Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнера Віктара Ганчарэнкі атрымалі перамогу над камандай Арменіі ў гасцявым спарынгу з лікам 2:1.
Сустрэчу ў Ерэване госці пачалі на мажорнай ноце, адкрыўшы лік на 8-й хвіліне. Валерый Грамыка падаў вуглавы, і капітан беларускай каманды Яўген Яблонскі адправіў мяч у вароты Генры Авагяна. Апынуўшыся ў ролі даганяючых, гаспадары пайшлі наперад вялікімі сіламі, прымусіўшы беларусаў абараняцца. У другой палове гульні армяне працягвалі валодаць ініцыятывай, госці спакойна абараняліся і праводзілі вострыя контратакі. Адна з іх завяршылася другім голам — на 72-й хвіліне вызначыўся Герман Баркоўскі, які выйшаў на замену. Незадоўга да заканчэння сустрэчы арбітр прызначыў пенальці ў вароты беларусаў, які гаспадары і рэалізавалі.
У мінулы чацвер зборная Беларусі ў першым паядынку пад кіраўніцтвам новага трэнера Віктара Ганчарэнкі абыграла ў Нікасіі каманду Кіпра з лікам 1:0.
Увосень беларускія футбалісты стартуюць у Лізе нацый УЕФА. У групе С1 іх сапернікамі будуць зборныя Фінляндыі, Сан-Марына і Албаніі.