Сёлета ён вырас больш чым на 44 %, а ў грашовым вылічэнні ўвогуле дасягнуў рэкордных паказчыкаў за апошнія 10 гадоў — больш за 330 мільёнаў долараў. Як адзначаюць спецыялісты, з надыходам зімы і напярэдадні святочнага сезона ў Беларусі вырас попыт як на ўнутраны, так і на ўязны турызм. Куды ж едуць вандроўнікі?
Вячоркі каля каміна і хатняя кухня
Зімой у Беларусі прапануецца мноства магчымасцяў для разнастайнага адпачынку. Замкі і палацава-паркавыя комплексы цудоўныя ў любое надвор’е. Да таго ж у зімовы сезон яны прапануюць разнастайныя тэатралізаваныя экскурсіі, рыцарскія турніры, майстар-класы па танцах у сярэднявечным стылі. Падрыхтаваны спецыяльныя калядныя маршруты — у першую чаргу гастранамічныя туры з дэгустацыямі мясцовай кухні, а таксама гарадскія маршруты з наведваннем музеяў, выставак і іншых мерапрыемстваў. Не адстаюць аб’екты гандлю, якія да навагодняга і святочнага сезона адкрываюць кірмашы, праводзяць інтэрактыўныя мерапрыемствы, устанаўліваюць інсталяцыі для прыгожых фотасесій.
Класічным варыянтам для зімовага адпачынку застаецца наведванне Нацыянальнага парка «Белавежская пушча» з рэзідэнцыяй Дзеда Мароза. Пры гэтым, як паведаміла намеснік дырэктара — начальнік аддзела планавання і арганізацыі турыстычнай дзейнасці Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Кацярына ГАНЧАРОНАК, Нацыянальнае агенцтва па турызме падрыхтавала каляндар падзейных мерапрыемстваў на зіму, дзе можна азнаёміцца з альтэрнатыўнымі варыянтамі навагодняга падарожжа.
Вялікі попыт на свае паслугі адчуваюць санаторыі: сярэдняя іх запаўняльнасць ужо перавышае 86 %. А на навагоднія святы — з 25 снежня па 7 студзеня — плануецца стопрацэнтная загрузка, прычым замежнікі складаюць палову гасцей. А вось пасля зімовых свят загрузка традыцыйна зніжаецца. Так што , хто не паспеў адпачыць у святочны перыяд, спяшайцеся ўзяць водпуск і адправіцца ў санаторый.
Асаблівай папулярнасцю ў зімовы сезон карыстаецца аграэкатурызм, дзе можна ўтульна адпачыць маленькай кампаніяй ці ўсёй сям’ёй. Аграсядзібы робяць стаўку на ўтульнасць — каміны, хатнюю кухню, лазневыя комплексы, гульні, знаёмства з гаспадаркай і майстар-класы, у тым ліку кулінарныя. Дарэчы, у снежні ў нашай краіне працягваецца месяц гастранамічнага турызму. У рэспубліцы працуе каля 200 аб’ектаў грамадскага харчавання, якія спецыялізуюцца на нацыянальнай беларускай кухні, а таксама каля 80 маршрутаў з гастранамічнай тэматыкай.
Лошыцкія казкі і кірмашы
У навагоднюю праграму Мінска ўваходзіць больш за 100 мерапрыемстваў. Цэнтральнай пляцоўкай стане прастора каля Палаца спорту, а з 20 снежня па 11 студзеня будзе працаваць калядны кірмаш. Новая лакацыя — Лошыцкі парк, дзе кожныя выхадныя з 20 снежня будуць праходзіць тэатралізаваныя паказы «Лошыцкія казкі». Навагоднімі паказамі парадуюць пляцоўка ў Верхнім горадзе з «Сакрэтамі навагодняга настрою» і штодзённая казка каля Палаца спорту «Таямніца навагодняй паштоўкі» ў 19.00. Акрамя таго, у кожным раёне сталіцы прадугледжаны свае калядныя мерапрыемствы.
— Гэты год стаў знакавым для развіцця дзённага выставачнага турызму. У маі адкрыўся Мінскі міжнародны выставачны цэнтр. З 19 снежня там стартуе вялікая выстаўка дасягненняў «Мая Беларусь», дзе чырвонай ніткай будзе прадстаўлены турыстычны патэнцыял не толькі Мінска, але і ўсёй краіны. Стэнд сталіцы будзе шырокім з інтэрактыўнай праграмай, майстар-класамі, віктарынамі і актыўнасцямі. Выстаўка
працягнецца да 23 лютага, — расказаў дырэктар дзяржаўнай установы «Інфармацыйна-турысцкі цэнтр «Мінск» Аляксей РУСАКЕВІЧ.
Сталіца гатова да навагодняга наплыву гасцей, у тым ліку і замежных. У Мінску працуе 58 гасцініц з улікам той, што адкрылася пасля рэканструкцыі, на 13 нумароў у Лошыцкім парку, а таксама 19 хостэлаў. Агульная ўмяшчальнасць перавышае 12,7 тысячы месцаў, і сфера сродкаў размяшчэння прадаўжае бесперапынна развівацца. У бліжэйшыя дні плануецца адкрыць буйны аб’ект — гасцініцу Waldorf Astorіa у цэнтры горада.
Функцыянуе вялікая колькасць рэстаранаў і кафэ, якія прапануюць разнастайныя паслугі і прадукцыю ў адпаведнасці з чаканнямі турыстаў. Ва ўстановах працуюць афіцыянты з веданнем замежных моў, прапануецца меню на некалькіх мовах, выкарыстоўваюцца тэхнікі ўважлівага абслугоўвання і рэкамендацыі, ствараючы даверлівую атмасферу для гасцей. Таксама суб’екты грамадскага харчавання актыўна развіваюць фарматы фудзон і фудкортаў.
Каляндар зімовых падзей насычаны шмат чым цікавым: напрыклад, у студзені плануюцца мерапрыемствы, прысвечаныя традыцыйным святам — Калядам, Вадохрышчу, а ў лютым — Масленіцы. Прычым неабавязкова ехаць далёка, таму што ў кожным раёне пройдуць свае ўнікальныя дзействы.
Алена КРАВЕЦ.