Top.Mail.Ru

Эксперт: Час развянчаць міф аб свабодных рынкавых адносінах

Бачаннем сучаснай эканомікі ў рамках Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Эканоміка Беларусі: рост, інавацыі, бяспека» падзяліўся галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Васіль ГУРСКІ.


— Мы жывём у няпросты і цікавы час. Міжнародны эканамічны парадак дня прымушае нас шмат у чым задумацца, у тым ліку і аб многіх тэарэтычных эканамічных пастулатах, выкладанні эканамічных дысцыплін, у першую чаргу — эканамічнай тэорыі. Значэнне эканамічнай навукі як фактару, што забяспечвае дынамічнае развіццё эканомікі, істотна павышаецца. Супрацьстаянне эканамічных сістэм розных тыпаў суправаджаецца актыўнай манапалізацыяй асноўных макратэхналогій, узмацненнем пратэкцыянізму ў сферы трансферту тэхналогій і павелічэннем тэхналагічнага разрыву паміж краінамі. Гэтыя трэнды павышаюць ролю навуковых даследаванняў. У сучасным свеце яны перастаюць быць проста інструментам пазнання заканамернасцяў развіцця прыроды, чалавека грамадства, а становяцца інструментам геапалітычнай барацьбы. Таму ад навукі патрабуецца не толькі распрацоўка новай тэхнікі і тэхналогій, але і эфектыўных мадэляў развіцця эканомікі, метадаў і сродкаў забеспячэння нацыянальнай бяспекі: у палітычнай, эканамічнай, тэхналагічнай, сацыяльнай і іншых сферах.

У сучасным свеце эканамічная навука выступае як інструмент прасоўвання палітыка-эканамічных ідэй, тэарэтычных канцэпцый. Яны могуць выкарыстоўвацца як інструмент палітычнага і эканамічнага ціску і навязвання пэўных каштоўнасцяў. Доўгі час айчынная эканамічная навука не ўдзяляла дастатковай увагі гэтым аспектам. Шырока распаўсюджаны псеўдааб’ектывісцкі падыход абмяжоўваў магчымасці даследавання навукоўцаў-эканамістаў. Да пэўнага часу эканоміка ўяўлялася як нейкі аб’ектыўны працэс, які кіруецца нейкай нябачнай рукой рынку, без уліку пажаданняў людзей і іх волі. Сёння мы бачым, што гэта самая нябачная рука рынку стала вельмі адчувацца. Больш за тое, гэтых рук не адна, а некалькі. І кожная дзейнічае ў сваіх інтарэсах.

Час развянчаць міф аб свабодных рынкавых адносінах. Трэба пачаць аб’ектыўна глядзець на эканамічныя адносіны. Эканамічныя працэсы, якія адбываюцца ў сусветнай і нацыянальных эканоміках, ініцыіруюцца канкрэтнымі суб’ектамі — сацыяльна-эканамічнымі, палітычнымі групамі. Таму эканамічная навука павінна вывучаць рэальныя эканамічныя сістэмы, працэсы і з’явы, а не абстрактныя мадэлі. Развіццё эканамічных адносін неабходна даследаваць ва ўзаемасувязі з сацыяльнымі і іншымі пазаэканамічнымі фактарамі. Развіццё эканомікі краіны трэба даследаваць у кантэксце развіцця сусветнай гаспадаркі, у гістарычнай дынаміцы, у непарыўнай сувязі з сацыяльна-эканамічнымі суб’ектамі і іх інтарэсамі, якія фарміруюцца ў канкрэтных інстытуцыйных умовах. Прычым, нярэдка, яны могуць быць ірацыянальнымі.

Эканоміка не з’яўляецца самарэгуляванай. Чыста рынкавых адносін проста не існуе. Дзяржаўнае рэгуляванне сацыяльна-эканамічных працэсаў з’яўляецца неабходнай умовай для развіцця эканомікі і грамадства. Патрэбна ўлічваць, што задача эканамічнай навукі не толькі ў тым, каб зразумець законы грамадскай вытворчасці, размеркавання яе вынікаў, але таксама ў фармуляванні практычных рэкамендацый для адпаведных змяненняў у палітыцы дзяржавы, паводзінах суб’ектаў і грамадскай свядомасці.

Сёння сусветная эканоміка ў глыбокім крызісе. Адносіны, якія складваліся дзесяцігоддзямі, падвяргаюцца глыбокай эрозіі. Узровень узаемнага даверу краін істотна зніжаецца. Эканамічныя адносіны павінны быць адноўлены ў новым фармаце. І шмат у чым гэта залежыць у першую чаргу ад эканамістаў.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю