З’яўленне выдання прымеркавана да 85-годдзя з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. На яго старонках чытачам прадстаўлены гісторыі тых, хто адважна абараняў нашу зямлю. Падчас нядаўняй прэзентацыі кнігі ў Доме прэсы прадстаўнікі выдавецтва, дыпламатычнага корпуса пагаварылі не толькі пра ролю літаратуры ў захаванні памяці мінулага, але і пра важнасць выхавання патрыятызму, міжнароднае супрацоўніцтва і сяброўства.
— Падчас работы над гэтым праектам мы паставілі сабе задачу — расказаць не толькі пра нейкія ўжо вядомыя імёны, але і адкрыць чытачу нешта новае, — адзначыў дырэктар выдавецтва «Беларусь» Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ. — Па-першае, Міністэрства інфармацыі ў апошнія гады ініцыявала цэлы шэраг праектаў, якія паказвалі ўдзел прадстаўнікоў розных народаў Савецкага
Саюза ў Вялікай Айчыннай вайне на тэрыторыі Беларусі. Таму што мы ўсе былі адзіным народам, усе мы змагаліся за агульную Перамогу.
У кнізе сабраны кароткія звесткі аб падзеях таго цяжкага для краіны перыяду выпрабаванняў, біяграфіі мужных байцоў, сіламі якіх набліжалася Вялікая Перамога. Акрамя гэтага, у выданні змешчана шмат ілюстрацыйнага матэрыялу, і яшчэ яно дапоўнена лірычнымі творамі паэтаў, якія сталі сведкамі ваеннага ліхалецця.
— Стварэнне такога выдання — гэта вялікая адказнасць. Усё, што звязана з гісторыяй і тэмай Вялікай Айчыннай вайны, патрабуе толькі правераных фактаў і крыніц. Там не павінна быць ніякіх адступленняў. І, вядома, нам хацелася стварыць годнае выданне, — падзялілася ўкладальнік выдання Вольга ДАВІДОВІЧ. — Па матэрыял мы звярталіся да выданняў, якія ўжо выходзілі раней. Над аздабленнем нашага выдання працавала дызайнер Віялета Жук. Дапоўнілі мы кнігу рэпрадукцыямі карцін, фотаздымкамі і паэтычнымі творамі, прысвечанымі Вялікай Айчыннай вайне.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Таджыкістан у Рэспубліцы Беларусь Бахтавар Аміралі САФАРЗАДА падкрэсліў, што асабліва сёння агульная памяць вельмі важная: «Вялікая Перамога — наша агульнае дасягненне і каштоўнасць. У гады Вялікай Айчыннай вайны народы Савецкага Саюза аб’ядналіся супраць агульнага ворага... Нягледзячы на тэрытарыяльную аддаленасць ад лініі фронту з першых дзён вайны мы ўнеслі свой уклад у дасягненне Перамогі. Тады насельніцтва Таджыкістана складала крыху больш за паўтара мільёна, з іх больш за 330 тысяч чалавек сышлі на фронт... На жаль, дадому не вярнулася больш за 100 тысяч чалавек...» Згадаў пра сваіх суайчыннікаў і ўдзельнікаў той вайны і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь Рахматула НАЗАРАЎ, адзначыўшы: «У нас былі мабілізаваны 1 950 000 чалавек, з якіх загінулі 538 000, больш за 150 000 зніклі без вестак, больш за 870 000 атрымалі раненні... Прыняў Узбекістан у той перыяд і шмат бежанцаў. І, напрыклад, з 250 000 дзяцей, якія былі эвакуіраваны да нас, усе знайшлі прытулак у мясцовых сем’ях».
У сваю чаргу старшы саветнік пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Сяргей СЯДЫХ акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што сёння, калі становіцца ўсё менш сведкаў мінулага, надзвычай важна перадаваць праўду пра тыя падзеі маладому пакаленню: «Мы гаворым пра нашу агульную гісторыю і Перамогу. Трэба расказваць маладому пакаленню, што гэта была не проста адна з войнаў, а вайна на знішчэнне, калі нас нават за людзей не лічылі... І расказваць мы пра гэта будзем і ў ходзе жывых размоў, праз новыя кінастужкі, і на старонках кніг».
Іх шэраг цяпер папоўніўся выданнем «Разам! Вялікая Перамога!». Кніга будзе карыснай усім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі і перыядам Вялікай Айчыннай вайны. Яе ўжо можна набыць у кнігарнях і ў выдавецтве.
Алена ДРАПКО