На пленарным пасяджэнні ІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана ў Мінску гаварылі аб пашырэнні эканамічнага супрацоўніцтва і новых ініцыятывах
Галоўная тэма мерапрыемства — «Кааперацыя рэгіёнаў як драйвер эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана». Таму на парадку дня — перспектывы міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння і цырымонія падпісання двухбаковых пагадненняў. Удзельнікі абмеркавалі пытанні прамысловай кааперацыі, узаемадзеяння ў сельскай гаспадарцы, дрэваапрацоўцы і мэблевай вытворчасці, а таксама сацыяльна-гуманітарнага супрацоўніцтва.

Вырашыць пытанні і намеціць перспектывы
Форум закліканы трансфармаваць дасягнуты высокі ўзровень палітычнага даверу ў канкрэтныя эканамічна выгадныя праекты, зазначыў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Юрый ШУЛЕЙКА. «Гэта добрая магчымасць не толькі ўстанавіць прамыя кантакты, але і ў канструктыўным ключы знайсці ўзаемапрымальныя рашэнні па актуальных пытаннях, намеціць перспектывы. Галоўнае — не стаяць на месцы, не шукаць лёгкіх шляхоў, а выступаць з новымі, сучаснымі ініцыятывамі».
Дарэчы, за тры гады свайго існавання Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана стаў больш, чым проста штогадовай сустрэчай, адзначыў намеснік Прэм’ер-міністра Узбекістана Жамшыд Хаджаеў: «Кожны год і бізнес, і ўрад пераконваюцца, што цікавасць расце, а самае галоўнае — ёсць практычныя крокі. Сёння гэта адна з самых эфектыўных пляцовак нашага эканамічнага супрацоўніцтва, дзе нараджаюцца новыя праекты, устанаўліваюцца прамыя сувязі паміж рэгіёнамі, а дасягнутыя дамоўленасці ператвараюцца ў рэальныя інвестыцыі і сумесныя вытворчасці».

Па словах Жамшыда Хаджаева, Беларусь была і застаецца адным з ключавых стратэгічных партнёраў Узбекістана: «Па выніках мінулага года ўзаемны тавараабарот павялічыўся на 25 % і ўжо наблізіўся да адзнакі ў 1 мільярд долараў. Паспяхова працуюць сотні сумесных прадпрыемстваў, рэалізуюцца праекты ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, фармацэўтыцы, электратэхніцы, тэкстыльнай галіне і іншых сферах».

Увогуле беларуска-ўзбекскае супрацоўніцтва — гэта прыклад узаемнай павагі, сяброўства, даверу. І ў аснове дасягнутага ўзроўню ўзаемадзеяння, паводле слоў намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі, — даверны і змястоўны дыялог на самым высокім узроўні. У тым ліку актыўна ажыццяўляецца міжурадавае, міжведамаснае ўзаемадзеянне і супрацоўніцтва на ўзроўні суб’ектаў гаспадарання: «Наша сістэмнае партнёрства забяспечвае ўпэўнены ўзаемны аб’ём гандлю. За мінулыя 10 гадоў аб’ём узаемнага гандлю таварамі вырас больш як у 13 разоў: з 64 мільёнаў долараў да 854 мільёнаў у 2025 годзе, — адзначыў Юрый Шулейка. — За 5 месяцаў бягучага года тавараабарот паміж нашымі краінамі вырас практычна на 40 %. Упэўнены, сёлета мы пераадолеем гістарычную планку тавараабароту, які перавысіць 1 мільярд долараў».
Бакі бачаць рэзервы як у нарошчванні паставак па традыцыйнай таварнай наменклатуры, так і ў асваенні новых пазіцый. Мэта — за некалькі гадоў выйсці на ўзаемны тавараабарот у 2 мільярды долараў у год.
У прыярытэце — узаемавыгаднае супрацоўніцтва
Дарэчы, сёння беларуска-ўзбекскія адносіны выходзяць за рамкі проста куплі-продажу і пераходзяць да глыбокай вытворчай і тэхналагічнай кааперацыі. Разам з тым актыўна выбудоўваецца сетка фірменнага сэрвіснага абслугоўвання, арганізаванае апераджальнае навучанне профільных кадраў. Не адстае і лёгкая прамысловасць: у вытворчасці высакаякаснага трыкатажу і тэкстыльных вырабаў добра паказала сябе практыка аб’яднання кампетэнцый Беларусі і Узбекістана.

Не менш важны абмен тэхналогіямі ў стратэгічна важных галінах, аграпрамысловым комплексе. «Высокі патэнцыял маюць ініцыятывы ўзбекскіх партнёраў па стварэнні жывёлагадоўчых комплексаў у Беларусі. У Шумілінскім і Лёзненскім раёнах Віцебскай вобласці распачатая рэалізацыя двух такіх праектаў. Прапрацоўваецца магчымасць ажыццяўлення такіх задум у Магілёўскай і Гомельскай абласцях», — падкрэсліў Юрый Шулейка.
Яскравы прыклад навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва — стварэнне сумеснай вытворчасці кабельна-правадніковай прадукцыі ў Ахангаранскім раёне Ташкенцкай вобласці. «Беларусь традыцыйна валодае без перабольшання найвышэйшымі кампетэнцыямі ў мяса-малочных тэхналогіях, бульбаводстве, селекцыі збожжавых, тэхнічных культур, ільнаводстве. А ўзбекскія сябры — прафесіяналы ў шаўкаводстве, вытворчасці баваўнянай сыравіны, вінаградарстве, бахчаводстве. І, вядома, гаворка ідзе пра ўнікальны досвед Узбекістана ў перапрацоўцы садавіны і вырошчванні арэхаплодных культур», — адзначыў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі.
У полі двухбаковага ўзаемадзеяння знаходзіцца таксама ахова здароўя і фармацэўтыка. Напрыклад, прадпрыемствы холдынга «Белфарм» ужо вядуць работу па лакалізацыі вытворчасці лекаў ва Узбекістане і пастаўцы прэпаратаў на мясцовыя вытворчыя пляцоўкі. Шматабяцальным уяўляецца супрацоўніцтва ў сферы лесапрамысловага комплексу, у мэблевай індустрыі. Як вынік — новыя працоўныя месцы для рэгіёнаў Узбекістана і доўгатэрміновы, стабільны і ёмісты рынак збыту для беларускіх дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў.

Супрацоўніцтва рэгіёнаў
На дадзены момант ужо дзейнічае больш як 30 пагадненняў паміж рэгіёнамі Беларусі і Узбекістана. Па выніках форуму было падпісана яшчэ 12 дакументаў, што падкрэслівае высокую ролю рэгіёнаў у развіцці двухбаковых адносін. Гродзеншчына, напрыклад, разлічвае максімальна выкарыстоўваць свае канкурэнтныя перавагі, робячы асаблівы ўпор на інвестыцыйнае ўзаемадзеянне, бо падыходы дзвюх краін у гэтым пытанні ў многім супадаюць.
Заходні рэгіён таксама адкрыты для прыцягнення замежнага капіталу, арганізацыі сумесных праектаў і вытворчасцей. Для гэтага задзейнічаюцца магчымасці СЭЗ «Гроднаінвест» і індустрыяльнага парку «Гродна»: «Цікавасць з боку ўзбекскага бізнесу на льготы і прэферэнцыі, на гатовую інжынерную інфраструктуру ёсць», — расказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый КАРАЕЎ.
Асноўныя тавары, якія пастаўляюць на рынак Узбекістана віцебскія прадпрыемствы, — гэта фармацэўтычныя прэпараты, кабельная прадукцыя, прадукцыя машынабудавання, прадукты харчавання, абутак і адзенне, падзяліўся старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік: «Як на ўзроўні органаў мясцовай улады, так і асобных прадпрыемстваў і арганізацый, вядзецца пастаянны дыялог па пытаннях узаемавыгаднага супрацоўніцтва ў прамысловым сектары, сельскай гаспадарцы, медыцыне, адукацыі, культуры. Ужо сёння ёсць пэўныя вынікі гэтай работы».
Шэраг пагадненняў і планаў мерапрыемстваў па супрацоўніцтве, у тым ліку паміж рэгіёнамі дзвюх дзяржаў, быў падпісаны пасля завяршэння пленарнага пасяджэння форуму.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА