Падчас вялікай рабочай камандзіроўкі Прэзідэнта на поўдзень Беларусі было шмат цікавых навін, важкіх пасылаў і прыгожых кадраў. Але бадай што самае прыгожае — гэта ўсмешкі дзяцей.
На Палессі гучаць вершы і песні. Дзеці сучаснай Беларусі захоўваюць код прашчураў. Каб кожны змог знайсці сябе ў краіне і асабліва на зямлі продкаў — на малой радзіме — гэта палітычны патэрн беларускага Бацькі.
Беларусь з сацыяльна арыентаванай дзяржавы становіцца дзяржавай сацыяльнай справядлівасці. Сэнс просты: роўныя магчымасці для кожнага чалавека і для ўсіх рэгіёнаў. Гэтай палітыкі заўсёды прытрымліваўся Прэзідэнт. Ды і кіраўнічы пул альбо сам з рэгіёнаў, альбо прайшоў хрышчэнне працай там. Краіну для людзей ніколі не створыць выхадзец з індустрыі забаў, як у суседняй Украіне, ці, яшчэ горш, імпартныя палітыкі — як у краінах Балтыі.
Не адрывацца ад зямлі — такі сэнсавы пасыл нашага Прэзідэнта. Па-зямному падыходзіць і да вырашэння важкіх пытанняў. Новы тэхналагічны ўклад, экспарт не проста тавараў, але цэлых кампетэнцый. Унутры краіны — далейшае стварэнне камфортнага асяроддзя для жыцця. Дзяржаве танней, лягчэй і прасцей было б размясціць людзей у радыусе мінскай аўтадарогі. Але наш шлях — гарманічнае развіццё ўсёй тэрыторыі краіны. Цяпер чарговы этап рэалізацыі гэтай стратэгіі. Самыя паспяховыя краіны ў свеце развіваюць канцэпцыю «малапавярховага жыцця». А развіццё рэгіёнаў — гэта ж і захаванне сталічнага шарму — неперагружанага Мінска.
На Палессі вясна. Прырода імкнецца ўражваць чалавека. Ад чалавека залежыць далейшы росквіт рэгіёна, ад яго працавітасці, ініцыятыўнасці і дысцыпліны.
У гэты перыяд на поўдні краіны заўсёды працуе Першы. Гэта ўжо палітычная традыцыя нашай сучаснай дзяржаўнасці.
Пасля аварыі на ЧАЭС палову насельніцтва адсюль адсялілі, а ворныя землі зараслі хмызняком. Знакам бяды хацелі перакрэсліць увесь поўдзень Гомельскага Палесся. Яго мы маглі б папросту страціць. Гэта ўнікальная зямля і працавітыя людзі. Але тут не заўсёды было так ярка і ўтульна. Аднаўленне краіны ў сярэдзіне 1990-х пачыналася з гэтых месцаў. А сам рэгіён ва ўсіх сэнсах выбіраўся з балота.
На мінімізацыю наступстваў ад чужых памылак мы патрацілі 20 мільярдаў долараў. Добра, што не збочылі са шляху да жыцця. Хоць апазіцыйныя сілы чарнобыльскую трагедыю канвертавалі ў палітычныя дывідэнды. Слёзы і боль людзей ператварылі ў сваю піяр-стратэгію. Але людзі пайшлі за Аляксандрам Лукашэнкам. А ён заўжды імкнуўся да людзей. Памятаеце тыя знакамітыя кадры сустрэчы пад дубам на сенажаці, просьбу да Прэзідэнта бабулі з Палесся: «Нам бы хлеба». Хіба такое забываецца?
Нядзіўна, што гэтыя кадры Прэзідэнту нярэдка сняцца. Бяссонныя ночы і гады працы ператварылі балотны край у квітнеючае Палессе. А цяпер патрэбны новы прарыў. І варта мяняць філасофію адносін да гэтых зямель, каб працягнуць унікальны беларускі шлях.
Гэта ўсё філасофія. А канкрэтыка ў чым? Адказ прагучаў днямі падчас доўгай і насычанай камандзіроўкі Першага на поўдзень Беларусі. Аснова — праграма развіцця Прыпяцкага Палесся. Яна замяшчае бесперспектыўны штамп «чарнобыльскія рэгіёны». Эканоміка здужала першую праграму. Вёскі сталі прыгожымі, а вытворчыя паказчыкі палепшыліся.
Калі першая праграма рэальна разварушыла Палессе, то цяперашні этап — асаблівая канкрэтыка. Канкрэтныя праекты і чаканы вынік. Эфект павінны заўважыць не толькі ўдзельнікі іх рэалізацыі, а менавіта і тыя, дзеля каго ўсё гэта здзяйсняецца, — мясцовыя жыхары. Каб ім хацелася заставацца дома.
