Top.Mail.Ru

Еўрапейскі рынак працы не з'яўляецца такім прывабным, як можа здавацца

Здалёку Еўропа іншы раз здаецца зямлёй абетаванай, у якой шчасце, дабрабыт і росквіт гарантаваныя кожнаму. На самай справе еўрапейскі рынак працы не такі ідэальны, як можа падавацца на першы погляд. Пра гэта сведчаць даныя справаздачы міжнароднага аналітычнага агенцтва Gallup.


Глабальнае сацыялагічнае апытанне паказала: у Еўропе самы нізкі ўзровень уцягнутасці супрацоўнікаў — 13 %. Уцягнутасць — гэта калі супрацоўнік падзяляе мэты кампаніі, праяўляе ініцыятыву, імкнецца выконваць работу максімальна эфектыўна. Адсутнасць уцягнутасці вызначае механічнае выкананне сваіх абавязкаў «ад званка да званка», з абыякавым стаўленнем да выніку. Уцягнутасць — адзін з фактараў эфектыўнасці эканомікі. 

Глабальны паказчык летась крыху знізіўся ў параўнанні з 2024 годам і склаў 21 %. Эксперты агенцтва лічаць: за кошт адмоўнай дынамікі гэтага фактару сусветная эканоміка страціла 438 мільярдаў долараў ад зніжэння прадукцыйнасці працы. Калі б усе супрацоўнікі былі ўцягнутыя ў працоўны працэс, то глабальны ВУП мог бы павялічыцца на 9 %, ці 9,6 трыльёна долараў у грашовым эквіваленце.

Словам, ЕС ужо не з’яўляецца тэрыторыяй магчымасцяў, у якой кампаніі бурна развіваюцца. Ды і як можа быць па-іншаму, калі пераважная большасць супрацоўнікаў — быццам адбывае на працоўным месцы павіннасць. Прычым гэта датычыцца не толькі радавых работнікаў. Абыякавасць да карпаратыўных мэт сярод менеджараў сустракаецца так жа часта, як і сярод лінейнага персаналу. Як гаворыцца, лідарскі дух у Еўропе згасае. 

У гэтым, можа, і крыецца вельмі сур’ёзнае адставанне ад ЗША па многіх параметрах. Вядома, можна па-рознаму ставіцца да своеасаблівай англа-саксонскай карпаратыўнай культуры і досыць жорсткай капіталістычнай эксплуатацыі. Але ўцягнутасць у ЗША і Канадзе знаходзіцца на ўзроўні 31 %. Рэгіён, які Gallup пазначыў як «постсавецкая Еўразія» знаходзіцца фактычна на другім месцы з узроўнем уцягнутасці 26 %. Гэта ў два разы вышэй, чым у Еўропе, якая з’яўляецца аўтсайдарам.

Прызнаем: узровень дабрабыту працуючых грамадзян капіталістычных дзяржаў досыць высокі. У свеце пра сваю заможнасць заявіла трэць апытаных — 33 %. 

У ЗША і Канадзе — 52 %, ЕС — 47 %. У нашым рэгіёне сярэдні па свеце ўзровень — 33 %. Але ёсць нюанс: постсавецкая Еўразія ўключае ў сябе і не самыя багатыя дзяржавы, і Украіну, якая з-за ўзброенага канфлікту і палітычных узрушэнняў ніяк на эканамічна шчаслівую краіну прэтэндаваць не можа. Зрэшты, валодаючы самым высокім ВУП на душу насельніцтва, па ўзроўні адчування росквіту Захад не гэтак жа татальна выігрывае.

А вось цану за дабрабыт даводзіцца плаціць даволі высокую. 

У свеце каля 40 % апытаных заявілі, што напярэдадні адчувалі моцны стрэс на працы. Самы «нервовы» рэгіён — ЗША і Канада — 50 %. 

Еўропа больш дабрадушная да работнікаў, хоць таксама можа патрапаць нервы — 38 %. Самая спакойная сітуацыя ў «постсавецкай Еўразіі» — 21 %.

Вядома, гэтыя лічбы даюць толькі агульнае ўяўленне аб рынку працы. Характарыстыкі могуць кардынальна мяняцца ў залежнасці ад галіны, узросту, узроўню кваліфікацыі супрацоўніка. Але даследаванні Gallup выразна дэманструюць: у рэчаіснасці абстаноўка можа быць не такой прывабнай, як здаецца. 

Трэба сказаць, і ЗША, і ЕС на дзяржаўным і карпаратыўным узроўнях валодаюць усімі тонкасцямі прымянення інструментаў піяру, каб расхваліць сваё балота, падобна куліку. 

Аб’ектыўна кажучы, у частцы глыбокага інфармацыйнага суправаджэння рынку працы і іншых эканамічных працэсаў у нас яшчэ ёсць шырокае поле для ўдасканалення — па розных прычынах. 

У тым ліку і ў сілу беларускай ментальнай сціпласці: мы не вельмі любім хваліцца, нават рэальнымі дасягненнямі. Выкажу здагадку, што на гэта пытанне трэба звярнуць больш пільную ўвагу. Урэшце, цяпер ідзе вялікая канкурэнцыя за работнікаў на глабальным і рэгіянальным узроўнях. Таму актыўная пазіцыя ў барацьбе за чалавечы і інтэлектуальны капітал толькі вітаецца.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю