсімі і назаўжды:

— Аднак дзесяцігоддзі мірнага жыцця паказалі, што нацызм не да канца знішчаны і зноў падымае галаву, а герояў вайны спрабуюць абылгаць. Мы бачым, што справа, якая была пачатая нашымі дзядамі, прадзедамі, тымі людзьмі, якія загінулі дзеля таго, каб мы маглі жыць свабоднымі людзьмі, на жаль, не скончана. Гэта стала відавочна, калі ідэалогія нацызму стала шырока распаўсюджвацца ў шэрагу краін свету. Спробы перапісаць гісторыю і апраўдаць зверствы захопнікаў адбываюцца ўсё часцей, значыць, тым згуртаваней трэба быць нам. 

Сенатар падкрэслівае: спыніць фашызм — наша задача сёння:

— Мы павінны перадаваць праўдзівыя веды пра падзеі вайны маладому пакаленню як духоўную спадчыну, здабытую нашымі продкамі праз пакуты, гераізм і непакоранасць. Гэта спадчына -неад’емная частка нашай культуры, якая фарміруе каштоўнасныя арыенціры і выхоўвае пачуццё патрыятызм.

Парламентарый адзначае, што форум у Валгаградзе — наймагутнейшая пляцоўка, на якой прысутнічалі 20 дэлегацый не толькі з краін СНД, але і парламентаў дружалюбных нам краін:

— Гэта стала крокам да фарміравання моцнай платформы, якая дапаможа аб’яднаць намаганні ўсіх зацікаўленых-гісторыкаў, педагогаў, моладзі і простых грамадзян — у справе захавання гістарычнай памяці. 

Сенатар звяртае ўвагу на той факт, што ўдзел прэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна надало мерапрыемству не проста афіцыйны статус, а глыбокі сімвалізм і выключную значнасць:

— Гэта пацвярджае наяўнасць цесных і даверных сувязяў паміж дзвюма краінамі, а таксама іх гатоўнасць сумесна вырашаць надзённыя праблемы і будаваць агульную будучыню, заснаваную на моцным падмурку ўзаемаразумення і павагі да агульнай гісторыі.

Таксама Наталля Глінская звяртае ўвагу на сімвалічнасць таго, што форум пачаў сваю працу з пасяджэння маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі:

— Захаванне гістарычнай памяці цесна звязана з пераемнасцю пакаленняў, усведамленнем моладдзю адказнасці за лёс сваёй краіны, а яно немагчыма без актыўнага ўключэння маладога пакалення ва ўсе формы выхаваўчых мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў рэспубліцы і Саюзнай дзяржаве. Незалежнасць нашых дзяржаў шмат у чым залежыць ад поглядаў і актыўнай пазіцыі маладога пакалення, яе адданасці сваёй краіне і здольнасці да яе ўмацавання і росквіту. Таму намаганні па абароне праўды аб Вялікай Айчыннай вайне становяцца найважнейшай задачай для ўсіх нас. Захоўваючы памяць і праўду пра тых, хто змагаўся за нашу свабоду, мы гэтак жа забяспечваем будучыню для наступных пакаленняў.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю