Top.Mail.Ru
405

Дзячэнка: Усе нашы высокія дасягненні заснаваныя на тым, што мы захавалі мір і адзінства беларускага грамадства

Такім меркаваннем з карэспандэнтам zviazda.by падзяліўся дэлегат VII УНС, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Алег Дзячэнка. 


— Літаральна праз некалькі гадзін у Мінску пачне сваю работу другое пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу. Сёння на парадку дня — зварот Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандра Лукашэнкі з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Гэта вельмі сур’ёзны праграмны дакумент, які вызначае асноўныя палітычныя і эканамічныя мэты развіцця грамадства і дзяржавы на бліжэйшую перспектыву.

У гэтай сувязі патрабуе асэнсавання і годнай ацэнкі шлях развіцця нашай краіны, пройдзены пасля першага пасяджэння VII УНС.

24 красавіка мінулага года Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь і задачах па захаванні міру і адзінства беларускага грамадства» была дадзена дэталёвая характарыстыка міжнароднай абстаноўкі ў блізкім і далёкім замежжы, вызначаны стратэгічныя нацыянальныя інтарэсы Беларусі і пазначаныя канкрэтныя знешнія і ўнутраныя пагрозы і механізмы іх ліквідацыі.

Факт застаецца фактам: за мінулы перыяд часу, а гэта крыху больш за паўтара года, навакольны свет не стаў больш дэмакратычным, справядлівым і стабільным. Наадварот, па лініі Поўнач-Поўдзень і Захад-Усход адбываецца мілітарызацыя эканомік і ўсіх сфер грамадска-палітычнага жыцця. Заходнія краіны па-ранейшаму рэалізуюць палітыку татальнага проціборства і ваеннай канфрантацыі. Нагнятаецца міжнародная напружанасць, павялічваюцца ваенныя асігнаванні, растуць драпежніцкія апетыты і глабальныя прэтэнзіі транснацыянальных кампаній і палітычных эліт, што выказваюць іх інтарэсы; адбываецца ўмяшанне вялікіх дзяржаў ва ўнутраныя справы іншых суверэнных дзяржаў, па абодва бакі Атлантыкі разгарнулася чарговая гонка ўзбраенняў, што непазбежна штурхае чалавецтва на грань новай сусветнай вайны.

Ва ўмовах глабальнага крызісу міжнароднай бяспекі і знешняга палітыка-эканамічнага ціску на нашу краіну беларускім народам пад кіраўніцтвам свайго Прэзідэнта рэалізуецца міралюбная палітыка, накіраваная на ўмацаванне суверэнітэту і незалежнасці, захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі.

З часу першага пасяджэння VII УНС вырашаны найважнейшыя жыццёвыя задачы. Калі канкрэтна, то мы не дапусцілі катастрафічнага сацыяльнага расслаення насельніцтва па даходах, захавалі паўнавартасны сярэдні клас, у поўнай меры забяспечылі харчовую бяспеку і значна прасунуліся ва ўмацаванні энергетычнай незалежнасці. Штогод нарошчваем будаўніцтва жылых і сацыяльных аб’ектаў, будаўніцтва і рамонт дарог і пуцеправодаў.

Высокія дасягненні ў нас і ў машынабудаванні, электраэнергетыцы і металаапрацоўцы, у хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці, а таксама ў лясной і дрэваапрацоўчай, лёгкай і харчовай прамысловасці.

Мы беражліва захоўваем гістарычную памяць, забяспечваем пераемнасць духоўна-маральных традыцый, абараняем палітычны, электаральны і інфармацыйны суверэнітэт. Урачыста і на самым высокім узроўні адзначылі 80-годдзе вызвалення Беларусі і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Узмацнілі таксама ваенную бяспеку дзяржавы, умацавалі міжнародныя сувязі з дружалюбнымі краінамі глабальнага Поўдня, вынікова развіваем супрацоўніцтва ў ЕАЭС, ШАС і БРІКС, граматна фарміруем міжпарламенцкае вымярэнне.

Але ўсе нашы высокія дасягненні заснаваныя на тым, што мы захавалі мір і адзінства беларускага грамадства. І гэта — наш ключ да ўсіх новых пастаўленых задач, якія нам трэба будзе вырашыць у 2026—2030 гадах пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю