Дзень нараджэння беларускай ДАІ — 3 ліпеня. Аднак традыцыйна ў гэты дзень яна, як і ўся міліцыя, несла службу ва ўзмоцненым рэжыме — у краіне адзначалася галоўнае дзяржаўнае свята.
Таму Дзяржаўтаінспекцыя МУС Рэспублікі Беларусь святкавала свой 90-гадовы юбілей крыху пазней — 7 ліпеня.
Афіцыйная частка ўключала цырымонію ўзнагароджання найлепшых супрацоўнікаў і ветэранаў ДАІ ў Палацы Рэспублікі. Акрамя таго, яе тэрытарыяльныя падраздзяленні атрымалі сертыфікаты на новыя службовыя аўтамабілі. Была арганізавана выстаўка дзіцячых работ творчага конкурсу «Выконваем законы дарог».
Міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ падкрэсліў, што Дзяржаўтаінспекцыя — гэта сапраўды асаблівая служба, якая забяспечвае дарожную бяспеку ў любое надвор’е, у любы час сутак.

— Нядаўна ў сацсетках завірусілася відэа, дзе супрацоўнік ДАІ ў праліўны дождж, у халоднае надвор’е, калі быў вялікі паток машын, знаходзіўся на пасту і забяспечваў рэгуляванне дарожнага руху.
Ён таксама дадаў, што інспектары ДАІ, як і іншыя супрацоўнікі міліцыі, гатовы забяспечыць бяспеку грамадзян нават цаной уласнага жыцця. Датычыцца гэта і сітуацыі на дарогах. Дваццаць гадоў таму ў выніку ДТЗ у краіне гінула каля 1,7 тысячы чалавек. Сёння смяротная статыстыка скарацілася амаль у чатыры разы, пры гэтым колькасць транспарту павялічылася на 1,5 мільёна адзінак.


— Гэта сведчыць аб тым, што мы робім усё, каб людзі заставаліся жывымі і здаровымі. І для гэтага ёсць усё неабходнае, у тым ліку тэхнічныя сродкі. Ёсць заканадаўства, якое працуе. Гэта адзначаюць усе, хто прыязджае ў Беларусь, — падкрэсліў міністр.
На мерапрыемстве прысутнічалі кіраўнікі дзяржаўных органаў улады, ганаровыя госці, ветэраны службы. Нам удалося пагутарыць з генералам-маёрам міліцыі ў запасе Леанідам ФАРМАГЕЕМ.

— На працягу больш чым 30 гадоў службы ў міліцыі 20 з іх мне пашчасціла служыць у ДАІ.
Я прайшоў шлях ад інспектара да начальніка Дзяржаўтаінспекцыі Беларусі. З вышыні пражытых гадоў пачынаеш разумець, што менавіта гэта служба загартавала і дала пуцёўку ў жыццё.

А сённяшняя пераемнасць пакаленняў паказвае: тое, што рабілася намі, ветэранамі, рабілася правільна. Самы галоўны вынік — высокапрафесійныя інтэлектуальныя супрацоўнікі ДАІ, — адзначыў Леанід Фармагей.


Кульмінацыяй урачыстых мерапрыемстваў стала гарадское свята на Кастрычніцкай плошчы. Тут разгарнулася грандыёзнае тэатралізаванае прадстаўленне «90 гадоў — скрозь час і кіламетры!», у якім знайшлі адлюстраванне ўсе этапы развіцця айчыннай ДАІ: стварэнне падраздзялення ў 1936 годзе, гады Вялікай Айчыннай вайны, перыяд незалежнай Беларусі. Таксама адбыліся паказальныя выступленні супрацоўнікаў спецпадраздзялення ДПС «Страла». Не абышлося і без святочнага феерверку.
Лізавета ГОЛАД, фота аўтара