Намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Юлія Шапкіна расказала аб мэтах дзяржаўнай праграмы «Лічбавая Беларусь» на 2026-2030 гады, паведамляе БелТА.
Мэта праграмы «Лічбавая Беларусь» — не ўсё перавесці ў лічбавы фармат дзеля лічбы, а зрабіць эканоміку больш эфектыўнай, а жыццё людзей — прасцейшым і больш зручным, адзначыла Юлія Шапкіна. «Свет імкліва пераходзіць у лічбавае асяроддзе, і мы ідзём у гэтым напрамку ўзважана: без гонкі за модай, але з разуменнем, якія тэхналогіі сапраўды даюць карысць», — звярнула ўвагу яна.

Падпраграма «Эканоміка даных» — фундамент усёй лічбавай трансфармацыі. «Сёння даныя сталі стратэгічным рэсурсам, супастаўным па значнасці з энергіяй або інфраструктурай. Але пакуль дзяржаўныя органы часта працуюць кожны ў сваім „лічбавым востраве“: даныя дубліруюцца, сістэмы недастаткова ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, з-за гэтага расце нагрузка на карыстальнікаў, якім даводзіцца шматразова прадастаўляць адны і тыя ж звесткі. Наша задача — стварыць адзіную прастору дзяржаўных даных, дзе інфармацыйныя сістэмы будуць разумець адна адну, а прынцып „аднаразовы ўвод інфармацыі — шматразовае выкарыстанне“ стане нормай. Такім чынам мы забяспечваем не проста аблічбоўку ўсіх даных, а выключаем праяўленне лічбавай бюракратыі», — растлумачыла намеснік міністра.
Адначасова будзе развівацца тэлекамунікацыйная інфраструктура. Да 2030 года сярэдняя скорасць мабільнага інтэрнэту ў Мінску павінна дасягнуць 135 Мбіт/с, у раённых цэнтрах — 110 Мбіт/с, а тры чвэрці абанентаў стацыянарнага інтэрнэту будуць карыстацца скорасцю 100 Мбіт/с і вышэйшай. Такая база неабходна для запуску сучасных лічбавых сэрвісаў і шырокага прымянення тэхналогій штучнага інтэлекту, падкрэсліла Юлія Шапкіна.
Паводле яе слоў, калі «Эканоміка даных» — гэта фундамент лічбавага развіцця, то падпраграма «Лічбавая дзяржава» — тое, што будзе прадастаўлена людзям. «Размова ідзе аб пераходзе ад аказання разрозненых электронных паслуг да комплекснага вырашэння іх пытанняў у рамках жыццёвых сітуацый, у тым ліку па факце іх надыходу (іншымі словамі, актыўна»), — растлумачыла намеснік міністра.
І, нарэшце, падпраграма «Лічбавы суверэнітэт» — гэта тэхналагічная абарона. «Апошнія гады наглядна паказалі, наколькі важна абапірацца на ўласныя рашэнні. Таму мы фарміруем імпартанезалежную экасістэму праграмнага забеспячэння. Лічбавы суверэнітэт сёння — гэта не абстрактнае паняцце, а практычная неабходнасць. Ён азначае здольнасць дзяржавы незалежна і ўстойліва развіваць лічбавую інфраструктуру, не трапляючы ў крытычную залежнасць ад знешніх пастаўшчыкоў», — рэзюмавала яна.