Top.Mail.Ru
244

ЕАБР прадставіў макрапрагноз на 2026—2028 гады для Еўразіі. Як будзе развівацца эканоміка Беларусі?

Аналітыкі Еўразійскага банка развіцця прадставілі новы макраэканамічны прагноз на 2026—2028 гады для Еўразіі, паведамляе БелТА.

У прагнозе ўлічаны апошнія змены як у сусветнай эканоміцы, так і ў краінах рэгіёна. У прыватнасці, сусветны гандаль перастаў быць драйверам росту. Такую пазіцыю ён утрымліваў цягам 40 гадоў. Адзначаецца трэнд на зніжэнне паказчыка трансгранічных інвестыцый. Буйныя эканомікі скарачаюць замежныя ўкладанні, арыентуюцца на развіццё ўнутранай вытворчасці. Другая ўводная — вырас кошт грошай. 

У цэлым аналітыкі не прадбачаць паўтарэння глабальнага крызісу ў бліжэйшыя гады, але трэба час для адаптацыі да ўмоў, што змяніліся. На іх думку, знешняе асяроддзе больш не будзе драйверам росту эканомікі Еўразійскага рэгіёна. Краіны пераключаюцца на ўнутраныя фактары: унутраныя інвестыцыі, унутранае спажыванне, структурныя рэформы.

Як адзначыў кіраўнік дырэкцыі па аналітычнай рабоце ЕАБР Аляксей Кузняцоў, бар’ераў становіцца больш. Тэмпы эканамічнага росту сусветнай эканомікі значна замарудзіліся ў параўнанні з тымі, якія назіраліся ў 2010-х гадах. «Наш прагноз на бліжэйшыя гады — тэмпы росту захаваюцца ўмеранымі, каля 3 %», — адзначыў эксперт. 

Паводле пададзенага прагнозу ЕАБР, рост эканомікі Беларусі ў гэтым годзе складзе 1,8 %. Аналагічныя тэмпы росту, як чакаецца, павінны захавацца і ў 2026 годзе. На 2027-2028 гады прагноз па ВУП Беларусі (з улікам чаканага паскарэння тэмпаў росту эканомікі Расіі — асноўнага гандлёвага партнёра) — пад’ём на ўзроўні 2 %.

«Пасля істотнага росту ВУП у 2023-2024 гадах (у сярэднім каля 4 %) эканоміка Беларусі захоўвае станоўчую дынаміку. Асноўнымі драйверамі застаюцца спажывецкая і інвестыцыйная актыўнасць. Калі казаць аб інвестыцыях, гэта важны фактар — стымулюючая палітыка дзяржавы. А спажыванне забяспечана рэальным павелічэннем заработнай платы прыкладна на 10 %. Гэта адбылося ў тым ліку за кошт індэксацыі аплаты працы ў бюджэтным сектары», — адзначыў старшы аналітык Цэнтра аналізу краінавай дырэкцыі па аналітычнай рабоце ЕАБР Антон Даўгавечны.

У той жа час ён звярнуў увагу, што рост ВУП абмежаваны паслабленнем знешняга попыту на беларускую прадукцыю. Ключавой крыніцай пашырэння эканомікі застанецца ўнутраны попыт. «Механізмы крэдытнай падтрымкі і рэалізацыя больш за 600 інвестыцыйных праектаў будуць забяспечваць станоўчую дынаміку інвестыцый. Чакаем працягу росту заробкаў», — дадаў эксперт.

Па прагнозах, акажа дадатковую падтрымку і развіццё IT-сектара, што звязана з неабходнасцю замяшчэння імпартных праграмных прадуктаў. 

Інфляцыя ў Беларусі па выніках бягучага года складзе каля 7 % і далей будзе заставацца каля гэтай адзнакі. Стаўка рэфінансавання Нацбанка Беларусі ў бліжэйшыя два-тры гады можа захавацца на бягучым узроўні (9,75 % гадавых). 

Што датычыцца курсу беларускага рубля, то ён застаецца адносна стабільным. Аднак у 2026 годзе аналітыкі чакаюць яго ўмеранага паслаблення і ў сярэднім прагназуюць каля Br3,3 за долар, у 2027-2028 гадах — Br3,78.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю