Top.Mail.Ru

Эксперт: Амерыка пачала ваенную агрэсію супраць суверэннай дзяржавы Персідскага заліва

Разам з экспертам — намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах — Алегам Дзячэнкам разбіраем матывы і перадумовы агрэсіўных ваенных дзеянняў, учыненых у дачыненні да Ірана. 


— Палітычны курс Вашынгтонскай адміністрацыі на Сярэднім Усходзе заўсёды вызначаўся выключна сквапнымі інтарэсамі буйных прамысловых манаполій, якія зацікаўлены ў атрыманні доступу да велізарных запасаў іранскай нафты і кантролі над важным для іх геаграфічным раёнам Персідскага заліва, — адзначае намеснік старшыні профільнай камісіі. 

Ён нагадвае, што па запасах нафты Іран займае трэцюю пазіцыю ў свеце пасля Саудаўскай Аравіі і Венесуэлы. Тут жа засяроджана 16% сусветных запасаў прыроднага газу, а таксама ажыццяўляецца здабыча медзі, жалеза, марганца, свінцу, цынку, золата, срэбра, мармуру, бірузы. 


— Пасля Ісламскай рэвалюцыі 1979 года амерыканцы больш за 40 гадоў ціснуць Іран санкцыямі, здзяйсняюць пазасудовыя расправы над палітыкамі, навукоўцамі, вайскоўцамі і дзяржаўнымі дзеячамі, імкнуцца дэстабілізаваць унутрыпалітычную сітуацыю і ўсталяваць спрыяльны палітычны клімат, умовы якога дазволяць ім адкрыта гаспадарыць у краіне, як гэта было пры шахскім рэжыме, — канстатуе суразмоўца. 

Ён заўважае, што апошняя спроба звяржэння палітычнага рэжыму аятала была здзейснена спецслужбамі ЗША ў канцы мінулага года, калі амерыканскія фінансава-алігархічныя групы і вашынгтонскі цэнтр эканамічнай сілы, які стаіць за імі, наўмысна справакавалі рэзкую дэвальвацыю іранскай нацыянальнай валюты:

— Катастрафічна хуткае абясцэньванне іранскага рэала спарадзіла спачатку хвалю пратэстаў па ўсёй краіне, а затым і масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся ўзброенымі захопамі дзяржаўных аб’ектаў. Цаной неверагодных намаганняў ваенна-палітычнаму кіраўніцтву ісламскай рэспублікі ўдалося стабілізаваць сітуацыю, што выклікала хвалю абурэння з боку адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. 

І вось тады афіцыйны Вашынгтон публічна заявіў пра тое, што выкарыстоўвае ўсе рэсурсы для звяржэння законнай улады ў Іране і ўзмоцніць падрыхтоўку да ўзброенага ўмяшання ва ўнутраныя справы непакорлівай краіны. 


— Амерыканцы цвёрда перакананыя ў тым, што ніхто з геапалітычных гульцоў глабальнага Поўдня не наважыцца процідзейнічаць ім у правядзенні чарговай вайсковай аперацыі супраць дзяржавы-члена ААН, — тлумачыць логіку ініцыятараў уварвання Алег Дзячэнка. — Упэўненасць амерыканскім ястрабам надае і той факт, што ў мінулым сусветная супольнасць заўсёды заплюшчвала вочы на грубыя парушэнні ранейшымі Вашынгтонскімі адміністрацыямі нормаў міжнароднага права. Яркімі прыкладамі апошніх дзесяцігоддзяў з’яўляюцца лёсы Сербіі, Афганістана, Ірака, Лівіі, Сірыі і Венесуэлы. 

Эксперт звяртае ўвагу на тое, што фармальнай падставай для ваеннай эскалацыі на Блізкім і Сярэднім Усходзе стала развіццё іранцамі мірнага атама і ракетных праграм для забеспячэння ўласнай бяспекі:

— Пакуль у Швейцарыі марудна вяліся амерыкана-Іранскія перамовы Пентагон нарошчваў сваю прысутнасць у блізкаўсходнім рэгіёне і да канца лютага сцягнуў сюды буйныя ваенна-марскія сілы ў складзе авіяносных груп на чале з USS «Abraham Lincoln» і USS «Gerald R. Ford», 35 ваеннымі караблямі: эсмінцамі і атамнымі падлодкамі з ракетамі «Тамагаўк». На ваенных базах былі размешчаны дзясяткі знішчальнікаў F-15, F-16, F-22, F-35 і ваенна-транспартных самалётаў з узбраеннем. Наземныя войскі дасягнулі 50 тысяч чалавек. Ды і дзейнасць спецслужбаў максімальна актывізавалася. Іх мішэнню з’яўляюцца вышэйшыя службовыя асобы Ірана, здольныя арганізаваць супраціў. 

На думку суразмоўцы, Амерыка грунтоўна падрыхтавалася да ваеннай агрэсіі, якая пачалася 28 лютага з ракетнага нападу на іранскую стратэгічную інфраструктуру. Інтэрвенцыю падтрымаў і найбліжэйшы саюзнік ЗША — Ізраіль:

— У сваю чаргу Іран атакаваў амерыканскія вайсковыя аб’екты, размешчаныя на тэрыторыі шэрагу арабскіх краін. Ісламская рэспубліка мае дастатковую колькасць балістычных і гіпергукавых ракет, беспілотнікаў, іншых сродкаў паражэння і гатовая ўжыць іх для адбіцця агрэсіі. Ці будзе на тое палітычная воля кіраўнікоў шыіцкай дзяржавы — пакажа час.

Намеснік старшыні профільнай камісіі падкрэслівае, што на Сярэднім Усходзе разгортваецца чарговая трагедыя, бенефіцыярам якой, безумоўна, з’яўляецца амерыканскі фінансава-алігархічны рэжым, прадстаўлены верхаводамі з Уол-стрыт і нафтавымі баронамі, якія дзеля нажывы развязваюць вайны па ўсім зямным шары.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю