— Падчас закупачнай дзейнасці выдаткоўваюцца вялізныя бюджэтныя грошы. Таму гэтыя працэсы трэба заўсёды трымаць пад пільным кантролем, — адзначыў Ігар Бычко. — А парушэнняў, на жаль, там учыняецца нямала.
У прыватнасці, адміністрацыйных, калі працэдуры закупак ажыццяўляюцца няправільна, ды і злачынствы ўчыняюцца нярэдка.
Арганізоўвае і курыруе правядзенне дзяржзакупак Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Кантрольныя функцыі таксама ажыццяўляе Камітэт дзяржаўнага кантролю. Наглядныя праверкі дапушчаных парушэнняў выконваюць органы пракуратуры. МУС падключаецца ў выпадках відавочных карупцыйных праяў. Калі няправільна праводзіцца працэдура закупак, ужо існуе пэўная рызыка карупцыі. Супрацоўнікі пракуратуры ў адпаведнасці з планам праводзяць праверкі ў арганізацыях і на прадпрыемствах, рэгулярна манітораць электронныя гандлёвыя пляцоўкі — Дзяржзакупкі.by і іншыя. У рэжыме анлайн бачна ўсё, што цяпер закупляецца.
Працуючы на апярэджанне, уносяцца прадпісанні кіраўнікам арганізацый, іх інфармуюць аб тым, што закупка праводзіцца з парушэннем і падлягае адмене. Варта выканаць усё правільна і толькі тады арганізоўваць закупку, бо размова ідзе аб расходаванні бюджэтных сродкаў. Па пракурорскім прадпісанні працэдура закупкі адмяняецца, ухіляюцца выяўленыя парушэнні, і толькі тады запрашэнне да ўдзелу ў закупцы падаецца зноў.
— Магу прывесці свежы прыклад, — працягвае Ігар Бычко. — Ужо сёлета праводзіла закупку адна з сельгасарганізацый Крупскага раёна. Ім былі выдзелены сродкі на закупку запчастак для сельскагаспадарчай тэхнікі. Пры гэтым не былі зададзены неабходныя патрабаванні да ўдзельнікаў працэдуры закупак, не ўстаноўлены ўмовы допуску тавараў замежнага паходжання, не правільна прымянілі так званую прэферэнцыйную папраўку, якая датычыцца прадастаўлення перавагі ў закупках таварам, вырабленым у Беларусі. Дарэчы, агульны кошт закупкі складаў звыш 1,9 мільёна рублёў. Па патрабаванні пракуратуры адпаведная працэдура была адменена. Дадзена даручэнне прыцягнуць вінаватых да адміністрацыйнай адказнасці. Гэты працэс будзе праводзіць мясцовы райвыканкам. Яму прадстаўлены ўсе неабходныя дакументы.
Ад спецыялістаў, якія здзяйсняюць закупкі, патрабуецца абавязковае павышэнне ўзроўню ведаў. Бачна, што большая частка парушэнняў адбываецца менавіта ад недахопу неабходных ведаў і навыкаў. Кіраўнікам арганізацый неабходна больш сур’ёзна і ўважліва адносіцца да арганізацыі адпаведнай дзейнасці, рэкамендуецца таксама накіроўваць спецыялістаў на навучальныя курсы.
Сяргей РУЧАНАЎ