У апошні дзень датэрміновага галасавання, 25 студзеня, у Палаце прадстаўнікоў было шматлюдна. Тут адбыліся сустрэчы з дэлегацыямі міжпарламенцкіх арганізацый, якія ўдзельнічаюць у электаральнай кампаніі па выбарах кіраўніка дзяржавы ў якасці назіральнікаў. Карэспандэнт «Звязды» прысутнічаў на гэтых сустрэчах і ведае іх падрабязнасці.
Графік работы ў гэты дзень быў досыць насычаны. З самай раніцы старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка і Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сергяенка сустрэліся са старшынёй Нацыянальнага савета правінцый Парламента Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Мцвені-Ціпане Рэфілве і дэлегацыяй Панафрыканская парламента. Затым у Авальнай зале кіраўніцтва Цэнтрвыбаркама і Палаты прадстаўнікоў сустрэлася з іншымі членамі груп міжнародных назіральнікаў.
Павітаўшы членаў дэлегацыі Панафрыканскага парламента, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка адзначыў, што на важнасць паглыблення адносін паміж Беларуссю і краінамі Афрыкі неаднаразова ўказваў кіраўнік нашай дзяржавы: «Для гэтага ў Нацыянальным сходзе Беларусі дзейнічае група па супрацоўніцтве з парламентамі дзяржаў Афрыкі, асобныя групы працуюць з парламентамі Алжыра, Егіпта, Зімбабвэ, Кеніі, Эватарыяльнай Гвінеі, ПАР і адна група з парламентамі Анголы і Марока».
Па словах спікера Палаты прадстаўнікоў, Панафрыканскі парламент — гэта міжнародная арганізацыя, якая паслядоўна выступае за мір, справядлівасць, бяспеку і ўстойлівае развіццё: «У гэтым была магчымасць пераканацца, удзельнічаючы ў сесіі Панафрыканскага парламента ў лістападзе мінулага года, а таксама ў ліпені падчас кантактаў з вамі ў Санкт-Пецярбургу, на пляцоўцы БРІКС. Менавіта падчас паездкі на сесію была дасягнутая папярэдняя дамоўленасць аб Місіі назіральнікаў дэпутатаў Панафрыканскага парламента».
Ігар Сергяенка адзначыў, што цяперашнія выбары праводзяцца не для таго, каб камусьці спадабацца: «Мы вызначаем стратэгічныя напрамкі развіцця нашай краіны на працяглую перспектыву. Рашэнне мае права прымаць толькі беларускі народ. Дзяржава стварыла ўсе ўмовы, каб волевыяўленне людзей было максімальна дэмакратычным і транспарэнтным. Парламентарыі нашай краіны таксама надзелены правам выступаць у якасці назіральнікаў. У нас наладжана пастаянная сувязь з насельніцтвам. Нашы людзі выступаюць за захаванне стабільнасці, за падтрыманне грамадскага парадку і паступальнае развіццё нашай краіны. І гэтая выснова відавочная. Падчас назірання за выбарамі вы зможаце ўбачыць гэта на свае вочы, наведаць участкі для галасавання, пагутарыць з людзьмі, папрысутнічаць на падліку галасоў. Нам абсалютна няма чаго ўтойваць».
Старшыня Палаты прадстаўнікоў дадаў, што для нашай краіны прынцыпова важны голас назіральнікаў Панафрыканскага парламента, які заснаваны на аб’ектыўным падыходзе да таго, што адбываецца: «Так, у нас сёння кароткая па часе сустрэча, але я ўпэўнены, што падчас знаходжання ў нашай краіне мы зможам пагутарыць з вамі таксама на іншых пляцоўках і абмеркаваць пытанні міжпарламенцкага ўзаемадзеяння».
У сваю чаргу, старшыня ЦВК Ігар Карпенка акцэнтаваў увагу на тым, што электаральная кампанія па выбарах Прэзідэнта Беларусі падыходзіць да свайго апагею — асноўнага дня галасавання, што адбудзецца ўжо заўтра: «За чатыры дні датэрміновага галасавання амаль 36% грамадзян узяліў ім удзел. Усяго ў спісы для галасавання ўнесена шэсць мільёнаў 901 тысяча чалавек. Сёння ў краіне прадстаўлена 486 замежных міжнародных назіральнікаў з 52 краін свету, у тым ліку з 17 заходнееўрапейскіх краін. У якасці нацыянальных назіральнікаў акрэдытавана больш за 44 тысячы чалавек. У краіне працуе 153 тэрытарыяльныя і 5325 участковыя камісіі. На наш погляд, кампанія ідзе ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Скаргаў ад кандыдатаў альбо ад грамадзян, па якія патрабуецца разгляд на ўзроўні Цэнтральнай выбарчай камісіі, не паступала». Ігар Карпенка анансаваў сённяшнюю прэс-канферэнцыю ў прэс-цэнтры ЦВК, на якой падрабязна раскажуць пра тое, як вялася падрыхтоўка і як праходзіць выбарчая кампанія ў цэлым.
Старшыня Нацыянальнага савета правінцый Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Марыя Рэфілвэ Мцвені-Ціпане падзякавала беларускаму боку за цёплую сустрэчу: «Мы вельмі ўдзячныя за запрашэнне з вашага боку, каб паўдзельнічаць у назіранні за гэтымі вельмі важнымі выбарамі. Упэўнена, што гэта ў далейшым пацвердзіць і ўмацуе сяброўскія сувязі паміж нашымі краінамі. Мы вельмі рады таму, наколькі адкрытая і празрыстая ў вас цяпер абстаноўка. Вялікая колькасць прадстаўнікоў была запрошана з вялікай колькасці краін. І такая празрыстасць сведчыць пра высокі ўзровень дэмакратычнасці».
«Наша задача — ажыццявіць назіранне за тым, каб дэмакратычны працэс быў выкананы, і беларусы змаглі абараніць сваю краіну, сваё развіццё. Гэта ваша краіна, і вам вырашаць. Хай кірунак палітычнага развіцця Беларусі фарміруецца выключна беларускім народам, яго ўрадам, і больш нікім», — сказала афрыканскі парламетарый. Яна падкрэсліла, што Афрыканская дэлегацыя будзе захоўваць бесстароннасць у працэсе назірання за выбарамі і падтрымліваць выключна дэмакратычнае волевыяўленне.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка расказаў, што для міжнародных назіральнікаў будуць арганізаваны наведванні знакавых для нашай краіны месцаў, якія дадуць большае ўяўленне аб Беларусі, аб прамысловым патэнцыяле і культуры: «У такім напружаным графіку я думаю, што мы знойдзем час, каб наведаць музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — асноўнае месца, якое расказвае пра самы трагічны перыяд. Таксама прапануем наведаць нядаўна пабудаваны выставачны цэнтр дасягненняў народнай гаспадаркі нашай краіны і адно з вядучых прадпрыемстваў Беларусі — Мінскі трактарны завод. Тэхніка гэтага прадпрыемства ўжо актыўна працуе ў Зімбабвэ. У сваю чаргу, мы зробім усё для таго, каб не зусім добрае, прахалоднае надвор’е кампенсаваць цёплым і сяброўскім стаўленнем да вас».
«Правядзеннем Прэзідэнцкіх выбараў завяршаецца працэс абнаўлення грамадска-палітычнай сістэмы Беларусі»
Выбарчую кампанію, датэрміновае галасаванне і іншыя моманты абмеркавалі і падчас сустрэчы кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў з членамі груп міжнародных назіральнікаў ад Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, Міжпарламенцкай асамблеі СНД і парламенцкай асамблеі АДКБ у Авальнай зале.
«Бясспрэчна, вы назапасілі велізарны практычны вопыт у сферы маніторынгу за выбарчымі працэсамі. Аб’ектыўнасць вашых ацэнак, высноў па выніках назірання не падлягае сумневу, — звяртаючыся да ўсіх прысутных, адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА. — Правядзеннем Прэзідэнцкіх выбараў завяршаецца працэс абнаўлення грамадска-палітычнай сістэмы Беларусі. Пачатак палітычнай мадэрнізацыі краіны паклалі змены ў Канстытуцыю Беларусі, прынятыя на рэспубліканскім рэферэндуме ў 2022 годзе. За гэты час адкарэктаваныя каля 100 законаў, у тым ліку Выбарчы кодэкс, прыняты абсалютна новыя законы „Аб Усебеларускім народным сходзе“, „Аб асновах грамадзянскай супольнасці“. 25 лютага мінулага года адбыўся адзіны дзень галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8 склікання і дэпутатаў мясцовых Саветаў, дэпутатаў 29 склікання. Упершыню праведзены выбары дэпутацкага корпуса ў такім фармаце, і ў такім маштабе».
Спікер Палаты прадстаўнікоў узгадаў і найважнейшую гістарычную падзею — скліканне першага пасяджэння новага канстытуцыйнага органа — Усебеларускага народнага сходу.
Па словах Ігара Сергяенкі, канстытуцыйныя пераўтварэнні прывялі да ўзмацнення ролі палітычных партый у выбарчым працэсе, аказалі пазітыўны ўплыў на пашырэнне палітычнай адукаванасці і грамадзянскай актыўнасці нашага насельніцтва: «У цэлым, за апошнія гады грамадства значна пасталела ў палітычных адносінах. У абсалютнай большасці насельніцтва ёсць дакладнае разуменне, што лёс краіны можа вырашыць толькі яе народ».
Ігар Сергяенка падкрэсліў, што ва ўмовах беспрэцэдэнтнага знешняга ціску Беларусь працягвае ўпэўнена дэманстраваць сваю эканамічную самавітасць і канкурэнтаздольнасць: «Адным з важных вынікаў 2024 года стала паляпшэнне дабрабыту нашых грамадзян. Рэальна наяўныя грашовыя даходы выраслі на 9,5% пры заданні 3,5%. У 2024 годзе двойчы павышаліся працоўныя пенсіі. Сумарна рэальны рост пенсіі па ўзросце склаў амаль 110% адносна мінулага года».
Вяртаючыся да тэмы выбараў, спікер Палаты прадстаўнікоў зазначыў, што падчас назірання за выбарамі назіральнікі змогуць адчуць настрой выбаршчыкаў, пагутарыць з людзьмі, ацаніць арганізацыю правядзення галасавання непасрэдна на канкрэтных выбарчых участках, што ўжо практычна і робіцца: «Цэнтральная выбарчая камісія, тэрытарыяльныя ўчастковыя камісіі ў адпаведнасці з заканадаўствам забяспечылі ўсё для свабоднага і дэмакратычнага волевыяўлення беларускіх грамадзян. Усім кандыдатам была прадастаўлена магчымасць публікаваць свае праграмы ў сродках масавай інфармацыі, выступіць на тэлебачанні, радыё. Давераныя асобы маглі мець зносіны з аўдыторыяй працоўных калектываў па месцы жыхарства».
У сваю чаргу, намеснік старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі, каардынатар групы міжнародных назіральнікаў ад Міжпарламенцкай асамблеі СНД Канстанцін КАСАЧОЎ расказаў, што ў сваёй працы назіральнікі кіруюцца прынцыпамі павагі да дзяржаўнага суверэнітэту, бесстароннасці, аказання дзейснай дапамогі, неўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў: «Экспертная група нашага інстытута прааналізавала заканадаўства Беларусі, якое рэгулюе правядзенне выбараў, на прадмет яго адпаведнасці міжнародным выбарчым стандартам, а таксама дзейнасць выбарчых камісій і ўдзельнікаў выбарчага працэсу. Па выніках аналізу было падрыхтавана заключэнне аб адпаведнасці заканадаўства, якое рэгулюе правядзенне выбараў Прэзідэнта Беларусі, міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў. Акрамя таго, вынікі маніторынгавай дзейнасці прадстаўлены ў справаздачы экспертнай групы па доўгатэрміновым маніторынгу падрыхтоўкі і правядзення выбараў Прэзідэнта Беларусі».
Ён дадаў, што Місія МПА СНД — самая прадстаўнічая: у яе ўваходзяць 64 чалавекі. Падчас кароткатэрміновай місіі назіральнікі будуць працаваць у Мінску, а таксама ва ўсіх без выключэння рэгіёнах Беларусі. Па стане на ўчарашні вечар яны наведалі 105 выбарчых участкаў.
Паводле слоў кіраўніка місіі, міжнародныя назіральнікі маюць доступ да ўсіх неабходных нарматыўных дакументаў і, што самае галоўнае, — доступ да ўсіх удзельнікаў выбарчага працэсу: «Папярэдняе галасаванне паказвае, што актыўнасць выбаршчыкаў як ніколі высокая. Для іх створаны ўсе неабходныя ўмовы, каб свой канстытуцыйны абавязак рэалізаваць у поўным аб’ёме і без якіх бы там ні было перашкод».
Намеснік старшыні Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі, каардынатар групы міжнародных назіральнікаў ад Парламенцкай асамблеі АДКБ і па двухбаковай Міжпарламенцкай лініі Вікторыя Абрамчанка расказала журналістам: «Працуем у краіне другі дзень, і пакуль не фіксуем ніякіх парушэнняў. Сустракаемся з кандыдатамі на пасаду Прэзідэнта, уважліва сочым за магчымасцю размяшчэння агітацыйных мерапрыемстваў, работай са СМІ. На гэтай стадыі выбарчы працэс адпавядае заканадаўству».
Каардынатар дэлегацыі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, дэпутат Дзяржаўнай думы РФ Віктар Селіверстаў акцэнтаваў, што сённяшняя лічба датэрміновага галасавання сведчыць аб высокай актыўнасці насельніцтва: «Якасць арганізацыі выбарчага працэсу, вядома, з кожным годам паляпшаецца. Мы звярнулі ўвагу на тое, што вельмі добра аформлены выбарчыя ўчасткі. Таксама звярнулі ўвагу на склады выбарчых камісій. Усе ўчастковыя выбарчыя камісіі навучаныя. Людзі выразна разумеюць, як арганізаваны працэс, разумеюць, што ад іх патрабуецца». Спікер адзначыў і добры настрой людзей. Паводле яго слоў, выбарчую кампанію абмяркоўваюць людзі рознага ўзросту, актыўнічае і беларуская моладзь.
Фота: БелТА