На працягу мінулага года абласнымі інспекцыямі Дзяржстандарта было праведзена больш за 8,5 тысячы кантрольных мерапрыемстваў, асноўны аб’ём якіх прыпаў на ацэнку адпаведнасці прадукцыі, што выпускаецца і рэалізуецца на ўнутраным рынку (59 %). Больш за трэць было прысвечана выкананню заканадаўства аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў у сферы заканадаўчай метралогіі. Астатнія мерапрыемствы датычыліся праверкі абгрунтаванасці выдадзеных дакументаў аб ацэнцы адпаведнасці.
Важнай часткай дзейнасці Дзяржстандарта застаецца таксама прафілактыка парушэнняў, якая праводзіцца камітэтам, — 89 % праведзеных мерапрыемстваў насілі тлумачальны і папераджальны характар. Значныя намаганні былі накіраваны на абарону ўнутранага рынку ад небяспечнай і няякаснай прадукцыі. Усяго за год спецыялістамі было пракантралявана амаль 66 тысяч найменняў тавараў, што на 8 % перавышае паказчык папярэдняга года. Пры гэтым доля прадукцыі, якая не адпавядае абавязковым патрабаванням, скарацілася амаль на 3 %, што сведчыць аб росце адказнасці як з боку вытворцаў, так і пастаўшчыкоў.
У 2025 годзе было забаронена да ўвозу і абарачэння крыху больш за 1,2 тысячы найменняў небяспечнай прадукцыі. Сярод тавараў, прызнаных камітэтам небяспечнымі, большасць адносілася да электратэхнічнай, харчовай прадукцыі, прадукцыі для дзяцей і падлеткаў, цацак і тавараў лёгкай прамысловасці. Актыўна вялася работа і па кантролі за дакументамі аб ацэнцы адпаведнасці. На працягу года было праверана больш за 5,7 тысячы такіх дакументаў, у 40 % выпадкаў дзеянне неправамерна выдадзеных дакументаў было спынена.
У бягучым годзе Дзяржстандарт прадоўжыць работу па выкананні шэрагу пастаўленых перад камітэтам задач, сярод якіх — забеспячэнне выканання патрабаванняў, замацаваных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, кантроль за выкананнем раней выдадзеных прадпісанняў і рэкамендацый, развіццё міжведамаснага ўзаемадзеяння, а таксама сістэмнае павышэнне кваліфікацыі супрацоўнікаў праз навучанне і абмен вопытам. Прыярытэтам на найбліжэйшы перыяд застаецца комплексны падыход, накіраваны не толькі на выяўленне, але і на папярэджанне парушэнняў, каб забяспечыць бяспеку спажыўцоў і абарону ўнутранага рынку.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА