Top.Mail.Ru

Дзяржэнергагазнагляд: рэгістрацыя пашпартоў гатоўнасці да ацяпляльнага сезона выходзіць на фінішную прамую

У Беларусі да ацяпляльнага сезона падрыхтаваны амаль усе цеплакрыніцы і спажыўцы цеплавой энергіі: зарэгістравана каля 98 працэнтаў пашпартоў гатоўнасці. Спажыўцы цеплавой энергіі і цеплакрыніцы распрацавалі планы мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона. Іх неабходна выканаць да 20 верасня, а пашпарты гатоўнасці зарэгістраваць у органах Дзяржэнергагазнагляду да 30 верасня. Усяго ў краіне трэба зарэгістраваць 27710 пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў і 10335 пашпартоў цеплакрыніц. У Гомельскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцях ужо зарэгістраваны 100 працэнтаў пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў і цеплакрыніц. Пра гэта 23 верасня падчас прэс-канферэнцыі паведаміў намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер ДУ «Дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд» Аляксандр Гулевіч.


Дзяржэнергагазнагляд пастаянна кантралюе падрыхтоўку да восеньскага сезона і вядзе інфармацыйную работу. Па меры набліжэння ацяпляльнага сезона спецыялісты працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, каб завяршыць рэгістрацыю пашпартоў гатоўнасці.

— З 2024 года арганізацыі могуць зарэгістраваць пашпарт гатоўнасці спажыўца або цеплакрыніцы ў электронным выглядзе праз Адзіны партал электронных паслуг. Доля электронных рэгістрацый расце: калі ў 2024 годзе такім спосабам аформілі 3 працэнты пашпартоў гатоўнасці, то ў 2025 годзе — 25 працэнтаў. Сёлета паказчык перавысіў 50 працэнтаў. Для электроннай рэгістрацыі акт праверкі гатоўнасці аб’екта павінен быць падпісаны ўсімі членамі камісіі, пасля гэтага пашпарт рэгіструецца аўтаматычна з выкарыстаннем электроннага лічбавага подпісу, — растлумачыў спецыяліст.

Рашэнне аб пачатку ацяпляльнага сезона прымаюць мясцовыя органы ўлады. Пры гэтым улічваюцца сярэднесутачная тэмпература і прагноз надвор’я Белгідрамета. Уключэнне ацяплення праходзіць паэтапна, нагадаў Аляксандр Гулевіч:

— У першую чаргу цеплыня падаюць у дзіцячыя сады, школы, медыцынскія ўстановы, архівы і музеі. Гэта адбываецца, калі сярэднесутачная тэмпература на працягу трох сутак запар складае плюс 10 градусаў і ніжэй. У другую чаргу ацяпленне ўключаюць у жылым фондзе, інтэрнатах і астатніх навучальных установах, тэатрах, лазнях — пры сярэднясутачнай тэмпературы на працягу трох сутак плюс 8 градусаў і менш. У апошнюю чаргу цёпла падаецца ў астатнія адміністрацыйныя і грамадскія будынкі, а таксама на прамысловыя прадпрыемствы. Іх падключаюць пасля жылога фонду па ўзгадненню з энергазабеспячальнай арганізацыяй.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю