Аўтар амаль двух дзясяткаў кніг, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, маці траіх дзетак, прыгажуня, якая ўмее заўважаць хараство не толькі звонку, але і ў душы. Гэта адчуваецца па яе творах! Наша сённяшняя суразмоўца — магілёўская паэтэса і пісьменніца Жанна Міус. Насамрэч у яе іншае прозвішча, але Жанна Віктараўна не захацела быць другой Усцінавай (аўтар расійскіх дэтэктываў). У псеўданіме ўсё ж прысутнічае частка яе сапраўднага прозвішча.
«Вершы мякка шапочуць, звіняць салоўкам. // Вершы могуць цвіком прабіваць нявер’е. // Бы крыламі анёла, пяшчотным слоўкам // адчыняць у замкнёную душу дзверы», — так Жанна Міус піша ў сваім «Вершы пра вершы». Здаецца, яна сапраўды ведае, як знайсці падыход да дарослых і дзяцей. Як гэта ўдаецца, паспрабуем даведацца з першых вуснаў. Згадаем, што Жанна Міус — пераможца літаратурнага конкурсу «Бацькаўшчына светлая мая», які арганізоўваў Выдавецкі дом «Звязда» некалькі гадоў таму з часопісам «Маладосць» і Першым нацыянальным каналам беларускага радыё. Цяпер яна адна з самых любімых беларускіх пісьменніц.
— Жанна, 2026-ы ў нашай краіне абвешчаны Годам беларускай жанчыны. Якія думкі і пачуцці выклікае ў вас гэтая навіна, і як гэтая акалічнасць паўплывае на вашу творчасць?
— Не ведаю, як у іншых жанчын, у мяне думкі з’явіліся адразу: «Як так — год у гонар жанчын?», «Чым мы гэта заслужылі?», «Як я буду сябе праяўляць?». А далей пайшлі спакойныя, удумлівыя развагі. Як і большасць беларусак, Бог надзяліў і мяне прывабнай знешнасцю, каб упрыгожваць гэтае дзіўнае месца на Зямлі, дзе нарадзілася і ўзрасла. Лёс надзяліў пладавітасцю: я маці траіх дзяцей. Яны растуць, а я ўжо задумалася, а што далей, чым яшчэ здзівіць гэты свет? Талент! Прага да словатворчасці. Яна адшукалася гэтак жа раптоўна ў студэнцкія гады, як і знікла ў свой час. Неабходна было распарадзіцца талентам удала, бо гэта вялікая адказнасць перад сабою і людзьмі... Улетку ў «Полымі» выйшла невялічкая падборка вершаў «Усмешка беларускі», «Зачараваная намітка», «Партрэты», дзе я шчыра захапляюся сваімі суайчынніцамі, прыўкраснымі і мужнымі, жаноцкімі і рашучымі, адметнымі ў сваёй адоранасці. Успамінаецца шмат гучных імёнаў з мінулага і сучаснасці. «Ці буду такой жа апантанай?» — задаю сама сабе пытанне. Ці пакіну яркі, нязгасны ў часе след? Спадзяюся, Бог дасць веры і моцы... А зараз бачу — дзяржава і Прэзідэнт у беларускіх жанчын вераць!
— Вы пішаце і вершы, і прозу. Да чаго ў першую чаргу ляжыць сэрца, калі вас нешта натхняе? Ці можна аднолькава любіць розныя жанры літаратуры і быць у іх паспяховай?
— Вершатворчасць — мая першааснова. Быццам любімая прыгожая сукенка, пра якую кажуць «и в пир, и в мир, и в добрые люди». Верш, на маю думку, самы дасканалы і зручны з пункту гледжання папулярызацыі аўтара жанр літаратуры. Агучыў сваю зарыфмаваную і рытмічна адшліфаваную думку (можна і шурпатую, але абавязкова вобразна непаўторную!) — і з’яўляецца цуд: зляцела яна чарадзейнай птушкай і абудзіла імгненны водгук у сэрцах людзей. Узрушэнне расце і расце, і глядзіш — удалая думка так «зацунамілася», што «накрыла» ўвесь народ... Гэта я пра нашых літаратурных класікаў кажу. Хто з беларусаў не ведае «Малітву» Купалы? і «Зорку Венеру» Багдановіча? Аднак навошта хавацца, усім вядома: імя жанчыне — зменлівасць. Адну сукенку яна вечна насіць не хоча. І я, па-жаночы заклапочаная разнастайнасцю, асвойваю апошнім часам іншыя жанры: казку, апавяданне, аповесць. І зарок рабіць не стану, магчыма, калі-небудзь на шляху ўласных творчых пошукаў і эксперыментаў і да рамана паспяхова дакрочу.
— Жанна, у канцы мінулага года ў Выдавецкім доме «Звязда» выйшла ваша кніга «Душа жывога», у якую ўвайшоў твор, прысвечаны любові да коней. Цікава даведацца, ці ўлічвалі вы пры яго напісанні, што сімвал 2026 года — менавіта конь? Зборнік сапраўды атрымаўся душэўны і цікавы...
— Дзякую за прыемны водгук! Для мяне гэта важна і значна. Я, па праўдзе кажучы, не была ўпэўнена, што гэтая кніга так хутка пабачыць свет. Былі асобныя творы пра жывёл, публікаваліся ў часопісах і газетах, але думка пра тэматычны зборнік аформілася спантанна. І ўжо зусім выпадкова загалоўным творам выступіла кранальная і крышачку сумная гісторыя пра коней. Наогул жа я не з тых шчаслівых пісьменніц, у якіх усё робіцца па пстрычцы пальцаў. Ад моманту публікацыі першага верша для дзяцей да выхаду паўнавартаснай кнігі прайшло доўгіх дзевяць гадоў. А можа, так трэба? Асобным рукапісам важна выспець, а аўтарам — падназбіраць упэўненасць.
— Адкуль у вас настолькі вялікая любоў менавіта да жывёльнага свету? Што ці хто вас натхняе на творчасць акрамя братоў нашых меншых?
— Я дзіця вёскі і адпаведна прыроды. Каровы, коні, свінні — усе гэтыя цікавыя істоты, якіх гарадскія дзеці заўважаюць на карцінках, я бачыла з малых гадоў. І ўсё, што жыве, што дыхае побач, нязменна выклікала (і выклікае дасюль) пачуццё любові, павагі і шкадавання. Зараз побач са мною верныя гадаванцы: сабака і дзве коткі. Таксама ёсць вялікі вясковы двор, выпеставаны маімі рукамі і думкамі. Не магу не пахваліцца: болей за сорак сартоў цюльпанаў адгукаюцца мне адвечным хараством вясны. А натхненне? Яно паўсюль і заўсёды! Натхняюся дзівоснымі вясёлкамі над ракою Раста, няспешнымі прагулкамі па блізкіх ваколіцах Гарбавіч, дзе і касулькі пужлівыя часта каля мяне бегаюць... Натхняюся і ўсмешкамі добрых людзей. А яшчэ некалькі гадоў назад завялі з мужам традыцыю велікодных падарожжаў па Беларусі. На два-тры дні едзем паглядзець цікавыя, нязведаныя мясціны роднай зямлі. У замежжы добра (наведалі ўжо дванаццаць краін), але сваё — бліжэй да душы і тым даражэй!
— У Беларусі дастаткова шмат выдавецтваў, але вашы кнігі выходзяць менавіта ў нашым...
— Мне сапраўды пашчасціла — сем гадоў Выдавецкі дом «Звязда» выбірае маю кнігакампанію, удзячная за тое бязмежна! Атрымаліся яркія, цікава аформленыя выданні для дзетак, над большасцю з якіх працавала выдатная мастачка Святлана Стахоўская.
— На вашым рахунку каля двух дзясяткаў кніг. Па некалькіх творах былі пастаўлены імерсіўныя спектаклі ў Магілёве. Вы адна з паспяховых беларускіх пісьменніц, якую любяць і дарослыя, і дзеці. Цікава, у чым вы асабіста бачыце сакрэт поспеху?
— Сакрэту асаблівага няма. Але ў «свайго» рэдактара я веру. Узгадаю Дж. Роулінг, стваральніцу звышпапулярнага «Гары Потэра», якая абышла шмат выдавецтваў, пакуль у яе не паверыў той самы, прадвызначаны лёсам, рэдактар. Трэба, каб супалі час, прадбачлівы і чуйны рэдактар, а таксама арыгінальнасць мастацкай задумкі. І яшчэ адна ўмова: трымаць градус чытацкай любові. Адзін рукапіс я шлю, другі — у руках трымаю, трэці — дапрацоўваю, а чацвёрты — у думках спее.
— Дайце, калі ласка, канкрэтныя парады творцам, хто толькі пачынае пісаць ці піша ў стол і баіцца паказваць свае пробы пяра...
— Насамрэч, у кожнага аўтара свой адметны шлях у літаратуры. Хтосьці піша шмат, апантана, настойліва — і... крыўдная непапулярнасць. Я ў стол ніколі не пісала і не стала б гэтага рабіць. Калі ўжо маеш, што сказаць свету — кажы ўпэўнена. Інакш навошта? Нават пачуўшы першы едкі і крытычны водгук, не трэба адразу складваць крылы, лепей паразважаць і павучыцца ў класікаў. І спрабаваць зноў і зноў. Мне як пачаткоўцу (у трыццаць гадоў — першая публікацыя) было цікава пачуць любы водгук. Дзякуй Богу, ён аказаўся станоўчым. Валянцін Іванавіч Крыжэвіч — рэдактар Чавускай раённай газеты «Іскра», падтрымаў мяне першым. І зрабіў гэта найвыдатнейшым спосабам, падабраўшы самыя патрэбныя словы. Пасля размовы з ім акругліліся вочы, запалала сэрца і засвярбелі амбіцыёзныя думкі ў галаве. Зараз бачу — ён змог разгледзець ува мне тое, што я сама ў той час не бачыла і не ўсведамляла. Нізкі паклон і яму, і ўсім тым, хто ў мяне верыў.
Ірына ПРЫМАК
Фота з асабістага архіва Жанны МІУС