У Мінску адбыўся круглы стол, на якім абмяркоўваліся перспектывы лічбавых тэхналогій і штучнага інтэлекту ў развіцці эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін. Мерапрыемства было арганізавана Пасольствам Рэспублікі Казахстан у Беларусі і выклікала цікавасць як у дзяржаўных органаў, так і ў навуковых і дзелавых колаў, а таксама экспертнай і аналітычнай супольнасці нашай краіны.
Адкрываючы сустрэчу, пасол Казахстана ў Беларусі Цімур ЖАКСЫЛЫКАЎ прадставіў беларускім калегам ключавыя кірункі рэалізацыі канцэпцыі пераходу да цалкам лічбавай дзяржавы да 2028 года. Гэта ідэя Прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарта ТАКАЕВА. Пасол адзначыў, што пад «цалкам лічбавай дзяржавай» разумеецца не набор асобных лічбавых паслуг, а цэласная экасістэма, якая ўключае заканадаўства, інфраструктуру, інвестыцыйную палітыку, падрыхтоўку кадраў і дзяржаўныя сэрвісы.
Паводле слоў пасла, індэкс ААН па анлайн-паслугах Казахстан увайшоў у топ-10, а індэкс электроннага ўрада — на 24-м месцы ў свеце. Краіна змагла выбудаваць адну з самых прасунутых сістэм GovTech у Еўразіі. Жыхары гэтай краіны могуць за некалькі хвілін правесці рэгістрацыю здзелкі куплі-продажу аўтамабіля або нерухомасці дзякуючы інтэграцыі ШІ-праверак, лічбавай ідэнтыфікацыі і аўтаматычнага абмену данымі паміж ведамствамі.
Таксама карыстальнікі могуць у анлайн-рэжыме атрымаць або замяніць пашпарт, ID-карту, вадзіцельскія і іншыя пасведчанні, зарэгістраваць пражыванне або змяніць адрас, аформіць дазволы і ліцэнзіі без наведвання дзяржорганаў.
У першай палове гэтага года праз лічбавыя платформы было аказана больш за 25 мільёнаў дзяржпаслуг, каля паловы з якіх — праз мабільныя сэрвісы. Практычна ўсе неабходныя паслугі і даведкі даступныя ў мабільным тэлефоне праз дадатак eGovMobile. У ім зарэгістравана ўжо больш за 11 мільёнаў карыстальнікаў.
Праекты Smart Data Ukimet і «лічбавая сямейная карта» дазваляюць дзяржаве аўтаматычна вызначаць патрэбы грамадзян, забяспечваючы адрасную падтрымку без дадатковых зваротаў.
Гэта ўжо не эксперымент, а новая норма дзяржаўнага кіравання. Кіраўніцтва краіны пастаянна падкрэслівае, што лічбавізацыя павінна суправаджацца поўным тэхналагічным суверэнітэтам. Гэта наяўнасць уласных вялікіх моўных мадэляў — ад KazLLM да ўдасканаленай AlemLLM, навучанай на масіве даных у 246 мільярдаў токенаў. Гэтая мадэль якасна апрацоўвае запыты на казахскай мове, пераўзыходзячы многія існуючыя аналагі і фарміруючы аснову тэхналагічнага суверэнітэту краіны.
Чым блізкія нашы краіны?
Характарызуючы вопыт Беларусі ў сферы лічбавізацыі, Цімур Жаксылыкаў адзначыў наяўнасць моцнай навуковай школы, магутных ІТ-кампетэнцый і фундаментальнай базы для лічбавай трансфармацыі. Паводле слоў пасла, беларускі вопыт самастойнага выбудоўвання мадэлі лічбавай дзяржавы выклікае павагу і ўяўляе вялікую цікавасць для Казахстана ў плане ўмацавання лічбавага суверэнітэту. У цэлым Казахстан бачыць шырокае поле для супрацоўніцтва і адкрыты да сумеснай працы — ад абмену ШІ-распрацоўкамі і лічбавымі рашэннямі да падрыхтоўкі спецыялістаў.
Намеснік міністра эканомікі Беларусі Кірыл МАШАРСКІ адзначыў, што Казахстан і Беларусь аб’ядноўвае стаўка на лічбавізацыю як драйвер несыравіннага эканамічнага росту.
«У бягучым годзе сектар ІКТ (інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій) з’яўляецца другім па памеры ўкладу ў прырост беларускага ВУП, рост у галіне па выніках 10 месяцаў склаў 103,5 %. Расце як колькасць занятых, так і аб’ём заказаў на айчынны софт. Пасля адаптацыі і пераарыентацыі на ўнутраны рынак і рынкі дружалюбных краін доля сектара ІКТ ВУП стабілізавалася (на ўзроўні 5,4 %). У наступнай пяцігодцы яе плануецца нарасціць да 7,5 %», — лічыць Кірыл Машарскі.
Паводле яго, было б добра дасягнуць сінергіі беларускіх інжынерных школ, тэхнічнай думкі з казахстанскім капіталам і менеджментам. У Беларусі таксама адчуваецца ніша для венчурнага капіталу.
Як адзначалі ў ходзе круглага стала беларускія эксперты, з сучаснымі падыходамі Казахстана ў сферы лічбавізацыі ў ходзе візітаў нядаўна азнаёміліся Прэм’ер-міністр краіны Аляксандр ТУРЧЫН і яго першы намеснік Мікалай СНАПКОЎ. Казахстанскія інстытуты актыўна дзеляцца сваім вопытам, паказваючы на тыя складанасці, з якімі сутыкаліся самі.
Са свайго боку, беларускія структуры гатовыя прапанаваць свае распрацоўкі ў сферы лічбавага картаграфавання, электроннага дакументазвароту і электроннай сертыфікацыі, лічбавых сістэм ідэнтыфікацыі тавараў, лічбавізацыі біржавога гандлю, прымянення тэхналогіі блокчэйн.
Прадстаўнікі пасольства Казахстана і беларускія эксперты выказалі ўзаемную цікавасць да далейшага абмеркавання і дэталёвай прапрацоўкі ідэй, прапанаваных падчас круглага стала.
Сяргей КУРКАЧ.