Сённяшняе пасяджэнне калегіі Міністэрства інфармацыі, якое прайшло пад старшынствам міністра інфармацыі Дзмітрыя Жука, стала па-сапраўднаму рэзанансным, пазначыўшы выразны курс на інавацыі і адаптацыю да зменлівых рэалій медыяпрасторы.
Галоўным лейтматывам сталі словы міністра: «Мы - Міністэрства інфармацыі, а не міністэрства газет, часопісаў і тэлевізараў. Лічба выходзіць на першыя пазіцыі!». Дзмітрый Жук заклікаў да лічбавай трансфармацыі, захавання ўнікальных выданняў і ўзмацнення кантролю за якасцю рэгіянальнага вяшчання, у сваёй прамове свабодна пераходзячы з рускай на беларускую мову — і гэта невыпадкова.
Перад прадстаўнікамі кнігавыдавецкай галіны міністр інфармацыі паставіў амбіцыйную задачу: «Шукаць новыя напрамкі і новыя магчымасці». Асаблівую трывогу ў кіраўніка ведамства выклікаюць лёсы літаратурных часопісаў: «Вельмі не хочацца страціць часопісы „Маладосць“ і „Полымя“, каб яны сталі толькі гісторыяй Беларусі». Дзмітрый Жук падкрэсліў, што «простыя выпрабаваныя метады ўжо не будуць працаваць. Трэба падыходзіць нестандартна, жыццё памянялася», гэта прамая адмена старой мадэлі «выпусцілі кнігу/часопіс — і добра». Выдаўцам сігналяць: перастаньце спадзявацца на звыклыя схемы распаўсюджвання і чытацкія звычкі мінулага. Міністр выказаў упэўненасць у плённым супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі для пошуку новых рашэнняў, паколькі «сістэма спажывання памянялася. У многіх маладых людзей няма тэлевізара дома, у іх усё жыццё ў гаджэтах, у руках. Значыць, і падыходы павінны быць іншымі».
Важнай тэмай пасяджэння калегіі стаў змест рэгіянальнага вяшчання. Міністр быў катэгарычны: «Скарачэнне ўласнага кантэнту і вытворчасці недапушчальна. Гэта пытанне будзе ўзятае пад асаблівы кантроль».
Для ўзмацнення анлайн-прысутнасці прынята рашэнне арганізаваць у другім паўгоддзі 2026 года семінары-практыкумы. Гэтыя мерапрыемствы, заснаваныя на дэталёвым аналізе карпаратыўных сайтаў, акаўнтаў у сацыяльных сетках, месенджарах і на відэахостынгах, будуць накіраваныя на паляпшэнне работы рэгіянальных тэле- і радыёвяшчальных СМІ ў глабальнай сетцы Інтэрнэт.
У рамках пасяджэння таксама былі разгледжаны перспектывы развіцця УП «Выдавецтва «Мастацкая літаратура» па выніках справаздачы дырэктара, змены ў плане выпуску сацыяльна значных выданняў на 2026 год і ключавыя пытанні ліцэнзавання паліграфічнай дзейнасці.Па кожным пункце парадку дня былі прыняты рашэнні, арыентаваныя на далейшае развіццё і мадэрнізацыю інфармацыйнай прасторы краіны.