Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі Дзяржаўным сакратарыятам Савета Бяспекі праводзіцца праверка 202-га асобнага механізаванага батальёна 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, перадае БелТА.
Сёння камандуючаму войскамі Заходняга аператыўнага камандавання ўручана распараджэнне дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі на прывядзенне падраздзялення са складу сіл неадкладнага рэагавання ў гатоўнасць да выканання задач па прызначэнні.
«Па даручэнні кіраўніка дзяржавы пад кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі правяраецца баявая гатоўнасць структурных элементаў ваеннай арганізацыі дзяржавы. Сёння мы гаворым пра Узброеныя Сілы: уручана распараджэнне камандуючаму войскамі Заходняга аператыўнага камандавання на прывядзенне механізаванага батальёна 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады ў гатоўнасць да выканання пастаўленых задач. Пасля выканання ўсяго комплексу мерапрыемстваў батальён здзейсніць марш у прызначаны раён, дзе будуць праведзены кантрольныя заняткі па тактычнай і агнявой падрыхтоўцы. Экіпажы баявых машын будуць выконваць практыкаванні кантрольных стрэльбаў з баявых машын. На завяршальным этапе з асабовым складам батальёна будуць праведзены кантрольныя заняткі па фізічнай падрыхтоўцы. Фізічная падрыхтоўка вайскоўцаў — гэта адзін са складнікаў поспеху ў баі», — растлумачыў намеснік дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Андрэй Гарбаценка.
Як падкрэсліў Андрэй Гарбаценка, мерапрыемства гэта пазапланавае для батальёна: пра яго не ведалі загадзя. Гэта дазваляе сапраўды ацаніць гатоўнасць і здольнасць батальёна выконваць пастаўленыя задачы.
«Ва Узброеных Сілах заканчваецца чарговы год падрыхтоўкі. Для батальёна гэта будзе заканамерны экзамен, па выніках якога мы сапраўды зможам сказаць, з якімі ведамі, з якімі практычнымі навыкамі батальён завяршае год», — сказаў намеснік дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі.
Андрэй Гарбаценка асабліва падкрэсліў, што такія праверачныя мерапрыемствы маюць яшчэ адну важную задачу: падчас іх вайскоўцы набываюць дадатковыя навыкі, замацоўваюць тыя веды, якія яны ўжо атрымалі. «Для гэтага створана камісія, супрацоўнікі Дзяржсакратарыята Савета Бяспекі знаходзяцца ў батальёне ад пачатку праверкі да яе завяршэння. Вынікі будуць абагульнены, прааналізаваны і даложаны кіраўніку дзяржавы, кіраўніцтву Узброеных Сіл, каб выкарыстоўваць іх у падрыхтоўцы механізаваных падраздзяленняў», — растлумачыў Андрэй Гарбаценка.
«Задача, якую нам трэба будзе выканаць, паступіла нечакана. Настрой у нас баявы, мы заўсёды гатовыя выканаць любую пастаўленую перад намі задачу. Усе вайскоўцы ў гатоўнасці, з бадзёрым настроем. Будзем старацца выканаць усё неабходнае з самым высокім вынікам», — падзяліўся вайсковец 202-га механізаванага батальёна.
Падраздзяленні 202-га батальёна 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады гатовыя да здзяйснення маршу ў прызначаныя раёны.