З 8 па 12 снежня Дзяржаўтаінспекцыя правядзе па ўсёй краіне прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне бяспекі перавозак пасажыраў маршрутнымі мікрааўтобусамі. Пра гэта БелТА паведамілі ў галоўным упраўленні ДАІ МУС.
Асноўная мэта мерапрыемстваў — прадухіленне здарэнняў з удзелам маршрутак, якія курсуюць у рэгулярных міжгародніх і прыгарадных зносінах, а таксама прафілактыка правапарушэнняў, якія ўчыняюцца кіроўцамі і службовымі асобамі перавозчыкаў.
Нарады ДПС нададуць павышаную ўвагу выпадкам эксплуатацыі няспраўнага транспарту, наяўнасці і стану зімовых шын, выяўленню парушэнняў правілаў манеўравання і абгону, перавышэнню хуткасці, праезду на забараняльны сігнал святлафора. Таксама на асаблівым кантролі супрацоўнікаў ДАІ — выкарыстанне рамянёў бяспекі і перавозка пасажыраў у адпаведнасці з колькасцю пасадачных месцаў.
Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуць кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання, якія парушылі ўстаноўлены парадак выпуску вадзіцеляў або адправілі на маршрут тэхнічна няспраўны транспарт.