Менш ведаеш — мацней спіш.
У свабоды слова і права на доступ да інфармацыі ёсць два бакі медаля. З аднаго боку, разуменне, што адбываецца ў навакольным асяроддзі, доступ да вялікай колькасці каналаў камунікацыі павялічваюць сацыяльную значнасць кожнага індывіда. З другога, вір бясконцых даных «засмоктвае», прыводзіць да кагнітыўнага дысанансу, страты арыентацыі ў прасторы і часе. Або, як мінімум, пазбаўляе здаровага сну, што шкодзіць ментальнаму здароўю. Днямі Еўракамісія абвінаваціла амерыканскага тэхналагічнага гіганта Meta ў наўмысным стварэнні залежнасці ў карыстальнікаў сваіх лічбавых платформ Facebook і Іnstagram. На думку еўрачыноўнікаў, бясконцы скролінг, пуш-паведамленні, аўтапаўтор відэа фарміруюць лічбавую залежнасць і разбураюць псіхіку падлеткаў. Еўракамісія патрабуе, каб Meta трансфармавала інтэрфейс сваіх платформ у адпаведнасці з нормамі еўрапейскага Закона аб лічбавых паслугах. У адваротным выпадку, пагражае забойным штрафам да 6 % ад гадавой выручкі карпарацыі — каля 11 мільярдаў долараў
у грашовым эквіваленце.

Кожны канал камунікацыі праходзіць праз дыскусію аб балансе шкоды і карысці. Глыбокай прэпарацыі падвяргаліся спачатку друкаваныя выданні, потым — радыё, тэлебачанне, інтэрнэт-парталы... Але гэтыя каналы распаўсюджвання інфармацыі цьмянеюць перад павальнай даступнасцю лічбавых платформ, у якіх кожны карыстальнік з’яўляецца і спажыўцом, і вытворцам кантэнту. Сацыяльныя сеткі, з аднаго боку, далі бясконцыя магчымасці для зносін. З другога — пазбавілі людзей сну. У самым прамым сэнсе гэтага слова. І ў цэлым б’юць па псіхіцы, асабліва моладзі, асобаснае фарміраванне якой праходзіла ўжо ў эпоху смартфонаў і высокай даступнасці мабільнага інтэрнэту.
Самае парадаксальнае, што самымі кампетэнтнымі і надзвычай паглыбленымі ў праблему ўплыву на псіхіку людзей лічбавых рашэнняў з’яўляюцца іх стваральнікі. Яны самі праводзяць глыбокія даследаванні па гэтым пытанні. І цудоўна разумеюць усю шкоду, якая наносіцца грамадскаму здароўю. Сам Facebook вызначыў, што ў 12,5 % яго карыстальнікаў паводзіны станавіліся кампульсіўнымі (надакучлівае імкненне здзяйсняць паўтаральныя дзеянні з-за моцнай трывогі), што дэструктыўна адбівалася на іх сне, рабоце, узаемаадносінах у сям’і і з навакольнымі. Прычым падлеткі валодаюць нашмат меншым самакантролем, чым дарослыя.

З прычыны слабага кантролю за кантэнтам, у сацыяльных сетках расцвітае ўвесь выварат чалавечых жарсцяў і дэвіяцый. Артура Бехар, інфарматар Meta, правёў глабальнае даследаванне, працуючы ў Іnstagram. Ён высветліў: 13 % карыстальнікаў платформы ва ўзросце 13-15 гадоў падвяргаліся сексуальным дамаганням на платформе на працягу апошніх сямі дзён! Ціску на псіхіку ў разбэшчанай форме падвяргаюцца мільёны дзяцей кожны дзень. І гэта б’е па ментальным здароўі.
А ёсць жа яшчэ булінг, распаўсюджванне алгарытмаў самапашкоджання, здзяйснення злачынстваў, уцягванне ў нарказалежнасць... Кампанія Meta правяла даследаванне з удзелам звыш тысячы псіхіятраў і псіхолагаў, тэрапеўтаў і сацыяльных работнікаў. Больш за 80 % урачоў адзначылі пагаршэнне трывожных расстройстваў у пацыентаў з-за сацыяльных сетак, 78 % заявілі аб з’яўленні дэпрэсіўных расстройстваў, 85 % адзначылі магчымасць залежнасці ад лічбавых праграм.
Эксперты са Школы бізнесу Стэрна (Нью-Ёркскі ўніверсітэт) Джонатан Хайт і Закары Рауш вельмі глыбока і падрабязна вывучылі ўплыў на нацыянальнае здароўе сацыяльных платформ. І прыйшлі да несуцяшальнай высновы: шкоды адназначна больш, чым карысці. Апошняя таксама ёсць, але дэструктыўны складнік перакрэслівае ўсе дасягненні. Даследчыкі перакананыя: гаворка ідзе не пра нейкія выпадковыя эксцэсы, а пра цалкам рэальную масавую пагрозу пашкоджання псіхікі, асабліва пачынаючы з пакалення Z і маладзейшых. У гэтай узроставай катэгорыі рызыкі і пагрозы не існуюць гіпатэтычна, яны ўжо рэалізуюцца на нашых вачах. Больш за тое, згубны ўплыў сацыяльных сетак адчуваюць самі маладыя людзі.

Па выніках апытанняў хлопцаў і дзяўчат ва ўзросце 18-27 гадоў (пакалення Z, якое стала першым карыстальнікам сацыяльных сетак), ад трэці да паловы з гэтых маладых людзей хацелі б, каб некаторыя з платформ ніколі не існавалі. У прыватнасці, супраць існавання Іnstagram выказаліся 34 % рэспандэнтаў, TіkTok — 47 % і Х — 50 %. Тым не менш, яны працягваюць імі карыстацца! Чаму? Такая мадэль паводзін сучасных людзей, ад якой немагчыма адмовіцца. Ці гэта вельмі цяжка зрабіць, бо ўсе сябры-знаёмыя знаходзяцца ў сацсетках.
Словам, лічбавая залежнасць з усімі негатыўнымі яе наступствамі стала рэальнай пагрозай нашага стагоддзя. Калі так пойдзе і далей, то многія зямляне рызыкуюць звар’яцець нашмат раней, чым адбудзецца паўстанне машын. Таму пазіцыя Еўракамісіі цалкам зразумелая. Іншае пытанне, наколькі сучасныя пагрозы ўдасца вырашыць праз традыцыйныя, нават у нейкай ступені замшэлыя, падыходы еўрачыноўнікаў? Штрафы і іншыя меры адміністрацыйнага ўздзеяння даўно ўжо не асабліва палохаюць тэхнагігантаў. Яны занадта вялікія, моцныя, уплывовыя і багатыя, каб станавіцца на заднія лапкі і падпарадкоўвацца нейкім вокрыкам з Бруселя. Застаецца цвёрды варыянт у выглядзе блакіроўкі. Але, па-першае, існуюць розныя прылады доступу да забароненага кантэнту. І каб перарэзаць усе каналы, неабходны надта магутны рэсурс: як тэхнічны, так і інтэлектуальны, і кантрольна-адміністрацыйны. Прынамсі, два першыя складнікі ў Еўропе адсутнічаюць. Па-другое, лічбавыя платформы ўжо моцна спаялі сваіх карыстальнікаў (ці значную частку з іх) у залежных сваіх адэптаў, псіхалагічна блізкіх да сектантаў. Толькі не рэлігійных, а лічбавых. І забарона на іх бажаство — лічбавыя платформы — можа абярнуцца вельмі сур’ёзным грамадскім выбухам.
Больш за тое, складана сказаць, ці здольныя рэальна тэхналагічныя гіганты выканаць заканадаўчыя патрабаванні Еўрасаюза. Ствараць асобны інтэрфейс для карыстальнікаў з Еўропы? Тэхнічна гэта, падазраю, магчыма. Але такая дыверсіфікацыя па геаграфічнай прыкмеце можа занадта дорага абысціся гэтым карпарацыям. Акрамя таго, ільвіную частку даходу і ледзь ці не ўвесь прыбытак яны зарабляюць на рэкламе і іншых інструментах прасоўвання камерцыйных тавараў і паслуг. А ў сучасных рэаліях гэтыя опцыі прадугледжваюць і дакучлівасць, і псіхалагічнае ўздзеянне, і выкарыстанне эфекту прывыкання, залежнасці... Словам, увесь набор прылад псіхалагічнага ўздзеяння, які з рознай ступенню эфектыўнасці выкарыстоўваўся праз аналагавыя каналы камунікацыі. Лічбавыя рашэнні проста далі шырэйшую прастору для ўплыву на масавую свядомасць.
Нельга выключаць: еўрачыноўнікі ўсё цудоўна разумеюць. І пагроза — не больш чым перагаворная пазіцыя. Будзе заключана якое-небудзь пагадненне: тэхнагіганты возьмуць некаторыя абавязацельствы (якія выканаюць фармальна ці не выканаюць наогул), але папоўняць еўрапейскую казну. Не на 11 мільярдаў, а на якую-небудзь важкую суму з шасцю ці сямю нулямі. Прымальную для іх і вельмі патрэбную для кіраўнікоў у Бруселі, якія на фоне эканамічнага крызісу з цяжкасцю затыкаюць фінансавыя дзіркі. Будзем назіраць. Гісторыя абяцае быць прывабна цікавай.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