Аналітыкі Еўразійскага банка развіцця прагназуюць паскарэнне тэмпаў росту беларускай эканомікі за кошт унутранага попыту на фоне высокага росту заробкаў і рэалізацыі інвестыцыйных праектаў пры падтрымцы дзяржавы. Падрабязнасці макраэканамічнага прагнозу — у нашым матэрыяле.
Аналітыкі банка адзначаюць высокую спажывецкую і інвестыцыйную актыўнасць, якая застаецца ключавым драйверам росту.
— Эканамічная актыўнасць падтрымлівалася мерамі ўлад па стымуляванні інвестыцый і ростам даходаў насельніцтва, — гаворыцца ў аглядзе.
Адзначаецца, што будаўніцтва, гандаль і ІТ-сектар забяспечылі больш за палову прыросту ВУП. Моцная дынаміка пасажырскіх перавозак падтрымала павелічэнне дабаўленага кошту ў транспартным сектары. Унутраны попыт пашыраецца на фоне высокай спажывецкай і інвестыцыйнай актыўнасці. Спажыванне расце дзякуючы павышэнню заробкаў (+10 % у гадавым выражэнні).
Цікаўным выглядае прагноз аналітыкаў банка адносна таго, як складзецца для эканомікі нашай краіны 2026-ы. У прыватнасці, у ЕАБР прагназуецца рост ВУП на 1,8 %. За кошт чаго?
— Эканоміка працягне расці за кошт унутранага попыту. Павелічэнне даходаў насельніцтва падтрымае спажывецкую актыўнасць, а ўрад захавае курс на стымуляванне інвестыцый, — адзначаецца ў дакуменце.
Паводле ацэнак спецыялістаў, прадугледжаныя механізмы крэдытнай падтрымкі і рэалізацыя больш за 600 праектаў у рамках інвестыцыйных дагавораў з урадам забяспечаць станоўчую дынаміку інвестыцый. Інвестыцыйная актыўнасць разам з мерамі падтрымкі жыллёвага будаўніцтва надасць імпульс будаўнічай галіне. Патрэба, якая расце ў замяшчэнні замежных праграмных прадуктаў у Беларусі і Расіі, будзе спрыяць далейшаму развіццю ІТ-індустрыі.
Рост унутранага попыту прывядзе да павелічэння імпарту, адзначаецца ў макраэканамічным аглядзе. Чаканае зніжэнне попыту на беларускія тавары з-за запаволення росту расійскай эканомікі акажа стрымлівальны ўплыў на экспарт. Паляпшэнне канкурэнтаздольнасці з прычыны паслаблення рэальнага курсу толькі часткова нівеліруе негатыўны эфект зніжэння знешняга попыту. Запасы гатовай прадукцыі і стрыманы знешні попыт могуць абцяжарваць пашырэнне прамысловай вытворчасці.
— Чакаем, што ў 2027–2028 гадах эканоміка паскорыць тэмпы росту, вярнуўшыся да траекторыі збалансаванага развіцця, — прагназуюць аналітыкі ЕАБР.
На іх думку, эканамічная актыўнасць будзе расці ва ўмовах павышэння попыту з боку Расіі і павелічэння ўнутранага спажывання. Рэалізацыя інтэграцыйных і імпартазамяшчальных праектаў пачне пашыраць вытворчыя магчымасці.
— Інфляцыя, паводле нашых прагнозаў, запаволіцца да 6,9 % у 2026 годзе і будзе захоўвацца паблізу абноўленай мэтавай адзнакі — 7 %, — гаворыцца ў дакуменце.
Тут, магчыма, варта зрабіць агаворку адносна «запаволення»: паводле папярэдніх ацэнак спецыялістаў ЕАБР, інфляцыя ў 2025-м у Беларусі павінна была складаць каля 7,1 %. Аднак факт разышоўся з прагнозам: паводле даных Нацбанка, гадавы прырост спажывецкіх цэн склаў у нашай краіне 6,8 %.
Што да ацэнак індэкса спажывецкіх цэн, то, на думку аналітыкаў Еўразійскага банка развіцця, інфляцыйны эфект ад выраўноўвання цэн з Расіяй у значнай ступені вычарпаны. Разам з тым дэвальвацыя беларускага рубля да долара і рост унутранага попыту працягнуць аказваць праінфляцыйны ціск, а павышэнне стаўкі ПДВ у Расіі можа прывесці да дадатковага імпарту інфляцыі, лічаць спецыялісты.
Адносна грашова-крэдытнай палітыкі ў ЕАБР адзначаюць, што ў 2026-м грашова-крэдытныя ўмовы істотна не зменяцца:
— Чакаецца захаванне стаўкі рэфінансавання на ўзроўні, блізкім да бягучага значэння (каля 9,75 % гадавых). Стабілізацыя інфляцыйных працэсаў не стварае падстаў для яе павышэння. Нацыянальны банк працягне рэгуляваць ліквіднасць макрапрудэнцыяльнымі мерамі для вяртання ўнутранага попыту да траекторыі збалансаванага росту. З улікам дынамікі цэн, якая прагназуецца, у рэальным выражэнні стаўка застанецца станоўчай і стабільнай. Чаканая стаўка рэфінансавання — каля 9,75 % на ўсім гарызонце прагнозу, што будзе спрыяць заякараванню інфляцыйных чаканняў.
Закранулі ў аглядзе і тэму курса беларускага рубля. Паводле ацэнак аналітыкаў ЕАБР, сярэднегадавы курс беларускага рубля да долара прагназуецца на ўзроўні 3,32 у 2026 годзе. На думку аналітыкаў, дэфіцыт знешняга гандлю працягне пашырацца, павышаючы попыт на замежную валюту. Больш высокія тэмпы інфляцыі ў Беларусі ў параўнанні з краінамі-партнёрамі будуць ствараць умовы для паслаблення беларускага рубля — гэта дазволіць падтрымаць цэнавую канкурэнтаздольнасць нацыянальных таваравытворцаў. Чысты продаж валюты насельніцтвам захаваецца, падтрымліваючы курс рубля.
Спрагназавалі ў ЕАБР і рызыкі для нашай эканомікі — зніжэнне ВУП у Расіі застаецца ключавой з іх:
— Пераарыентацыя на расійскі рынак прывяла да таго, што яго доля ў беларускім экспарце тавараў вырасла да дзвюх трацей. Абмежаваныя лагістычныя магчымасці паставак у трэція краіны абцяжарваюць хуткую дыверсіфікацыю экспарту, што можа выклікаць скарачэнне вытворчасці. Для змякчэння наступстваў урад прымае меры па дыверсіфікацыі напрамкаў экспарту і пашырэнню доступу на альтэрнатыўныя рынкі. Пры гэтым у выпадку пашырэння бюджэтнага стымулявання ў Расіі будуць фарміравацца ўмовы для больш высокіх, у параўнанні з прагнознымі, тэмпаў росту ў Беларусі.
Акрамя таго, адзначаюць спецыялісты, рост інвестыцыйнай актыўнасці ва ўмовах дзяржаўнай падтрымкі стварае ўмовы для павышэння эфектыўнасці эканомікі, а пашырэнне вытворчага патэнцыялу — для паскарэння росту ВУП без узмацнення цэнавага ціску.
— Пазітыўным фактарам рызыкі можа быць змякчэнне знешніх лагістычных абмежаванняў для Рэспублікі Беларусь, што адаб’ецца ў тым ліку на павышэнні прапускной здольнасці пагранічных пунктаў з краінамі ЕС і аднаўленні доступу да балтыйскіх партоў, — адзначаюць аналітыкі і прагназуюць вынікі такіх крокаў. — Гэта прывядзе не толькі да пашырэння экспарту, але і да істотнага аднаўлення транзітнага патэнцыялу, а ў выніку — да паскарэння росту ВУП.
Вольга АЛЯКСАНДРАВА.