Перазагрузіць жыццё ў гэтых раёнах каштавала вялікай працы. Але агульнымі намаганнямі Беларусь справілася. І цяпер ад ліквідацыі наступстваў мы асвойваем новы ўзровень — устойлівае развіццё. Аздараўленне, чыстая вада, новыя дарогі, развіццё медыцыны, селекцыя і сельская гаспадарка. Сцэнарый дзяржпраграмы абнаўляецца кожную пяцігодку. Яе назва прывязана да гідроніма Прыпяць. Яна і звязвае рэгіён. Таму тут так неабходна меліярацыя. Дзве трэція ворных плошчаў — меліярацыйныя землі. Хоць меліярацыйны глыток патрэбны для сельгасугоддзяў амаль усёй краіны.
У сёлетняй традыцыйнай вясновай рабочай паездцы Першага на поўдзень Беларусі шэраг важных задач. У цэлым абмеркаваць далейшую рэгіянальную палітыку і, у прыватнасці, развіццё менавіта гэтых тэрыторый. У Беларусі ніколі не забываліся пра вёску і рэгіёны. Аграрная сфера — адна з апор дзяржавы. Гэта крыніца свайго хлеба. І, падобна, знойдзены адказ наконт таго, якім будзе вертыкаль райаграсэрвісаў. Такія тэрыторыі сэрвісу і рамонту неабходныя для развіцця АПК у рэгіёнах. Райаграсэрвісы, будаўнічыя і дарожныя арганізацыі. База для развіцця раёна і мінімальны набор у руках старшыні райвыканкама.
Кіраўнік дзяржавы любую важную тэму абмяркоўвае з выездам на месца. Не любіць кабінетны стыль кіравання, сам імкнецца ўнікаць у сітуацыю. Гэтага патрабуе і ад усёй вертыкалі. Гэта сэнс нашай кіраўніцкай сістэмы — быць побач з людзьмі. Першы ўпэўнены: трэба захаваць такі канвеер перамяшчальнасці пакаленняў — і ў кіраўніцкай сферы, і ў прамысловым плане.
Недзе пунктам апоры стане аграсэрвіс, недзе рыбная вытворчасць. І ўсюды зямля. Сусветная турбулентнасць прыводзіць усіх у прытомнасць, расце глабальны запыт на харчаванне. Рацыянальнасць — вось што патрабуе Прэзідэнт ад кіраўнікоў. Спачатку вытворчая база, пасля аб’екты сацыяльнага прызначэння. І павінен быць разумны падыход.
Цяпер, вядома, палешукі не галадаюць. Умовы сталічныя — на вытворчасці і ў сацыяльнай сферы. Толькі жывіце і дарыце жыццё іншым. Але вось зараз асноўная задача Першага, акрамя складаных, але ўжо звыклых, — падрыхтаваць краіну і сістэму да перадачы новаму пакаленню. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка гаворыць ледзь не на кожнай нарадзе і ў кожным інтэрв’ю: «Трэба падрыхтаваць краіну. І ўжо моладзь потым ад гэтага не адмовіцца. Яна ўжо будзе ведаць, як. Вось у чым сэнс, вялікі сэнс, — засяроджвае ўвагу Першы. — У гэтым уся філасофія, у гэтым сутнасць уся. Мы павінны з вамі справу зрабіць. І на гэта ў нас застаецца ўсё менш і менш часу».
Багацце краіны — у наяўнасці сваіх унікальных рэгіёнаў. Гэта месцы сілы і фарміравання нацыянальнага кода. У Беларусі гэта Палессе — калыска нашага этнасу. Гэтым краем захапляўся яшчэ «бацька гісторыі» Герадот. А цяпер, каб застацца ў сусветнай гісторыі, неабходна не толькі захаваць нашу мадэль развіцця, але і падрыхтаваць будучае пакаленне.
Але не варта забываць пра лапці і балота. Вярнуцца і ўгразнуць можна вельмі хутка. Як толькі перастанем спадзявацца на сябе і пачнём чакаць падачак. Унікальная зямля хутка зарасце чарнабыльнікам. А вось каб родныя гнёзды птушак і людзей ніколі не пуставалі на гэтых землях, старэйшае пакаленне ставіць на крыло моладзь. Быццам дарослыя птушкі буслянят — сімвал увогуле Беларусі і Палесся ў прыватнасці. Сімвал нашай будучыні ў нашай цудоўнай краіне.
Яўген ПУСТАВОЙ