Былога кіраўніка Міністэрства аховы здароўя Польшчы Адама Нядзельскага збілі за рашэнні, якія ён прымаў падчас пандэміі каранавіруса, паведамляе БелТА.
Былога польскага міністра збілі двое мужчын каля рэстарана ў польскім горадзе Седльцэ. У момант бойкі злачынцы гучна крытыкавалі рашэнні, прынятыя Нядзельскім падчас пандэміі каранавіруса.
Паліцыя пачала расследаванне здарэння. Вядома, што нападнікі былі затрыманы, імі аказаліся двое мужчын 35 і 39 гадоў. Ім пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў.
«Абодва знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, узровень алкаголю ў крыві перавышаў 2 праміле. Таксама былі ўзяты аналізы крыві на наяўнасць наркотыкаў», — паведамілі праваахоўнікі.
Нядзельскі пасля нападу быў дастаўлены ў бальніцу для абследавання. Вядома, што яго жыццю нічога не пагражае. Пазней экс-міністр апублікаваў пост у сацыяльных сетках, у якім падзякаваў медыкам і паліцыі за дапамогу. Ён таксама ўсклаў частку віны за гэты напад на цяперашняга кіраўніка МУС Польшчы Марцына Кервінскага.
«Увесь гэты інцыдэнт — вынік памяркоўнага стаўлення да распальвання нянавісці, а таксама пазбаўлення мяне абароны рашэннем міністра Кервінскага, нягледзячы на шматлікія публічныя пагрозы ў мой адрас. Спадзяюся, гэта сітуацыя прымусіць усе палітычныя сілы задумацца, што мы ўжо знаходзімся на слізкім схіле. Пасіўнасць толькі асудзіць нас на далейшую эскалацыю», — падкрэсліў ён
Адам Нядзельскі быў міністрам аховы здароўя Польшчы са жніўня 2020 па жнівень 2023 года. Падчас яго працы на гэтай пасадзе польскае Міністэрства аховы здароўя ўводзіла жорсткія абмежаванні і каранцінныя меры, звязаныя з пандэміяй COVID-19.